Паводле заявы ГУУС Менгарвыканкаму, ператрусы ў менскіх офісах тэлеканалу «Белсат» адбываюцца ў выніку заявы ад праваўладальніка гандлёвай маркі «BELSAT».
«У выніку праведзеных праверачных захадаў супрацоўнікамі міліцыі выяўленае кола асобаў, якія выкарыстоўваюць названы таварны знак у парушэньне артыкулу 9.21 КаАП Рэспублікі Беларусь (парушэньне аўтарскага права, сумежных правоў і права прамысловай уласнасьці). Для правядзеньня неабходных працэсуальных дзеяньняў на месцах іх знаходжаньня праведзеная канфіскацыя аўдыё- і відэатэхнікі, кампутарнага абсталяваньня», — гаворыцца ў паведамленьні ГУУС.
Вярхоўны Суд Беларусі забараніў назву тэлеканалу «Белсат» у 2014 годзе — Telewizja Polska прайграла суд уладальніку беларускай фірмы «БЕЛСАТплюс» Андрэю Белякову, які зарэгістраваў адпаведны гандлёвы знак у 2001 годзе, хоць спачатку калегія Вярхоўнага суду адхіляла заяву Белякова.
Кампанію Telewizja Polska S.A. абавязалі спыніць выкарыстаньне гандлёвага знаку «Белсат» пры трансьляцыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і адмовіцца ад яго выкарыстаньня на інтэрнэт-сайце тэлеканалу, які таксама даступны на тэрыторыі Беларусі.