«Беларусы, баронячы сёньня Ўкраіну, бароняць і Беларусь», — гаворыцца ў адказе Тактычнай групы «Беларусь» на заяву кіраўніка МУС РБ Ігара Шуневіча.
Тактычная група «Беларусь» аб’ядноўвае беларускіх добраахвотнікаў, якія ўдзельнічаюць у вайсковых дзеяньнях ва Ўкраіне на баку афіцыйных уладаў.
«Ад імя беларусаў, якія ваююць на баку ўкраінскага народу, заяўляем: беларусы, баронячы сёньня Ўкраіну, бароняць і Беларусь. Маем супольнага ворага — імпэрскую Маскву. Перамога Ўкраіны — гэта надзея для Беларусі, што заўтра пуцінскі рэжым ня прыйдзе з вайной у наш дом. Заклікаем улады Беларусі спыніць хлусьлівую прапаганду з Масквы, пад уплывам якой вярбуюць грамадзян Беларусі ў шэрагі незаконных вайсковых фармаваньняў сэпаратыстаў. Усе, хто ваюе на баку сэпаратыстаў, павінны быць прыцягнутыя да адказнасьці».
19 лістапада міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч паведаміў журналістам, што праваахоўныя органы сабралі матэрыялы на беларускіх грамадзян, якія бяруць удзел у баявых дзеяньнях на Данбасе. Збор зьвестак тычыцца беларусаў, якія ваююць як на баку самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР», так і на баку Ўкраіны. Па словах міністра, гэта тычыцца дзясяткаў грамадзян, якія могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці, у тым ліку за наёмніцтва.