«Я — вершніца! А ты?!» — дзяўчаты абараняюць ад мастака Ўладзімера Крукоўскага вобраз вершніцы. Допісы з выявай дзяўчыны-Пагоні зьяўляюцца ў сацыяльных сетках.
Так адрэагавала сеціва на заяву мастака Ўладзімера Крукоўскага. Як адзін з аўтараў выявы дзяржаўнага герба «Пагоня» ён зьбіраецца падаваць у суд.
Мастак назваў «шабашам» тое, што паэт Алесь Плотка выкарыстаў на вокладцы сваёй кнігі «Байсан» ягоны малюнак, «ператварыўшы яго ў вершніцу, пасадзіў дзеўку на каня».
Дыскусія з нагоды заявы Ўладзімера Крукоўскага не сьціхае ўжо нелькі дзён.
Юрыст Дар’я Каткоўская кажа, што пераствараць нацыянальныя сымбалі «абсалютна нармальна»:
«Тое, што людзі перарабляюць нацыянальныя сымбалі, сьведчыць якраз, што яны пра іх памятаюць, што гэта для іх важна. І іронія, і самаіронія, і выкарыстаньне гэтага такім чынам, каб зьявіўся новы твор мастацтва. Я бачыла шмат інтэрпрэтацый у інтэрнэце, і зь іх ніводнай ганебнай.
А вось для мяне ганебна, калі мужчына кажа, што жанчына ў выглядзе „Пагоні“ для яго ганебна. Вось гэта сапраўды ганебна, калі чалавек успрымае абразьлівым жаночы вобраз у нацыянальным сымбалі».
Такую ж думку падзяляе і грамадзкая актывістка Дар’я Слабчанка.
«Вобраз вершніцы даўно прыходзіў у галаву, і, мяркую, ня мне адной. Таму дзякуй, што нарэшце нехта ўзяў і зрабіў. Бо „Пагоня“ прыватна для мяне — гэта рух, гэта дзеяньне, гэта жаданьне і магчымасць бараніць сваё».
Паводле Дар’і, на словы спадара Крукоўскага мусяць абразіцца ўсе дзяўчаты, бо менавіта ў дзяўчыне на кані мастак пабачыў абразу:
Крукоўскі ня толькі пакрыўдзіў тых беларусак, што выходзяць на акцыі, сядзяць на сутках ці гадуюць сваіх дзетак па-беларуску
«А колькі ў гісторыі нашай імёнаў моцных, прыгожых, адданых сваім прынцыпам і зямлі жанчын? І Еўфрасіння, і Рагнеда, і Эмілія Плятэр (апошняй ёсьць шмат выяваў менавіта на кані). Сваімі прэтэнзіямі спадар Крукоўскі ня толькі пакрыўдзіў тых беларусак, што выходзяць на акцыі, сядзяць на сутках ці гадуюць сваіх дзетак па-беларуску. Ён справакаваў хвалю „на зло маці адмарожу вушы“ альбо эфэкт Стрэйзанд. Таму і пачалі зьяўляцца „Пагоні“, на якія сапраўды можна абразіцца. Але культуру і павагу не прышчапіць забаронамі і пагрозамі».
«Я не разумею, у чым праблема, — кажа ўкраінская грамадзкая актывістка і валянтэрка Вольга Гальчанка. — Гэта выдатны сучасны баявы вобраз». Дзяўчына таксама зьмясьціла выяву вершніцы ў сябе на старонцы ў «Фэйсбуку». «У нас за час вайны і рэвалюцыі шмат клясычных вобразаў перарабілі, — працягвае Вольга. — І Шаўчэнка з шынамі, і Леся Ўкраінка ў балаклаве. Гэта нармальны працэс, творчы».
Пісьменьніца і журналістка Сьвятлана Курс да вобразу вершніцы ставіцца «толькі прыхільна»:
«Нашая культурная традыцыя ўгрунтаваная на хрысьціянстве зь яго мізагініяй, дзе жанчына — сасуд зла і нечысьціні. Таму ў вачох чалавека-традыцыяналіста жанчына апаганьвае сабой сьвятыя сымбалі. Сучаснае хрысьціянства разьвіваецца і ачышчаецца ад старых забабонаў, у адрозьненьне ад паасобных людзей, — лічыць Сьвятлана. — Чым больш будзе гульняў і пераасэнсаваньняў нашых нацыянальных сымбаляў, тым глыбей яны ўвойдуць у тканку нашага жыцьця, у культуру, у сьведамасьць. Я гэта толькі вітаю».
А Юлія Калодкіна, дзяўчына, якая зьнялася ў майцы зь вершніцай для рэклямы прадуктаў symbal.by, называе выяву «маленькай культурнай рэвалюцыяй»:
«Для мяне гэта наадварот крута! У беларускай супольнасьці нейкі патрыярхат, і як дзяўчына з фэміністычнымі поглядамі я гэта адчуваю. Дзяўчына-Пагоня — гэта маленькая культурная рэвалюцыя. Мне гэта падабаецца, і я падтрымліваю гэтую ідэю!»
Як заяўляе Ўладзімер Крукоўскі, інтэрпрэтацыі Пагоні зьяўляюцца «дэсакралізацыяй нацыянальнага сымбаля». Судовы пазоў мастак зьбіраецца падаць супраць цэлага шэрагу асобаў і ўстановаў. Сярод іх паэт Алесь Плотка, гандляр кнігамі Алесь Мазанік, Аляксей Кульбіцкі, арт-студыя Pras, «Арт-сядзіба», крама symbal.by, рэдакцыя Радыё Свабода і іншыя.