Тэхналёгія даволі простая, распавёў Свабодзе Зьміцер: альбо на шкло набіваецца адмысловы малюнак, альбо вырабляецца налепка і клеіцца на шкло. Майстар прапануе сваім кліентам розныя варыянты аздабленьня, малюнкі. Канчатковы варыянт выбірае пакупнік, зь ім узгадняецца эскіз.
На пытаньне Радыё Свабода, як Зьміцер Дашкевіч ставіцца да прэтэнзіяў, якія выставіў адзін з аўтараў эталёну «Пагоні», мастак Уладзімер Крукоўскі, да аўтараў так званай «Вершніцы», ён адказаў так:
«Асабіста я ня бачу ніякай праблемы ў „Пагоні“ зь вершніцай. Наадварот, гэта добра, калі нацыянальныя сымбалі, якія дзесяцігодзьдзямі знаходзіліся і знаходзяцца пад забаронай, перасьледам, цяпер набываюць такую папулярнасьць, людзі імкнуцца іх выкарыстоўваць. Наадварот, гэта натхняе. Вельмі шкада, што некаторыя ставяцца да сымбаляў як да нечага сакральнага, як да сьвяшчэннай каровы, якой трэба пакланяцца і якая павінна быць толькі вывераных памераў, прапорцыяў, адпавядаць зацьверджаным эталёнам, кожнай рысачцы і дэтальцы».