На памежжы Віцебшчыны і Смаленшчыны дзейнічае аўтапераход Завольша-Рудня. Зь беларускага боку выбарачную праверку транспарту на дарозе Р21 ажыцьцяўляе так званая «мабільная брыгада». Чэргаў на дагляд няма, але расейскія кіроўцы незадаволеныя тым, што Беларусь распачала мытны кантроль у аднабаковым парадку.
Паводле БЕЛТА, ва ўсіх памежных раёнах Віцебскай вобласьці арганізавана кругласуткавае функцыянаваньне мабільных групаў для барацьбы зь незаконным перамяшчэньнем грузаў. Прычым, у абодва бакі — як у расейскі, так і ў беларускі.
Лёзьненскі раён Віцебскай вобласьці — памежны. А праца мабільнай групы, у склад якой уваходзяць памежнікі, мытнікі і работнікі падатковай службы, збоку выглядае так: на ўезьдзе ў Беларусь з расейскага боку стаіць адмысловая машына-легкавік. Каля яе — людзі ў форме, якія правяраюць транзытны транспарт.
Спыняюць машыны выбарачна. Складанасьцяў зь перасячэньнем мяжы няма. Прынамсі, тут ні разу не было вялікіх чэргаў, кажа спадарыня, якая займаецца страхаваньнем расейскіх аўтамабіляў на памежжы:
«Там транспартнікі правяраюць, санітарны ўрач, яшчэ нехта. Хто што глядзіць: хто — каб гародніну не вазілі, хто — дакумэнты правярае. Але ні разу ня бачыла, каб была чарга ці нешта такое. Нават ня чула ні разу! Але магу сказаць, што беларусы цяпер у Расею едуць куды часьцей, чым раней!»
Гэтая акалічнасьць, падобна, і абурае расейскіх кіроўцаў: маўляў, з нашага боку няма ніякіх перашкодаў, а Беларусь узяла ды ўвяла мытны кантроль. Кіроўца Сяргей дзеліцца ўласнымі назіраньнямі, назапашанымі падчас працы ва ўмовах дзеяньня эмбарга:
«Тут у нас з Прыбалтыкі машыны йдуць, калінінградзкія, і палякаў шмат. Але палякам цяпер „лавачку прыкрылі“. А цяпер во беларусы закрылі мяжу — мытню паставілі. З вашым „Лукашом“ трэба ўвогуле разабрацца! Нам „вэта“ наклалі на многія эўрапейскія тавары, а ён за мяжой купляе, этыкеткі пераклейвае, і вашы заводы некаторыя ў некалькі разоў выручку павялічылі за кошт гандлю з Расеяй! Па дзяшоўцы скупляюць — тое ж малако, што ў Прыбалтыцы на вуліцу выліваюць. А ў вас скупляюць, этыкеткі сваіх заводаў пераклейваюць...»
Спадар Сяргей кажа, што пра такія схемы ўвозу тавараў і прадуктаў з Эўразьвязу даведаўся з Інтэрнэту. Але па тэлевізары сочыць за выступамі Аляксандра Лукашэнкі. Мяркуе, што яны сталі дужа радыкальнымі пасьля таго, як Расея ўвяла забарону на ўвоз зь Беларусі няякасных харчоў:
«Як сказалі, што не адпавядаюць стандартам, дык ён зусім расьперазаўся — я сам бачыў па тэлевізары. Крычаў, што Расея — агрэсар, што заваявала Крым, што на Ўкраіне вайна, і што Расею трэба ўвогуле зьнішчыць. Дык мы яму сказалі: сьціхні, а то не дамо таннага газу, дык цябе свае ж разарвуць! Прыгразілі, што ўвогуле спынім стасункі зь Беларусьсю. Дык цяпер беларусы пачалі свае ж фуры „трэсьці“, каб усё адпавядала санітарным нормам. А то, мы сказалі, выкінем Беларусь з Мытнага зьвязу, калі такое будзе працягвацца! Дык Лукашэнка мытню ўвёў, і сваіх жа правярае, каб усе дакумэнты былі ў парадку!»
Паводле інфармацыі зь дзяржаўных СМІ, мытнікі на памежжы ўжо прадухілілі незаконныя пастаўкі гародніны і садавіны ў Расею. Харчы перавозіліся або без дакумэнтаў, або зь несапраўднымі дакумэнтамі. У расейскіх фурах шукаюць тое, што заўжды лічылася кантрабандай, — перадусім нізкаякасны алькаголь.
Жыхароў Расеі трохі дзівіць такая сытуацыя — што ўвоз незаконных грузаў на тэрыторыю іхняй краіны кантралюе не расейскі, а беларускі бок. Але яны тлумачаць гэта палітычнымі фактарамі: імкненьнем беларускага кіраўніцтва лішні раз прадэманстраваць сваю ўладу і беспакаранасьць.
На магістралі М1 у раёне беларуска-расейскай мяжы супрацоўнікі ДПС выбарачна спыняюць як грузавыя, так і легкавыя аўтамабілі.
Тут ёсьць мабільны мытны пункт з АМАПам і памежнымі службамі, якія праводзяць надгляд. Праверка праходзіць хутка. Яна можа абмежавацца пытаньнем «што везяце?», але могуць папрасіць і адчыніць багажнік, і праверыць дакумэнты.
Your browser doesn’t support HTML5
Чэргаў няма. Кіроўцы, зь якімі ўдалося пагаварыць, успрымаюць надгляд як належнае, хоць і кажуць, што сытуацыя незвычайная.
Мытнікі, аднак, пярэчаць: сытуацыя звычайная. Іншых камэнтароў не даюць.
Супрацоўнікі страхавых кампаній расказваюць, што пару дзён насамрэч тут былі вялікія чэргі.
Тым часам Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі абверг інфармацыю пра аднаўленьне мытнага кантролю на мяжы з Расеяй, паведамляе БЕЛТА.