Хто распаўсюджвае на вуліцах беларускіх гарадоў расейскую атрыбутыку? Чаму ў апошні час у крамах зьяўляецца ўсё больш тавараў, аздобленых выявамі расейскага трыкалёра і імпэрскага двухгаловага арла?
Дзяржаўныя сьцяжкі РФ ад глуханямых добразычліўцаў — ужо звыклая зьява на беларускіх вуліцах, прычым міліцыя на несанкцыянаваны распаўсюд замежнай атрыбутыкі глядзяць скрозь пальцы. Нямала дзідаў зламана аб аналягічную сымболіку ў салёнах грамадзкага транспарту і прыватных аўто — дарэчы, на тле апошніх падзеяў да расейскіх сьцяжкоў і георгіеўскіх стужак дадаліся знакі няіснай Наваросіі.
Аршанскі актывіст «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Яўген Анішчанка асабіста лавіў за руку распаўсюднікаў расейскай атрыбутыкі, хоць міліцыя ўсяляк адхрышчвалася ад таго, каб распачаць па гэтых фактах адміністрацыйныя справы. Адно толькі гэта, на думку суразмоўцы, сьведчыць пра агульную нясьпеласьць беларускага грамадзтва, якое гатовае маўкліва глытаць усё, што падкідае Расея:
«У Расеі досыць шмат арганізацыяў „патрыятычнай“ скіраванасьці, кшталту саюзу казакоў ды іншых. Дык вось, думаю, што менавіта зь іх боку такая экспансія цэнтралізавана і адбываецца. Наколькі яна моцная? Прынамсі, як я бачу, гэтыя прарасейскія арганізацыі пакуль хай сабе невялікі, але ўплыў ужо робяць. У тым ліку дзякуючы распаўсюду ўласна сымболікі, увогуле постсавецкай ідэалёгіі, завязанай на Расею. І гэта дае плён. Я ўсё жыцьцё жыву ў Воршы, размаўляю зь людзьмі, і, як на маё адчуваньне, у працэнтаў 70 жыхароў гораду настроі прарасейскія. А на раёне гэты паказьнік будзе яшчэ большы. Людзі рэгулярна глядзяць расейскія тэлеканалы (у нас тут іншыя не каціруюцца), і вось гэтая прапаганда дае адпаведны ўплыў на грамадзтва. І калі раптам тут зьявяцца сьцягі перадавых расейскіх атрадаў, ніхто супраць іх ня выйдзе. Гэта, на жаль, рэальнасьць».
Ня толькі ў прырасейскім памежжы, але і ў іншых рэгіёнах знаходзіць свайго пакупніка спэцыфічная прадукцыя з выявамі «зьбіральніка рускіх земляў» Пуціна, трыкалёра і двухгаловага арла, на рынках шырока прадстаўлена ўніформа расейскага спэцназу ў стылі «мілітары».
На паліцах крамаў можна бачыць тэрмасы, кубкі, фляжкі з патрыятычнымі слоганамі кшталту «спасибо деду за победу», аналягічная тэматычная прадукцыя папулярная ў вытворцаў алькагольнай прадукцыі — флягманам тут Берасьцейскі лікёра-гарэлачны завод, які распрацаваў эксклюзіўную ваенную сэрыю і разьлівае гарэлку ў чырваназоркавыя «аўтаматы», «бэтээры», «зьнішчальнікі», «верталёты» і г.д.
Сфэра прапагандысцкай прысутнасьці толькі шырыцца. У вагонах сталічнага мэтрапалітэну актыўна рэклямуецца прадукцыя расейскай фабрыкі «Звезда». Лэйбл на ангельскі манер («Zvezda») у выглядзе зоркі зь пераходам у расейскі сьцяг кідаецца ў вочы здалёк, асартымэнт — зборныя мадэлі вайсковай тэхнікі часоў СССР і сучаснай Расеі. За ня самыя вялікія грошы можна сабраць багатую калекцыю праяваў імпэрскай магутнасьці: ад баявых танкаў і стратэгічных бамбавозаў да фігурак байцоў спэцназу і спадарожных аксэсуараў.
Пэўнай ідэалягічнай скіраванасьцю вызначаюцца многія тавары ў міні-маркетах пры аўтазалівачных станцыях. На паліцы — гумовыя дыванкі, якія ўмацоўваюцца на пярэдняй панэлі і куды можна складаць усялякую драбязу. Прапануюцца ў варыянтах «рэтра» і «сучаснасьць»: у выглядзе мапы СССР і ў абрысах цяперашняй Расейскай Фэдэрацыі (адметна, што вырабнік пазначаны як беларускі).
Дэмакратычны актывіст Яўген Анішчанка з жалем канстатуе: беларусы ў сваёй масе за апошнія чвэрць стагодзьдзя нават напалову не дарасьлі да разуменьня нацыянальнай ідэі, што з гонарам дэманструюць суседзі-ўкраінцы, а яшчэ раней засьведчылі палякі ды жыхары краін Балтыі:
«Не, нават і блізка гэтага няма. Няма нацыі. Ва Ўкраіне нацыя зарадзілася, яна ёсьць, а ў нас у галовах усё засталося старое, саўковае. Таму пэрспэктывы наконт гэтага вельмі дрэнныя. Прычым гэта пачынаецца, як кажуць, з галавы. Месяцы тры таму прыяжджала да нас у горад замежная дэлегацыя, зь ёй працавалі мае знаёмыя перакладчыкі. Сярод іншага была сустрэча ў так званага „мэра“. Дык вось гэты „мэр“, дзяржаўны чалавек, у адной з паўзаў у кулюарах гасьцям кажа: а што вы, натаўцы, да нас так нахабна лезеце? Вось і рабіце выснову: у мазгах чыноўніка, ягоных падначаленых сядзіць перакананьне, што НАТО нам пагражае, Беларусь ад яго бароніцца, бо мы за Расею. Прыблізна такі пасыл быў. Вось якімі думкамі і катэгорыямі мысьленьня жыве цяпер горад».