На кірмашах Віцебшчы за 150 тысяч рублёў можна набыць майку з партрэтам Пуціна. Ды яшчэ з надпісам «Самы ветлівы прэзыдэнт» ці іншым на выбар.
Адкуль завозяць такія майкі ў Беларусь, і ці карыстаюцца яны попытам? А калі карыстаюцца, то хто іх набывае?
У віцебскім гандлёвым цэнтры «Эвіком» здаўна ёсьць аддзел, дзе гандлююць майкамі з выявамі рок-гуртоў ды праставатымі досьціпамі накшталт «Аддамся ў добрыя рукі» або «Сапраўдны мужчына на дарозе не валяецца, а валяецца на канапе». Цяпер побач вісіць майка з партрэтам Уладзімера Пуціна ў ваеннай амуніцыі, і подпісам «Самы ветлівы прэзыдэнт».
Ахвотных набыць не назіраецца, і гандлярка распавядае пра свой тавар, задаволеная, што хоць нехта зацікавіўся:
«Самы ветлівы прэзыдэнт», «Містэр прэзыдэнт», «Самы ветлівы зь людзей», яшчэ вось з Пуціным — «Нас не дагоняць», Пуцін на мядзьведзі. У Расеі іх робяць, толькі ўчора завезьлі. 150 тысяч каштуе любая майка. Толькі ўчора завезьлі, раней іх не было. Але людзі пыталіся».
Як высьветлілася, патэнцыйныя пакупнікі пыталіся не канкрэтна пра выявы Пуціна, а каб было нешта «прыкольнае».
Гандлярка лічыць, што асартымэнт адпавядае попыту: прынамсі, кожны можа набыць «свайго Пуціна».
Ёсьць выявы Пуціна ў цёмных акулярах і ў камуфляжы, пры гальштуку і ў белай кашулі, у форме дзюдаіста з подпісам «Наш адказ на санкцыі» і, ўвогуле, з аголеным торсам, затое на мядзьведзі...
Хто захоча набыць такую майку? Пра гэта размаўляем зь Ірынай Яскевіч, лідаркай стваранага прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам». Спадарыня Ірына разважае:
«Колькі працую на «Эвікоме», столькі дзіўлюся надпісам на майках! Але каб ужо партрэты расейскага прэзыдэнта! Хто, цікава мне, можа апрануць такую майку, а галоўнае, куды? На нейкі прыём, каб засьведчыць сваю адданасьць Расеі? Дык у майках на прыёмы не ходзяць... Ці ў нас ствараюцца нейкія фармаваньні дзеля падтрымкі Пуціна? Або ў нас няма ніякіх іншых каштоўнасцяў у краіне? Я разумею, з культурай у нас даўно праблемы... Але я лічу, што і для Ўладзімера Пуціна гэта ня «плюс» — такія выявы. І ўвогуле, ці ў курсе ён, у якім выглядзе яго тут прадаюць — у сэнсе, якім яго малююць на вопратцы?»
Крыху іншы асартымэнт маек з выявамі Пуціна ў Полацку. Тамтэйшы журналіст Ігар Палынскі, зайшоўшы з жонкай у кнігарню на мясцовым аўтавакзале, сфатаграфаваў асартымэнт тавараў, у тым ліку маек з імпэрскім сьцягам. На думку спадара Палынскага, «у Полацку і ў Беларусі наагул ня месца для прадукцыі такога кшталту.
Гандлярка «Кніжнай лаўкі» ня бачыць нічога заганнага ў тым, каб гандляваць майкамі з выявай расейскага прэзыэнта, але фатаграфаваць не дазваляе — толькі паказвае і прапануе ацаніць добрую якасьць узбэцкай бавоўны:
«Глядзіце: 100% бавоўна, «мэйд ін Узбэкістан». З Пуціным — вось, напісана «Сапраўдны рыбак», глядзіце, які шыкоўны! У цёмных акулярах, сапраўдны «фээсбэшнік!» Купіце каму-небудзь у падарунак! А што, гэта ж добра — набыць, павесяліць каго-небудзь! На вуліцу не апране, дык дома зносіць. Гэта ж 100% бавоўна!»
Натоўпу прыхільнікаў Уладзімера Пуціна каля прылаўку не відаць. На бліжэйшым «Стралецкім» кірмашы, таксама няма ажыятажу каля адпаведнага аддзелу. Маек з партрэтамі расейскага прэзыдэнта тут няма, але ёсьць майкі іншай тэматыкі — для прыхільнікаў «рускага сьвету». «Сьвятая Русь», «Я расеец» і іншыя подпісы суправаджаюць адпаведныя карцінкі.
Гандлярка зноў агітуе набыць, і нават прапануе зрабіць замову па каталёгу: пару тыдняў, і ў Полацак завязуць з Масквы ўжытковы элемэнт «рускага сьвету»:
«У пачатку наступнага месяцу будзе завоз. Я паеду ў Маскву і выберу вам майку — які хочаце памер і якую хочаце карцінку. Ну, а чаго вось такую не надзець мужчыну? Вось — „Русь православная“, зь віцязем. У нас жа таксама Русь, я лічу — Белая Русь. Або вось напісана: „Самое лучшее предназначение — защищать своё Отечество“. Яны яркія, у моладзі попытам карыстаюцца...»
На майкі, пашытыя ва Ўзбэкістане, малюнкі наносяцца ў Маскве. Адтуль іх і завозяць у Беларусь.
Майкі з выявамі Ўладзімера Пуціна ды рознымі прарасейскімі надпісамі пачалі зьяўляцца тут сьледам за расейскімі дзяржаўнымі сьцяжкамі, якія прадаюць у кнігарнях або нават проста на вуліцы. Гандляры праблемы з асартымэнтам ня бачаць. Але ніводнага пакупніка, які хацеў бы набыць сабе майку з партрэтам расейскага прэзыдэнта, сустрэць не ўдалося.
У Расеі такія майкі — даўно ўжо ня дзіва. Прыкладам, інтэрнэт-крама vsemayki.ru гандлюе і майкамі, і іншай сувэнірнай прадукцыяй з выявамі Пуціна, лёзунгам «Я русский», абрэвіятурамі «СССР» і «КГБ».
Падобны беларускі сайт maika.by мае разьдзел «Сьвяточныя і патрыятычныя майкі». Там таксама ёсьць і «СССР», і «КДБ», але ёсьць і колькі беларускамоўных надпісаў. Выяваў Пуціна на майках няма, дарэчы, і Лукашэнкі таксама.