Свабода даведалася, пры якіх абставінах беларус Дзьмітры Паўлаў, якога Сьледчы камітэт абвінавачвае ў стварэньні міжнароднай экстрэмісцкай і нэанацысцкай арганізацыі Misanthropic Division, пакінуў Беларусь і дзе знаходзіцца цяпер.
Хаця ў справе Дзьмітрыя Паўлава застаецца шмат белых плямаў, расьсьледаваньне Свабоды пралівае сьвятло на некаторыя факты ягонай біяграфіі.
Бездакорная біяграфія
Прынамсі знадворку біяграфія Дзьмітрыя Паўлава (якому ў інтэрнэце прыпісваюць мянушку «Фюрэр», раней — «Базутчык») да 2015 года выглядае амаль бездакорна. Чалавек, якога СК РФ фактычна лічыць лідэрам міжнароднага нэанацысцкага сындыкату, мае дзьве вышэйшыя адукацыі: ён скончыў факультэт гішпанскай мовы Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту і факультэт бізнэс-адміністраваньня БДУ. Тры гады ён працаваў выкладчыкам ВНУ, а пазьней уладкаваўся на працу ў кампанію EPAM (адзін з найбуйнейшых ва Ўсходняй Эўропе распрацоўшчыкаў праграмнага забесьпячэньня).
Але ў траўні 2015 году ён трапіў на «суткі» быццам бы за нецэнзурную лаянку, неўзабаве быў звольнены зь EPAM, а яшчэ празь нейкі час пакінуў Беларусь. Спачатку ён жыў ва Ўкраіне, дзе пасьпеў ажаніцца, а потым разам з жонкай зьехаў у Нямеччыну.
Тыя зьвесткі наконт Дзьмітрыя Паўлава, якія знаходзяцца ў адкрытым доступе, адрозьніваюцца супярэчлівасьцю і недакладнасьцю. Напрыклад, у інтэрнэце можна знайсьці інфармацыю, што Паўлаў удзельнічаў у супрацьстаяньні зь «Беркутам» на Эўрамайдане, ваяваў на Данбасе з украінскага боку і нават загінуў там. Як даведалася Свабода, апошняя інфармацыя непраўдзівая — цяпер Паўлаў жывы і здаровы. Хутчэй за ўсё, ілжывыя зьвесткі пра Эўрамайдан і Данбас.
У адрозьненьні ад паведамленьняў пра «баявую біяграфію» Паўлава, зьвесткі пра ягоныя старыя кантактныя зьвесткі ў Менску аказаліся больш дакладнымі. Як і паведамлялася ў сацсетках, у апошнія гады ён жыў на Дзянісаўскай вуліцы, прычым зьяўляўся ўласьнікам кватэры. Праўда, суседзі, зь якімі гутарыла Свабода, Дзьмітрыя нават узгадаць не змаглі — дом новы, 2013 году пабудовы, жыхары кепска ведаюць адзін аднаго, і дагэтуль ня ўсё кватэры заселеныя. Цяпер кватэра Паўлава здаецца ўнаймы, але менавіта праз кватарантаў Свабода выйшла на маці Дзьмітрыя.
«Ён мне сказаў: я ў Беларусі больш не застануся»
Маці Дзьмітрыя Паўлава Ганне Аляксееўне 71 год. Да нядаўняга часу яна працавала настаўніцай гішпанскай мовы ў адной зь менскіх школ, мае шматлікія настаўніцкія падзякі і ўзнагароды.
Зьвесткі пра крымінальныя абвінавачваньні ягонага сына сталі для Ганны Аляксееўны сапраўдным шокам, і даведалася яна пра гэта толькі ад карэспандэнта Свабоды. Назву Misanthropic Division Ганна Аляксееўна раней ніколі ня чула, нейкай нэанацысцкай сымболікі ў сына не заўважала, і за што на яе сына распачалі крымінальную справу ў Расеі, яна нават не падазрае (тым больш, што ў Расеі Дзьмітры ніколі ня быў).
Паводле яе слоў, непрыемнасьці ў сына пачаліся ў траўні 2015 году:
«У мяне дзень нараджэньня 7 траўня, я яго ў гэты дзень чакала, але ён не прыйшоў. А потым да мяне прыйшла яго дзяўчына і сказала, што яго забралі ў міліцыю. Я так была зьдзіўленая: за што яго маглі забраць? Я прыехала ў суд Маскоўскага раёну, і там яго ўбачыла. А там судзілі ня толькі яго — чалавек 15 разам судзілі. Я падыходжу да міліцыянта, які там быў, і пытаюся: за што яго? Той сказаў, што, маўляў, ён распальвае міжнацыянальную варожасьць паміж Украінай і Беларусьсю. А я кажу, якая можа быць варожасьць, калі яго дзяўчына з Украіны?!».
Калі ён выйшаў, ён мне сказаў: я ў Беларусі больш не застануся, бо яшчэ раз я гэта ня вытрымаю
Тады таксама забралі ў міліцыю і дзяўчыну Дзьмітрыя, кіяўлянку Юлію, — яе там некалькі гадзін дапытвалі. Адразу пасьля затрыманьня ў кватэры Дзьмітрыя на Дзянісаўскай адбыўся ператрус, праваахоўнікі канфіскавалі дарагі мабільны тэлефон і кампутарную тэхніку яго і ягонай дзяўчыны. Тэхніка была адпраўлена на экспэртызу, але дагэтуль ня вернутая — як кажа Ганна Аляксееўна, нягледзячы на ўсе скаргі, якія яны пісалі ў міліцыю. «Ён усё абураўся: казаў, яны проста прысвоілі гэтую тэхніку, таму што нічога забароненага там не было», — узгадвае яна.
Дзьмітры сьцьвярджаў, што быў ні ў чым не вінаваты. Як ён апавядаў маці пазьней, яго і ягоных знаёмых бралі ў розных месцах па ўсім горадзе і ўсіх абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы. Самога Дзьмітрыя забралі проста з працоўнага месца ў офісе EPAM, хоць у пратаколе было адзначана, што затрыманьне адбывалася на вуліцы. Аднак чым быў выкліканы такі арганізаваны перасьлед, ён так маці і не патлумачыў.
«Ён зь цяжкасьцю перанёс гэтыя 15 сутак. Казаў, што яго ўвесь час пераводзілі з адной камэры ў іншую. Калі ён выйшаў, ён мне сказаў: я ў Беларусі больш не застануся, бо яшчэ раз я гэта ня вытрымаю», — апавядае яна.
Неўзабаве пасьля таго, як Дзьмітры адбыў 15 сутак, яго звольнілі з EPAM — нібыта пасьля адпаведнага званку з праваахоўных органаў.
«Ён ніяк ня мог знайсьці потым працу. Ён казаў, што ў Беларусі яму цяпер нічога ня сьвеціць», — апавядае Ганна Аляксееўна.
Дарэчы, у жніўні 2015 году, перад пачаткам новага навучальнага году, з працы звольнілі і саму Ганну Аляксееўну. Для яе гэта стала поўнай нечаканасьцю, хоць яна і ня зьвязвала тады гэтую падзею зь непрыемнасьцямі сына.
«Я ж усё гляджу расейскае тэлебачаньне, а там дзяўбуць і дзяўбуць гэтую Ўкраіну»
У грамадзка-палітычным жыцьці Дзьмітры Паўлаў раней удзелу не прымаў, ні на якія мітынгі не хадзіў. Падчас Эўрамайдану ён знаходзіўся ў Менску і асаблівай цікавасьці да гэтых падзеяў не выяўляў, сьцьвярджае Ганна Аляксееўна.
Калі ён сказаў, што паедзе да Юлі ва Ўкраіну, я была вельмі супраць
Пасьля таго, як Дзьмітры застаўся бяз працы, ён зьехаў у Кіеў, дзе ажаніўся зь Юліяй. Мяркуючы па ўсім, у Кіеве ўладкавацца на пастаянную працу яму таксама не ўдалося — Дзьмітры перабіваўся часовымі заробкамі. Яшчэ ў 2015 годзе ён разам з жонкай пераехаў у Нямеччыну. Час ад часу тэлефануе адтуль маці, але сама Ганна Аляксееўна ніякіх яго нямецкіх кантактаў так і ня ведае.
«Калі ён сказаў, што паедзе да Юлі ва Ўкраіну, я была вельмі супраць. Я думаю, ну таксама знайшоў месца для пражываньня! Там жа так усё неспакойна! Я ж усё гляджу расейскае тэлебачаньне, а там дзяўбуць і дзяўбуць гэтую Ўкраіну. Як там страшна, думаю! Выйдзеш на вуліцу — цябе тут і забʼюць. А як прыехала да іх у Кіеў у госьці — там усё ціха. Ніхто нікога не забівае», — узгадвае яна.
Сама Ганна Аляксееўна так і ня можа зразумець, што адбываецца ва Ўкраіне і хто ў гэтым вінаваты:
«Мне шкада ўкраінцаў, мне шкада Данбасу. Я не разумею, хто там да чаго. Мне казала сяброўка, што ў яе жылі на Данбасе бацькі. Гэта, кажа, такі маленькі гарадок, адкуль жа там столькі ўзялося змагароў з украінскай уладай?».
Патрыёт ці экстрэміст?
Цікава, што ўпершыню імя Дзьмітрыя Паўлава зьявілася зусім ня ў сувязі з крымінальным абвінавачваньнем у Расеі. На хвалі апошніх падзей пра гэта так ніхто і не згадаў, але насамрэч Паўлаву прысьвечаны артыкул у газэце «Новы час» «Калі загавораць усе, баяцца ўжо будзе няма чаго», які выйшаў у красавіку 2016 году.
У артыкуле расказваецца, што былы супрацоўнік аддзелу ліцэнзаваньня EPAM Systems Дзьмітры Паўлаў зазнаў перасьлед за сваю праўкраінскую пазыцыю і быў вымушаны эміграваць. Непасрэднай падставай для перасьледу, як адзначалася ў артыкуле, быў фатаздымак са сьцягам, створаным з украінскага і бел-чырвона-белага з надпісам «Разам і назаўжды!». На здымкі, які быў разьмешчаны ў інтэрнэце, быў Паўлаў зь пяцьцю сябрамі, іх жонкамі і дзяўчынамі. Як сьцьвярджалася ў публікацыі, кожны, хто быў на гэтым здымку, потым зазнаў перасьлед (гаворка ідзе якраз пра падзеі траўня 2015 году, пра якія ўзгадвае маці Паўлава).
Аўтар артыкулу Зьміцер Галко апавёў Свабодзе, што Паўлаў сам выйшаў на яго з гэтай гісторыяй і матэрыял быў напісаны на падставе менавіта ягонага аповеду.
Я гэта ўспрыняў як „камін-аўт“ зь цемры людзей, якія раней баяліся. Пазьней я падумаў, што гэта магло быць спэцыяльнай разводкай
«Ён выйшаў на мяне пасьля публікацыі матэрыялу „Беларусь зачышчаюць ад патрыётаў“, якая нарабіла шмат шуму. То бок, я гэта ўспрыняў як „камін-аўт“ зь цемры людзей, якія раней баяліся. Пазьней я падумаў, што гэта магло быць спэцыяльнай разводкай», — расказвае журналіст. Асабіста Галко ні з Паўлавым, ні зь ягонай жонкай не сустракаўся — сувязь падтрымлівалася толькі праз скайп. Нічога пра датычнасьць Дзьмітрыя Паўлава да Misanthropic Division Галко на той момант ня ведаў.
Якую ролю папраўдзе меў у Misanthropic Division Дзьмітры Паўлаў — дагэтуль сказаць цяжка. Як цяжка сказаць і тое, чым насамрэч займалася беларуская ячэйка Misanthropic Division і ці існавала яна наогул. На сёньня ўсе сьведчаньня на гэты конт — гэта дадзеныя сацсетак ды заява СКР.
Беларус-неанацыст — ва ўсіх расейскіх СМІ
Справа Misanthropic Division ужо атрымала пэўны рэзананс у Расеі і не вычэрпваецца крымінальным абвінавачваньнем на адрас Дзьмітрыя Паўлава. Расейскія праваахоўнікі яшчэ 12 ліпеня абʼявілі, што ператрусы ў чальцоў расейскай ячэйкі Misanthropic Division прайшлі ў Маскве, Растове, Архангельску і іншых рэгіёнах РФ. Усяго былі затрыманыя 13 чалавек. Паводле апошніх дадзеных, трое актывістаў Misanthropic Division былі ўзяты пад варту.
Інфармацыя пра тое, што заснаваў і ўзначальвае Misanthropic Division беларус Дзьмітры Паўлаў прайшла па ўсіх вядучых расейскіх СМІ — у тым ліку, па фэдэральных тэлеканалах.
СКР абвінавачвае яго ажно па 6 артыкулах крымінальнага кодэксу: стварэньне экстрэмісцкай арганізацыі, публічныя заклікі да тэрарызму, распальваньне нянавісьці альбо варожасьці, рэабілітацыя нацызму і г. д. Сьцьвярджаецца, што ячэйкі Misanthropic Division былі адкрыты ў 19 дзяржавах, у ліку якіх ня толькі Расея, Беларусь і Ўкраіна, але таксама ў Нямеччыне, Францыі, Польшчы, Англіі.
СКР таксама абяцае накіраваць запыт у Нямеччыну наконт Дзьмітрыя Паўлава.
«На тэрыторыі Расеі Паўлаў і яго паплечнікі ў сацыяльных сетках прапагандуюць расісцкія і нэанацысцкія погляды, публічна заклікаюць да тэрарыстычнай і экстрэмісцкай дзейнасьці, распальваюць нянавісьць і варожасьць да шэрагу нацыянальнасьцяў, непаважліва публічна выказвацца пра дні вайсковай славы і памятныя даты Расеі, зьвязаныя з абаронай Айчыны», — сьцьвярджаюць у СКР.
У сваю чаргу ўкраінская ячэйка, паводле расейскіх сьледчых, займаецца папулярызацыяй «бандэраўскай ідэалёгіі», «Правага сэктару» і палку «Азоў», а таксама заклікае ў іх шэрагі.
Цікава, што вядомы расейскі нацыяналіст Дзьмітры Дзёмушкін заявіў агенцтву НСН, што Misanthropic Division — гэта «выключна інтэрнэт-тэма, якая ніколі не была ні рухам, ні партыяй, ні нейкім грамадзкім абʼяднаньнем». Пра Паўлава Дзёмушкін наогул ніколі ня чуў.