Паводле высноваў Усясьветнага банку, Беларусь дамаглася ўражлівых посьпехаў у скарачэньні галечы.
Доля насельніцтва за рысай беднасьці зьнізілася з 41,9% у 2000 годзе да 5,7% у 2016 годзе. Да таго ж Беларусі ўдаецца зьніжаць паказчыкі беднасьці значна больш хуткімі тэмпамі ў параўнаньні зь іншымі краінамі рэгіёну Эўропы і Цэнтральнай Азіі. Беларускія экспэрты раяць усё ж адрозьніваць паняцьці беднасьці фізычнай і беднасьці сацыяльнай.
У аснове высокіх тэмпаў эканамічнага росту Беларусі Ўсясьветны банк адзначае магчымасьць імпартаваць расейскія энэрганосьбіты па зьніжаных цэнах, устойлівы эканамічны рост у Расейскай Фэдэрацыі і іншых краінах, якія зьяўляюцца асноўнымі гандлёвымі партнэрамі Беларусі. Таксама Ўсясьветны банк адзначае высокі ўзровень занятасьці насельніцтва і пасьлядоўны рост рэальнай заработнай платы і пэнсій.
Паводле міжнародных стандартаў, бедным лічыцца чалавек, які мае менш за 5 даляраў на дзень паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці.
Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка, якому шчыльна даводзілася кантактаваць з Усясьветным банкам, з гэтай нагоды лічыць, што ўсё бачыцца ў параўнаньні і трэба адрозьніваць фізычную галечу і сацыяльную беднасьць:
«Мне даводзілася ў Вашынгтоне быць ва Ўсясьветным банку, лекцыі чытаць, весьці заняткі, размаўляць. І праз 10 хвілін нашых размоваў яны мне казалі: „Так, так. Вы ведаеце лепш сытуацыю. Спрачацца ня будзем“. Чыноўнік Усясьветнага банку мае 200-300 даляраў у дзень на прадстаўнічыя выдаткі. І столькі ж — 300 даляраў, альбо 600 рублёў, — гэта заробак лекара ці дацэнта за месяц у нас.
Ёсьць беднасьць сацыяльная, ёсьць беднасьць фізычная. Паводле паказьнікаў фізычнай беднасьці мы можам канстатаваць, што ў нас амаль няма людзей, якія просяць міласьціну, жывуць на сьметніках. Магчыма, калі браць статыстыку, у Беларусі амаль няма людзей, якія жывуць за рысай фізычнага мінімуму існаваньня. Сапраўды, пэнсіі людзі атрымліваюць своечасова, але сярэдні памер пэнсіі ў Беларусі — каля 300 рублёў, гэта 150 даляраў.
Таму ўсе высновы і разьлікі Ўсясьветнага банку, магчыма, і цікавыя. Але з пункту гледжаньня рэальнай сытуацыі ці бедны прафэсар у Беларусі, калі ў яго 300 даляраў заробак? І ці багаты трохразовы алімпійскі чэмпіён Аляксандар Мядзьведзь, у якога пэнсія 323 рублі?
Ці бедны прафэсар у Беларусі, калі ў яго 300 даляраў заробак?
Відавочна, Усясьветны банк забыўся, што ў Беларусі ў 2014 годзе ВУП быў 75 мільярдаў даляраў, у 2016 годзе — на ўзроўні 47 мільярдаў. Амаль на 30 мільярдаў менш. І лягічна запытацца: як гэта можа быць, калі ВУП упаў на 38%, а беднасьць скарачаецца? Узровень беднасьці павінен прапарцыянальна вырасьці», — выказаў меркаваньне эканаміст Леанід Заіка.
Пры гэтым Усясьветны банк выказвае занепакоенасьць: «Што тычыцца будучых пэрспэктыў, фактары, якія ляжалі ў аснове посьпехаў Беларусі, вычарпалі сябе». Далей ідзе пералік: вытворчасьць працы расьце недастатковымі тэмпамі, зьніжаецца попыт на беларускую прадукцыю ў Расеі, узмацняецца пазыковая нагрузка на бюджэт, састарваюцца асноўныя фонды.
Таксама ў доўгатэрміновай пэрспэктыве абвострыцца праблема старэньня насельніцтва. Такім чынам, паводле Ўсясьветнага банку, далейшае павышэньне ўзроўню жыцьця беларусаў патрабуе новай эканамічнай палітыкі.