Як вядома, беларуская зборная не прайшла ў фінальную частку Эўра-2016. А паспрабуем уявіць, што гісторыя пайшла інакг, і беларусы, украінцы, палякі і літоўцы гулялі б за адну каманду.
Свабода зьвярнулася да Ягора Калесьніка, спартовага аглядальніка тэлеканала СТБ, з просьбай скласьці ўмоўную зборную з гульцоў, якія паходзяць з тэрыторыяў былой Рэчы Паспалітай, супольнай дзяржавы ВКЛ і Польшчы.
Вось што атрымалася:
Брамнік: Лукаш Фаб'яньскі: адзіны гулец са зборнай Рэчы Паспалітай, які прадстаўляе клюб ангельскай Прэм'ер-лігі - «Суёнсі». Запас: Андрэй Пятаў, аўтар рэкорду зборнай Украіны па «сухіх» сэрыях, які нават пераўзышоў легендарнага Аляксандра Шаўкоўскага.
Правы абаронца: Лукаш Пішчак: шэсьць год абараняе колеры дортмундзкай «Барусіі»
Цэнтральны абаронца: Яўген Хачарыдзі правёў больш за сто пяцьдзясят матчаў у складзе найлепшага клюбу ў гісторыі ўкраінскага футболу «Дынама» (Кіеў).
Цэнтральны абаронца: Яраслаў Ракіцкі: асноўны абаронца данецкага «Шахцёра», у свой час футбалістам цікавіліся лёнданскі «Арсэнал», «Барсэлёна», «Ювэнтус».
Левы абаронца: Дзяніс Палякоў: самы пэрспэктыўны малады беларускі футбаліст.
Запас: Аляксандр Мартыновіч: адзін з нямногіх беларускіх футбалістаў, які на працягу доўгага часу стабільна гуляе ў чэмпіянаце Расеі.
***
Правы паўабаронца: Якуб Блашчыкоўскі: безальтэрнатыўная кандыдатура на гэтую пазыцыю.
Апорны паўабаронца: Гжэгож Крыхавяк: двухразовы пераможца Лігі Эўропы ў складзе гішпанскай "Сэвільі"
Плэймэйкер: Аляксандар Глеб: за мінулыя заслугі. Хай найлепшыя футбольныя гады ў мінулым, але Глеб-старэйшы да гэтага часу зьяўляецца найлепшым гульцом на сваёй пазыцыі ў гістарычных межах былой Рэчы Пастапалітай.
Левы паўабаронца: Яўген Канаплянка, галоўная зорка цяперашняй зборнай Украіны.
Запас: Пётар Зэлінскі, гэтым хлопцам цікавіцца «Лівэрпуль», «Напалі» і «Зэніт», хоць на месца запаснога маглі б прэтэндаваць і беларусы Кісьляк-Драгун, альбо ўкраінцы Сьцепаненка-Гармаш.
***
Нападнікі: Андрэй Ярмоленка: напярэдадні Эўра-2016 ім цікавіліся клюбы ангельскай Прэм'ер-лігі, Ярмоленка даўно выдаюць авансы ў выглядзе мянушкі «другі Шаўчэнка».
Робэрт Левандоўскі: капітан і найлепшы гулец магчымай зборнай Рэчы Паспалітай.
Бонус: Фёдар Чарных - адзіны гулец зь Літвы. Адыграў ўсе матчы ў адборы да Эўра-2016, стаўшы найлепшым бамбардзірам каманды з двума забітымі мячамі. Дарэчы, Чарных ня так даўно гуляў у чэмпіянаце Беларусі за наваполацкі «Нафтан» і магілёўскі «Дняпро».