За апошнія 10 гадоў насельніцтва ў Барысаве зьменшылася амаль на 30 тысяч чалавек — і гэта самае значнае падзеньне сярод усіх беларускіх гарадоў.
Цяпер тут 143 тысячы жыхароў. Людзям бракуе працы, моладзь зьяжджае адразу пасьля школы.
Раён, які прыцягнуў нашу ўвагу, — у гістарычнай частцы Барысава, на поўнач ад Бярэзіны. Паміж замчышчам і храмамі — галоўнымі мясцовымі славутасьцямі — стаяць жылыя дамы, збудаваныя яшчэ за царскім часам. Там няма газу, вады, каналізацыі. У прыбіральню жыхары ходзяць на вуліцу. Часта яна адна на двор, дзе жывуць некалькі сем’яў.
Цэнтральная вуліца Старога Барысава — імя Трэцяга Інтэрнацыяналу. На ёй шмат гістарычных будынкаў. На рагу зь Менскай вуліцай стаіць комплекс ружовых дасавецкіх камяніцаў на адзін і два паверхі.
З вуліцы гэта звычайныя дамы, але заходзім у двор — і нібыта трапляем на дзесяцігодзьдзі назад.
Драўляны плот, на сьцяне за ім — рукамыйнік і люстэрка. Каб памыць рукі й твар, мясцовыя жыхары выходзяць на двор. Ружовы з вуліцы дом выглядае адсюль зусім іначай: адзін тынк, безь ляпніны.
— Толькі нядаўна тут сьвятло далі й сьмецьце прыбралі — а то ў самым цэнтры гораду не было чым дыхаць, — кажа нам Аляксандар. Ён працуе на літоўскім прадпрыемстве па дрэваапрацоўцы, але сьпяшаецца на лецішча.
Мыцца ён можа толькі ў лазьні, бо дома няма вады. У прыбіральню ходзіць на вуліцу — гэта звычайная драўляная кабінка зь дзіркай над ямай. Няма ў дамах і газу — людзі купляюць балёны. Падлога на першых паверхах — земляная.
Адна з жыхарак ананімна паказвае сваю кватэру. Аляксандар праўду казаў: няма ні прыбіральні, ні цэнтралізаванай падачы газу й вады. Каб было цёпла, тут паляць у печы дровамі. На печы ж пэрыядычна і гатуюць, каб эканоміць прывазны газ у балёнах.
Алена жыве ў невялікай кватэры ў адным з такіх дамоў. Яна робіць на пілараме й гадуе школьніка. Кажа, да іх прыяжджаў інспэктар па справах непаўналетніх, зьвяртаў увагу, што дзіця ня можа жыць у такіх умовах.
— Адмысловая камісія казала, што можа дапамагчы знайсьці кватэру, каб я арандавала. А плаціць за што? Жыльлё толькі ў вёсцы могуць даць. Што я там буду рабіць? Ніколі ў жыцьці там не жыла, — дадае суразмоўніца.
Па яе словах, улады правяралі дом пасьля лістоў жыхароў, але адказалі, што можна жыць. Нібыта й ня бачылі, што столь сыплецца й волкасьць паўсюль.
На Камсамольскай вуліцы зацікавіў аднапавярховы, але вялікі па плошчы жылы дом насупраць ААТ «Гуматэхніка». Аказалася, ён падзелены на чатыры сям’і. Умовы тыя самыя, што на суседняй вуліцы.
— Ад уладаў зусім ціха, нават браму ня хочуць рабіць, — кажа нам мясцовы жыхар Васіль Сяргеевіч, карэнны барысаўчанін. — Прапаноўваў, каб матэрыял далі, — сам зьляплю, што мне, цесьляру, — але ня могуць. Наш барак абабілі звонку, але ж дом пачаў хутчэй гніць — так хоць сонейка падсушвала. Па вуліцы раней рэдка калі машына праяжджала, а цяпер аўтобусы ходзяць — барак трасецца, столь абвальваецца.
Суразмоўца ўспамінае, што дом пабудаваны «у 1904 ці 1905 годзе» як заезны двор купца Папова. У вайну тут хаваліся ўцекачы, палову бараку спалілі на дровы. Да ягонай сям’і ён перайшоў празь цесьця — далі на суседнім прадпрыемстве. Сам тут жыве за 30 гадоў. Мае ўжо дзьвюх унучак і аднаго ўнука.
— Па ваду мы ўсе ходзім у калёнку. Раней бліжэй была, але закапалі. Прыбіральня ў нас адна на чатыры сям’і. У адной з кватэр ажно пяць чалавек жывуць. Зразумела, што там ніякага абагрэву няма, зімой хадзіць — тое яшчэ выпрабаваньне. Да халадоў дом увогуле не прыстасаваны. Калі моцны мароз — вельмі цяжка ацяпліць. На зіму чатыры машыны дроў трэба. Пэнсіі не хапае, — дадае ён.
Спадар узгадвае, што нібыта Лукашэнка загадваў гэтыя баракі зьнесьці. Кажа, што тады ўзрадаваўся, але мясцовыя ўлады крыху паварушыліся ды спыніліся:
— Ты ж да чыноўніка ў габінэт ня ўвойдзеш. Неяк жонка хацела расказаць пра нашы праблемы, але тыя адразу галаву ўгару, нібыта іначай у прыбіральню ходзяць. Гэта ж ужо эліта. Раней пан аб сваіх сялянах клапаціўся: ня кінеш, каб падыхаў, бо ня атрымаеш прыбытку.
Самы вялікі барак у гэтай частцы Барысава — на Менскай вуліцы, што ідзе паралельна Камсамольскай, побач зь мясцовым касьцёлам, галоўным у горадзе. Гэта двухпавярховы карычневы жылы дом на восем кватэраў.
Васьмідзесяцігадовыя пэнсіянэры Рыгор і Соня паказваюць нам сваю кватэру. Яна адрозьніваецца ад астатніх, што мы сёньня бачылі: тут ёсьць вада, прыбіральня. Але пра праблемы нам кажуць адразу з ганку:
— Паглядзіце, як падлога правалілася. Усё гнілое, усё крывое. Вельмі дрэнна жывем.
Спадарыня ўзгадвае, што гэты барак плянавала забраць «рызінка» — гумовае прадпрыемства, але не забрала. Праблемы мясцовыя жыхары мусяць вырашаць самі. А іх хапае: батарэі ня грэюць, каб дачакацца гарачай вады з крана, «трэба сем вёдзер зьліць». Улады адказваюць, што ў доме ёсьць няплатнікі, і таму гэтыя праблемы вырашаць ня будуць, «хоць мы гадамі штомесяц плацім на капітальны рамонт па 4 рублі».
Гістарычны цэнтар Барысава ня ўвесь такі. Тутэйшы Сьвята-Ўваскрасенскі сабор — адзін з самых прыгожых у краіне праваслаўных храмаў. Побач зь ім — Марыінскі касьцёл. Гэта помнікі XIX стагодзьдзя. Захавалася й сьвецкая забудова таго ж часу. Раён не сапсавалі навабудамі, а частку будынкаў адрэстаўравалі.