Барадулінскія імпрэзы: дзе і як згадаць пра народнага паэта

Рыгор Барадулін

24 лютага спаўняецца 80 гадоў славутаму беларускаму паэту Рыгору Барадуліну (1935–2014).

Радыё Свабода сабрала зьвесткі пра тое, як кожны з нас можа згадаць пра народнага паэта словам і справай.

Пералічыць грошы на ўсталяваньне помніка Рыгору Барадуліну на магіле паэта ў Вушачах

Праект помніка распрацаваны скульптарам Мікалаем Байрачным і ўхвалены сваякамі.

Дабрачынны рахунак адкрыты на імя ўнучкі паэта:

ААТ «Беларусбанк» філіял 514 код 614 УНП 100420097
код віду ўклада 9004 (дамова дабрачыннага рахунка № 000039)атрымальнік Кліміна Дамініка Канстанцінаўна
прызначэньне плацяжа — добраўпарадкаваньне пахаваньня

Пералічыць грошы можна ў любым аддзяленьні банку, а таксама праз інфакіёскі або інтэрнэт-банкінг (выбраць: «Плацяжы» — «Адвольныя плацяжы» — «Плацёж па рэквізытах» — нумар транзытнага рахунку 3819382102369), — паведамляе сайт грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі».

Зьвярнуцца ў Савет міністраў, каб у Менску і ў Вушачах была вуліца імя Барадуліна

Кампанію «Вуліца Барадуліна» распачалі Арт Сядзіба і Таварыства беларускай мовы. Ініцыятары прапануюць зьвяртацца ў Савет міністраў праз сайт электронных зваротаў zvarot.by і патрабаваць ад уладаў наступнага:

• прысвоіць імя Рыгора Барадуліна адной з вуліц Менску і г. п. Вушачы;

• устанавіць мэмарыяльную дошку ў Менску, на доме, у якім жыў Рыгор Барадулін;

• прысвоіць імя Рыгора Барадуліна школе ў г. п. Вушачы;

• адкрыць літаратурны музэй або філіял музэя Рыгора Барадуліна;

• падрыхтаваць і выдаць у 2015–2018 гг. поўны збор твораў Рыгора Барадуліна.

Купіць канвэрт з партрэтам Рыгора Барадуліна на Галоўпаштамце ў Менску або ў сваім паштовым аддзяленьні

Замовіць кнігу апошніх вершаў Рыгора Барадуліна «Ў неба пехатою»

На сайце prastora.by яна каштуе 79 900.

Паглыбіцца ў дэталі біяграфіі і творчасьці дзядзькі Рыгора на сайце baradulin.by

Стваральнік сайта Глеб Лабадзенка заклікае ўсіх ахвотных дапамагаць у яго напаўненьні.

Наведаць:

«Песьні матчыны з Вушаччыны» — праграма лідэра гурту Vuraj Сяржука Доўгушава.

24 лютага а 19 гадзіне, Малая заля Беларускай дзяржаўнай філярмоніі, Менск.

Сяржук быў знаёмы зь дзядзькам Рыгорам і ў захапленьні ад тых песьняў, якія сабраў Барадулін. Адзін з апошніх вершаў Барадулін прысьвяціў яму. Гэты акраверш увайшоў у кнігу «Ў неба пехатою».

Паэтычная вандроўка па творах Рыгора Барадуліна для дзяцей

25 лютага, бібліятэка імя Еўдакіі Лось, Віцебск

Там жа працуе і прысьвечаная паэту кніжная выстава «Любіць радзіму не па абавязку».

Адрас бібліятэкі — вуліца Цітова, 20-1, тэлефон +375 212 36-37-29.

Вечар памяці і прэзэнтацыя ўнікальнай кнігі мэмуараў «Дзёньнікі і запісы»

27 лютага ў 18:30, Палац мастацтваў, Менск

«Дзеньнікі і запісы» (1951–1969 гг.) выдадзеныя Натальляй Давыдзенкай. Яшчэ пры жыцьці Рыгора Барадуліна яна пачала зьбіраць дакумэнты і знайшла ў Вушачах унікальныя школьныя дзёньнікі паэта.

Кніга выйшла намаганьнямі МГА «Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» і ГА «Саюз беларускіх пісьменьнікаў» у выдавецтве «Кнігазбор».