Каля помніка Максіму Багдановічу ў Менску адбылася памятная імпрэза з нагоды 98-х угодкаў сьмерці паэта. Шмат гадоў гэтую імпрэзу ладзіў літаратурны музэй Максіма Багдановіча. Але ад нядаўняга часу ён быў пазбаўлены статусу самастойнасьці і стаў філіялам Музэю беларускай літаратуры.
Гэтым разам каля помніка была ўсталяваная гукаўзмацняльная апаратура, зь якой гучалі песьні, напісаныя на словы Максіма Багдановіча. Імпрэза, аднак, сталася традыцыйна нешматлюднай: акрамя музэйных работнікаў, да Максіма Багдановіча прыйшлі чальцы праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, дасьледчыкі творчасьці паэта, а таксама нешматлікія школьнікі, навучэнцы сувораўскай вучэльні і неабыякавыя аматары паэзіі.
З гэтай нагоды дырэктарка Музэю беларускай літаратуры Лідзія Макарэвіч адзначыла:
«Вельмі шкада, што сёньня тут сабралася такая малая колькасьць людзей. Вельмі хацелася, каб тут былі сотні і сотні прыхільнікаў паэзіі. Бо ўсё тое, што напісана вялікім Максімам — гэта запавет нам берагчы і любіць нашу родную мову так, як любіў яе Максім».
Некаторыя выступоўцы заклікалі палітыкаў прыслухоўвацца да паэтаў, цытуючы вершы Максіма Багдановіча: каб не было «сварак і звадак», «як гэта зараз адбываецца ў братняй Украіне», бо «ўсе мы ляцім да зор».
Падчас імпрэзы гучала таксама паэзія Максіма Багдановіча і вершы-прысьвячэньні.
На завяршэньне сьпявачка Тацяна Грыневіч прасьпявала «Вераніку» і «Пагоню» Максіма Багдановіча, за што атрымала аплядысмэнты і воклічы «Брава!».
Да помніка ўсклалі кветкі, а сувораўцы зрабілі групавы фатаздымак перад помнікам Максіму Багдановічу.