53 цывільныя, у тым ліку 21 дзіця, загінулі ад расейскага авіяўдару ў Сырыі

Ілюстрацыйная выява

У выніку расейскага авіяўдару па сырыйскай вёсцы Аль-Шафах 26 лістапада загінулі прынамсі 53 мірныя жыхары, у тым ліку 21 дзіця, паведамляе Agence France-Presse са спасылкай на Сырыйскі цэнтар маніторынгу за выкананьнем правоў чалавека (SOHR). Яшчэ прынамсі 18 чалавек параненыя.

Спачатку SOHR паведамляў пра 34 забітых, але колькасьць ахвяраў павялічылася пасьля разбору завалаў у часе ратавальнай апэрацыі.

Расейскія вайскоўцы раней пацьвердзілі, што шэсьць бамбавікоў нанесьлі ўдары ў раёне Аль-Шафах, але сьцьвярджалі, што ўдары наносіліся па тэрарыстах «Ісламскай дзяржавы». Назіральнікі жа кажуць, што ўдары наносілі па жылых дамах.

Таксама паводле зьвестак SOHR, у нядзелю ў выніку авіяўдараў і абстрэлаў зь зямлі загінулі ня менш як 23 мірныя жыхары ва Ўсходняй Гуце — падкантрольным сырыйскім паўстанцам «анклаве» ў прыгарадзе Дамаску. Войскі сырыйскіх уладаў узмацнілі ціск на раён — сьцьвярджаюць, што там дзейнічаюць джыхадысты, перадае BBC.

На мінулым тыдні Ўладзімір Пуцін прыняў у Сочы Башара Асада, яны размаўлялі пра «хуткі канец вайны з тэрарыстамі», хоць фактычна толькі часткі краіны кантралююцца войскамі Асада, некаторыя пад кантролем антыасадаўскай апазыцыі, курдаў, турэцкіх войскаў і тэрарыстаў «Ісламскай дзяржавы». Таксама Пуцін абмяркоўваў сытуацыю ў Сырыі з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам у гадзіннай тэлефоннай размове.

За шэсьць з паловай гадоў вайны ў Сырыі, паводле зьвестак ААН, загінулі больш за 450 тысяч чалавек, мільёны жыхароў краіны сталі ўцекачамі. Расея заяўляе, што ваюе ў Сырыі з тэрарыстамі «Ісламскай дзяржавы», але Крэмль падазраюць у тым, што ён падтрымлівае ў сырыйскай грамадзянскай вайне сілы Асада. Расея нядаўна заблякавала ў Радзе Бясьпекі ААН расьсьледаваньне меркаванага ўжываньня сіламі Асада хімічнай зброі ў Сырыі. Расею таксама назвалі галоўным пастаўшчыком замежных наймітаў для «Ісламскай дзяржавы».