Ваўкавыская фірма таксі, у якой працуе былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч, зьмяніла назву і працягвае працу.
Рэгістрацыя новай фірмы абышлася ў немалую суму. Аўтуховіч лічыць, што гэта несправядліва, і мае намер дамагацца праўды.
Ваўкавыскую фірму «Ніка-таксі 22222», у якой працаваў былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч, пазбавілі ліцэнзіі яшчэ 13 траўня. Прычынай было нібыта тое, што адна з машын, на якой перавозіліся пасажыры, несвоечасова прайшла тэхагляд.
Фірма заплаціла штраф у памеры 10 базавых велічынь, але празь некалькі месяцаў атрымала паведамленьне зь Мінтрансу, што яе пазбаўляюць ліцэнзіі «за грубыя парушэньні заканадаўства аб ліцэнзіраваньні». На ліквідацыю, згодна з рашэньнем Міністэрства транспарту, адводзілася два тыдні.
За гэты час, паводле Аўтуховіча, стварылі і зарэгістравалі новую фірму, атрымалі новыя дазволы на працу. Аўтуховіч кажа, што рабіў гэта выключна дзеля таго, каб не засталіся бяз працы 25 чалавек, якія працавалі ў зачыненай фірме.
— Справа ў тым, што нас пакаралі двойчы за адно і тое ж парушэньне, а такога паводле нашага заканадаўства ня можа быць. Мы рыхтуем усе неабходныя дакумэнты ў суд. Чыноўнікі свавольнічаюць і думаюць, што ўсё ім будзе сыходзіць з рук. Але ёсьць закон, і ён абавязковы для ўсіх. Мы хочам, каб усё было па закону. А так яны ўзялі і пакінулі бяз працы 25 чалавек, і ніхто пра іх не падумаў. Куды яны пойдуць, як будуць жыць іх семʼі? А я людзей так проста ня мог кінуць на вуліцы.
Кіроўца аднае з таксовак спадар Кірыл кажа, што вельмі напалохаўся, калі пачуў, што фірму пазбавілі ліцэнзіі. Кажа, што чакае трэцяга дзіцяці, а ў Ваўкавыску працоўных месцаў ніхто не стварае.
— У нас нават у цэнтры занятасьці ўжо на ўлік ня хочуць ставіць, бо нават сродкаў на тую мізэрную дапамогу, якую яны выплачваюць, відавочна нестае. А мне крэдыт выплачваць штомесяц, і так бацькі шмат дапамагаюць. Бо ў нас жа заробкі невысокія — каля двух мільёнаў. Дый наагул, што яны думаюць, калі за такія парушэньні адразу зачыняюць цэлую фірму!..
Аўтуховіч зьвяртае ўвагу, што пасьля таго, як новая фірма атрымала дазволы на працу, яму адразу патэлефанавалі з Цэнтру занятасьці і райвыканкаму, каб праверыць, колькі новых працоўных месцаў зьявіцца ў іх новай фірме. Гэта, як яны кажуць, трэба для справаздачы.
— Узровень цынізму папросту зашкальвае: спачатку ўлады зачынілі адну фірму, потым далі дазвол на дзеяньне другой, але за гэта трэба было заплаціць каля 40 мільёнаў. А потым яны тэлефануюць і пытаюцца — колькі новых працоўных месцаў у раёне дадалося дзякуючы новай фірме? Хаця выдатна разумеюць, што туды перайшлі толькі тыя самыя людзі, якія працавалі ў старой фірме. Але ім, бачыце, гэта трэба для справаздачы... Я, зрэшты, пазьней падумаў: добра хоць не спыталі, чаму замала новых працоўных месцаў адчынілі. Можа, трэба яшчэ? Інакш давядзецца ізноў зачыняць?.. Зрэшты, здаецца да гэтага мы і ідзём.
Кіроўца таксоўкі Аляксей у прыўзьнятым настроі. Кажа, і так пашэнціла, што праца засталася. Сябры па паўгода ўжо сядзяць дома і нічога ў горадзе ня могуць знайсьці.
— Мы тут сваю брыгаду стваралі, езьдзілі на заробкі ў Расею, але нічога добрага з гэтага не атрымалася. Падманваюць там. А тут во мне ўдалося знайсьці працу. Хоць таксую. А сябры так і сядзяць па хатах. Шукаюць, каб хоць недзе нейкі выпадковы заробак знайсьці. А як далей жыць будзем у такіх умовах?..
Мікалай Аўтуховіч кажа, што ў вобласьці цяпер вядзецца праверка працы транспартнай інспэкцыі, і яму вельмі б хацелася, каб у гэтым ведамстве запанаваў закон.— Я напісаў міністру скаргу на 12 старонках, прывёў важкія доказы таго, як адмыслоўцы раённай і абласной транспартных інспэкцыяў цэлы год не давалі нам працаваць. А па сутнасьці — перашкаджалі працаваць нашай фірме. І цяпер ім трэба даць адказ на гэта. Цікава, што яны напішуць. Бо мы скаргі падрыхтавалі і ў пракуратуру. Чыноўнікі на месцах думаюць, што ўлада — гэта яны самі. Але забываюцца, што ёсьць закон, і ён аднолькавы — як для іх, так і для нас. І мы хочам размаўляць на мове закону.