Праваабарончы цэнтар «Вясна», а таксама многія маладыя людзі на сваіх старонках у фэйсбуку паведамляюць, што супрацоўнікі міліцыі часьцей сталі неабгрунтавана затрымліваць грамадзян і несувымерна прымяняць да іх грубую фізычную сілу.
У суботу, 30 ліпеня на сталічнай вуліцы Зыбіцкай, дзе любіць «тусавацца» моладзь і дзе разьмяшчаецца шмат бараў і кавярняў, адбылася «зачыстка» — многіх забралі ў пастарунак быццам бы тое, што яны знаходзяцца ў грамадзкім месцы ў нецьвярозым стане. Прычым абыходзіліся жорстка.
Так, Андрэй Каравайка напісаў у фэйсбуку, што ўвечары 30 ліпеня яго затрымалі каля Ратушы нібыта за тое, што ён п’яны, пратрымалі некалькі гадзін у пастарунку, аштрафавалі, пасьля адпусьцілі і папярэдзілі, каб у цэнтар не вяртаўся:
«Яшчэ ўчора мінчане радаваліся таму, што ім дазволілі гуляць па цэнтры гораду і слухаць музыку на вуліцы Зыбіцкай і тым самым быць свабоднымі эўрапейцамі. А сёньня, вы ўжо мне даруйце, ня ведаю, што было пасьля мяне, але мяне нізавошта на ўваходзе закінулі ў варанок і павезьлі ў РУУС складаць пратакол, што я занадта п'яны і вольны.
Калі праз пару гадзін я адтуль выйшаў, прыйшоў на прыпынак, папрасіў цыгарэту ў нейкіх хлопцаў, тыя аказаліся таксама затрыманымі на ўваходзе каля ратушы, хоць па выглядзе цалкам адэкватныя, як і я. А калі мяне адпускалі, сказалі ні ў якім разе не вяртацца ў цэнтар, таму што менавіта на Зыбіцкай сёньня будзе рэйд і чыстка, усіх спрэс будуць браць…»
Прэс-сакратар гарадзкога ўпраўленьня ўнутраных спраў Менгарвыканкаму Аляксандар Ластоўскі камэнтаваць, што адбывалася ў суботу ўвечары на Зыбіцкай, пакуль адмовіўся:
«Калі людзі напісалі скаргу, няхай Сьледчы камітэт дае ацэнку і праводзіць разбор. Я ні пра што такое ня чуў, нічога ня ведаю, і камэнтаваць проста няма сэнсу. Ніякай інфармацыі да мяне не даводзілася. Калі будзе экспэртнае заключэньне, тады і будзе ясна, што там адбывалася. А пакуль я схільны сумнявацца, бо ня варта верыць усяму таму, што пішуць у інтэрнэце».
Яшчэ адзін пацярпелы, Аляксандар Ярашэвіч, распавёў Радыё Свабода, як ён зь дзяўчынай суботнім вечарам хацеў трапіць у кавярню «ДЭПО», але там не было вольных месцаў. Маладыя людзі ўзялі ў кавярні сідру і чакалі, седзячы на ходніку каля ўваходу, пакуль вызваляцца месцы. Падышлі міліцыянты, затрымалі і павезьлі, куды — не сказалі. Кінулі груба на падлогу тварам уніз, надзелі кайданкі. Вось што распавёў Аляксандар Ярашэвіч Свабодзе пра затрыманьне:
«Нас забралі дзесьці ў 22.30, а 23 гадзіне прывезьлі ў пастарунак і трымалі амаль да 10-й раніцы. Двойчы рабілі экспэртызу, першая паказала 0,5 праміле алькаголю ў крыві, другая — 0,4. У Цэнтральным РУУС ёсьць асобныя камэры, дзе жудасна сьмярдзіць прыбіральняй, маленькая лавачка, на якую немагчыма прылегчы, плюс сукамэрнікі і суседзі ў нас былі такія, якія ўсю ноч крычалі, грукалі ў сьцены. Раніцай прымусілі падпісаць пратаколы — абвінавачваемся ў расьпіцьці алькагольных напояў у грамадзкім месцы і непадпарадкаваньні міліцыі.
Супрацоўнікі АМАПу паміж сабой перамаўляліся, маўляў, во, на Зыбіцкай поўная сваволя адбываецца, людзі дзе хочуць, там і п’юць. А дзяўчына, якая была са мной, чула, як міліцыянт, які складаў на нас пратакол, казаў, што ім далі загад «зачысьціць» вуліцу Зыбіцкую. Відаць, міліцыянтам не падабаецца, як адпачываюць людзі — так, як яны ўмеюць, а ня так, як міліцыянты ўяўляюць, калі яны праз мэталашукальнкі праганяюць народ на масавыя мерапрыемствы».
У панядзелак раніцай Аляксандар зь дзяўчынай вырашылі напісаць скаргі на грубае абыходжаньне. Высьветлілі, што затрымлівалі іх байцы АМАПу Ўладзімер Наўмовіч і Ўладзімер Селіванаў, кажа Аляксандар Ярашэвіч:
«Нам параілі напісаць заяву ў Сьледчы камітэт. Мы прыйшлі ў Цэнтральны РУУС, бо ў тым жа будынку знаходзіцца ўпраўленьне Сьледчага камітэту па Цэнтральным раёне. Папрасілі дзяжурнага выклікаць прадстаўніка Сьледчага камітэту. Але да нас прыйшоў супрацоўнік РУУС. Мы яму патлумачылі, што адбылося. Запісаў усе нашы паказаньні, выдаў накіраваньні на судова-мэдычную экспэртызу, каб мы зьнялі пабоі. Мы яе прайшлі, вынік экспэртызы павінны накіраваць у РУУС.
Наколькі я зразумеў са словаў міліцыянта, які нас апытваў, нашай справай будзе займацца, хутчэй за ўсё, Сьледчы камітэт. Але пра тэрміны разгляду скаргі нічога не сказалі».