Старшыня рэспубліканскай рады Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч 20 лютага накіраваў у Генэральную пракуратуру скаргу, у якой просіць спыніць будоўлю на пляцоўцы, якая прымыкае да жылога дома № 49 па вуліцы Мірашнічэнкі, бо яна ўваходзіць у зону аховы гісторыка-культурнай каштоўнасьці «Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсіяў» ва ўрочышчы Курапаты.
«Ёсьць зацьверджаныя ў 2014 годзе зоны аховы гісторыка-культурнай каштоўнасьці „Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсіяў“. Пляцоўка, дзе пачалося будаўніцтва, уваходзіць у гэтую зону. Насамрэч гэтае месца ўваходзіла ў зону аховы і да 2014 году. Сутнасьць у тым, што там забараняецца ўвогуле любая будаўнічая дзейнасьць. Для гэтага ёсьць зона рэгуляванай забудовы. Атрымліваецца, што зямельны ўчастак быў выдзелены пад будаўніцтва незаконна, было праведзена незаконнае праектаваньне», — патлумачыў Антон Астаповіч Свабодзе.
Ён таксама лічыць, што будаўніцтва пачалося незаконна з прычыны ўмяшаньня дзяржаўнай службовай асобы, якая перавысіла свае паўнамоцтвы:
«Тут ёсьць прыкметы парушэньня 20-га арт. Закону „Аб барацьбе з карупцыяй“. Менавіта гэта я і выклаў у звароце ў Генэральную пракуратуру. Тут яўна перавышэньне паўнамоцтваў службовымі асобамі, а гэта прыкметы карупцыйнай дзейнасьці».
Антон Астаповіч станоўча ацэньвае, што актывісты «Маладога фронту» распачалі акцыю пратэсту супраць будаўніцтва:
«Кожны мае права на сваю форму пратэсту. Думаю, што ў комплексе ўсё павінна спрацаваць — і юрыдычныя захады, і стыхійныя пратэсты неабыякавых людзей».
Гісторык кажа, што інвэстары, якія вырашаюць будаваць на «канфліктных тэрыторыях», не аналізуюць сытуацыю, праз што ў выніку пратэстаў і зваротаў у дзяржаўныя органы страчваюць ня толькі грошы, але і рэпутацыю:
«Ёсьць верагоднасьць, што тут паўторыцца сытуацыя з „Бульбаш-холам“, абʼектам, які проста завіс і да гэтага часу так і ня ўведзены ў эксплюатацыю. Гэта адбылося таму, што нашы інвэстары абсалютна не вывучаюць досьвед папярэдніх будаўніцтваў на канфліктных тэрыторыях. Адбываецца пустое ўкладаньне грошай, абʼекты так і не ўводзяцца ў эксплюатацыю. Незразумела, чаму самі інвэстары не аналізуюць сытуацыю перад тым, як пачаць будаўніцтва на канфліктных тэрыторыях. А пасьля страчваюць і грошы, і бізнэс-рэпутацыю».