Жыхарка Армэніі: Газ дарагі, таму зімой грэліся ад электрапечак. Цяпер нам што, замерзнуць?

Пратэсты ў Ерэване

Да ерэванскага «электрамайдану» далучыліся яшчэ чатыры гарады краіны — Абавян, Аштарак, Ванадзор і Гюмры. Мітынгоўцы пратэстуюць супраць падвышэньня тарыфу на электраэнэргію — на гэтым настойвае кампанія «Электрасеткі Армэніі», падкантрольная расейскаму канцэрну «Интер РАО ЕЭС».

Пасьля таго як 23 чэрвеня шэсьце да рэзыдэнцыі прэзыдэнта Сержа Саргсяна разагналі, супрацьстаяньне дэманстрантаў і паліцыі набыло статычны характар — удзельнікаў бестэрміновай акцыі «жывой сьцяной» абараняюць прадстаўнікі культуры, навукі, дэпутаты парлямэнту. Пакуль кожны з бакоў разьлічвае ўзяць апанэнтаў на змор, але ёсьць зьвесткі, што Саргсян нібыта даручыў адпаведным ведамствам перагледзець рашэньне пра рост коштаў на электраэнэргію.

Тым часам, як вынікае з паведамленьняў і фотарэпартажаў армянскіх СМІ, лягер пратэстоўцаў на праспэкце Баграмяна набывае аблічча «стацыянарнага». Тут зьявіліся намёты, працуе перасоўная кухня, салідарныя грамадзяне частуюць маладзёнаў прысмакамі.

Пэрманэнтная незадаволенасьць суправаджае энэргетычную палітыку ўладаў ужо больш як 10 гадоў, фактычна ад таго часу, як пад кантроль расейскай «Интер РАО ЕЭС» перайшла адзіная ў Армэніі атамная электрастанцыя ў Мецаморы. За кошт пагашэньня доўгу за ядзернае паліва для АЭС Масква прыдбала яшчэ Севана-Разданскі каскад ГЭС, стаўшы паўнавартасным гульцом на армянскім рынку.

Армянская АЭС у Мэцаморы непадалёк ад сталіцы

У часе нядаўняй паездкі ў Армэнію давялося выслухаць нямала нараканьняў на адрас «прадажнага кіраўніцтва» — што ад таксістаў, што ад інтэлігенцыі. Ад’ехаўшы некалькі кілямэтраў ад Эчміадзіну — «армянскага Ватыкану», дзе месьціцца рэзыдэнцыя Каталікоса ўсіх армянаў — кіроўца паказвае ў бок гарызонту, дзе дымяць трубы Мецаморскай АЭС. Пасьля ідзе працяглая тырада пра тое, што Армэнія экспартуе электраэнэргію ў Грузію, Іран, і, каб, не складаныя адносіны зь іншымі суседзямі, магла б зарабляць і на іх таксама. Але замест выгодаў шараговыя грамадзяне маюць толькі рост тарыфаў — а яны тут ужо вышэйшыя, чым у любой з астатніх постсавецкіх краін. Галоўным вінаватым суразмоўца робіць «клан Саргсяна», які ўсё прадаў Маскве ды «жыруе» на дывідэндах.

Ганна Гаспаран — выкладчыца адной зь ерэванскіх ВНУ. Кажа, што азы эканомікі вывучыла праз практыку. Нягледзячы на тое, што кіраўніцтва краіны падае за адзіна магчымы паратунак супрацоўніцтва з Расеяй, народ дэкляраваных выгодаў практычна не адчувае:

З надыходам халадоў многія рызыкуюць папросту замерзнуць, вось пра што яшчэ трэба гаварыць

«Кошты расьлі, і народ больш ці менш трываў. Але калі гэта пачало адбывацца на тле таго, што электрасеткі загрузьлі ў даўгах і менавіта насельніцтва павінна іх кампэнсаваць, чаша цярпеньня перапоўнілася. Пры тым, што мы выпрацоўваем электраэнэргію ў вялізнай колькасьці. Уяўляеце, 10–12 цэнтаў за кіляват? Гэта вельмі адчувальная сума. Плюс да ўсяго ў Армэніі дорага каштуе газ — зімой шмат хто ня можа за яго плаціць і ацяпляецца электрапечкамі. Адпаведна, з надыходам халадоў многія рызыкуюць папросту замерзнуць, вось пра што яшчэ трэба гаварыць. Ну, і ў астатнім таксама ўсё падаражэе: ад арэнды офісаў да цырульняў, у якіх фэн працуе на электрычнасьці. І ўсё з-за таго, што кудысьці зьніклі грошы і гэтую „чорную дзірку“ мусіць закрыць народ. Але гэта не армянскае пытаньне, гэта пытаньне „Интер РАО ЕЭС“, пытаньне Расеі».

Дзеля параўнаньня, кіляват электраэнэргіі ў Беларусі ў сярэднім каштуе 5 цэнтаў. Зрэшты, розьніца ў два разы яшчэ ні пра што ня сьведчыць — шмат якія паслугі ў Армэніі нашмат больш даступныя за беларускія. Прыкладам, праезд у наземным грамадзкім транспарце каштуе 50 драм — 1500 рублёў у эквіваленце. Мэтро ўдвая даражэйшае, але ўсё роўна істотна таньнейшае, чым у Менску. У любое месца армянскай сталіцы на таксоўцы можна дакаціць за 1,5–2 даляры — у Беларусі за такія грошы далёка не заедзеш.

Іншая справа, што і прыбыткі ў армян невысокія. З трох мільёнаў жыхароў Армэніі як мінімум мільён на заробках, найперш у Расеі. Гіды-таксісты, эмацыйна размахваючы рукамі, канстатуюць, што вечарамі ў ерэванскіх шматпавярховіках у лепшым выпадку гарыць палова вокнаў, астатнія кватэры пустыя, людзі разьехаліся хто куды. Яшчэ большая беспэрспэктыўнасьць у рэгіёнах: прамысловасьць не разьвітая, у лепшым выпадку людзі занятыя на сэзоннай перапрацоўцы садавіны і гародніны ці прыватным вінаградарстве. Бальшыня мужчынаў таксуе, жанчыны гандлююць на кірмашах ды ў шапіках.

Таму пытаньне, ці актуальная для Армэніі беларуская праблема дармаедаў, выклікае хіба што нездаровы сьмех. Як кажа жыхар невялікага гарадка Дыліжан Рубэн Грыгаран, у такім выпадку ў «дармаеды» можна запісваць большую палову насельніцтва:

«Не, у нас такога дакладна няма, каб дармаедаў абкладалі „аброкам“. Таму што няма для гэтага падставаў. Бо перш чым абавязваць працаўладкоўвацца, трэба спачатку паварушыцца самім уладам. То бок, каб такі закон працаваў, урад найперш павінен стварыць працоўныя месцы, запусьціць заводы, фабрыкі, стварыць адпаведную інфраструктуру. У нас цяпер нічога фактычна няма, камэрцыя толькі — купі-прадай. Няма ўжо тых прадпрыемстваў, якія колісь былі пры Савецкім Саюзе. Таму пра які падатак на дармаедзтва гаворка? Калі я не працую, з чаго мне гэты падатак плаціць? Па-мойму, тут усё лягічна».

Ці прынясе плён армянскаму грамадзтву так званы «электрамайдан»? Нават незалежныя і прадэмакратычна арыентаваныя армянскія мэдыі пішуць, што масавасьць пратэстаў стала нечаканасьцю для арганізатараў і цяпер у імправізаваным лягеры мітынгоўцаў павісла няёмкая паўза — у якое рэчышча скіроўваць пратэстныя настроі? Але доўга думаць не выпадае — у справы Армэніі ўсё больш актыўна ўкліньваецца Расея, напалоханая пэрспэктывай чарговай «каляровай рэвалюцыі». А з улікам наяўнасьці ў Гюмры вайсковай базы дапамога «братняму народу» ўжо не выглядае занадта фантастычнай.