«Людзі, якія займаюць пасады ва ўладзе, ня ў стане камунікаваць з грамадзянскай супольнасьцю», — кажа Ігар Чарняўскі, гісторык, археоляг, былы начальнік упраўленьня па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры.
У суботу 8 красавіка ў Жодзіне пад сьценамі мясцовага аддзелу ўнутраных спраў ён сустракае сваю дачку Хрысьціну. Экалягічная актывістка і журналістка Хрысьціна Чарняўская атрымала ад беларускай дзяржавы 15 сутак за «нецэнзурную лаянку ў грамадзкім месцы».
«Ведаю, што такіх спраў сотні, — кажа Ігар Чарняўскі. — І раней ведаў. Ня тое што зьдзіўляўся, але заўсёды лічыў, што гэта нейкае глупства. Гэта проста зьнявага чалавека, прыніжэньне чалавечай годнасьці. Відавочна, тыя, хто так робіць, проста не задумваюцца, што жыцьцё сёньняшнім днём не сканчаецца. І калі ня тут, то там давядзецца адказаць за ўсе гэтыя справы. Бо яны ў бога ня вераць і ані ўва што ня вераць».
Сустракаць Хрысьціну ў Жодзіна прыехалі зь дзясятак сяброў. Значная частка гэтых маладых людзей — самі пасьля «сутак». Хрысьціну затрымалі 24 сакавіка ў офісе «Зялёных». Туды прыйшлі людзі, каб сабраць дапамогу арыштаваным пасьля акцыі 15 сакавіка.
«Я гэта нічым не магу патлумачыць, — кажа Хрысьціна, стоячы на вуліцы сярод сяброў з кубкам гарачай гарбаты ў адной руцэ і скруткам фалафэлю ў другой. Дзяўчына — вэганка, а ім у беларускай турме яшчэ цяжэй, чым астатнім. — Нас затрымалі, сказалі, што хочуць завезьці ў РУУС і праверыць дадзеныя. Праз суткі мы ўжо сталі затрыманымі. З пратаколам я пазнаёмілася толькі на судзе. Паводле гэтых пратаколаў выглядала, што мы ўсе, 13 чалавек затрыманых, хорам крычалі нецэнзурныя словы».
15 сутак далі толькі Хрысьціне. Сама яна кажа — напэўна, за тое, што найбольш выказвала незадавальненьне.
«Патлумачыць гэта нармальнымі чалавечымі меркаваньнямі складана, — кажа яе бацька Ігар Чарняўскі. — Відавочна, што чалавек апынуўся не ў належным месцы не ў належны час. Ёсьць пастанова суду адносна таго, што яна выказвалася нецэнзурнай лаянкай у грамадзкім месцы каля дому нумар 4 па вуліцы Фабрыцыюса. Дык іх бралі ў будынку, а не на вуліцы. Там шмат нестыковак. Суд разглядаў толькі рапарты двух міліцыянтаў, а чаму не былі разгледжаныя іншыя матэрыялы? Усё гэта выклікае ня тое што зьдзіўленьне, а проста гэта ненармальна, калі так проста можна на чалавека ўзьвесьці паклёп і загнаць на 15 сутак».
Пакуль Хрысьціну перавозілі з адной ізаляцыйнай установы ў другую, бацькі спрабавалі абараніць яе годнасьць у судзе. Але беспасьпяхова. Гарадзкі суд скаргу адхіліў.
«Там фактычна паўтораная пастанова Маскоўскага раённага суду. Усё гэта пад капірку зроблена нават, — кажа Ігар Чарняўскі. — Можа, у іх заведзеныя нейкія шаблёны, у якія ўпісваюцца прозьвішчы, даты. Дзякуй богу, што хоць без памылак».
«Нават паглядзець на яе — маленькая дзяўчынка, — якую яна пагрозу можа ствараць?» — пытаецца Ігар Чарняўскі. Прысуд дачцэ ён тлумачыць тым, што любая актыўнасьць выклікае тут падазрэньне.
«Думаю, гэта прэвэнтыўная мера, папярэджаньне, што трэба быць як усе. Відавочна, чалавечая актыўнасьць выклікае перасьцярогу», — кажа ён.
«Тут та-а-ак клясна кормяць!» — згадвае Хрысьціна апошнія суткі ў Жодзінскім аддзеле ўнутраных спраў. Параўнаньні гэтыя хутчэй саркастычныя, але ўсё адно, кажа дзяўчына, тут нармальна паставіліся да таго, што яна вэганка. А першыя двое сутак зьняволеньня яе ўвогуле трымалі без абеду і вячэры.
«На ЦІП (цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў. — РС) мы зьелі толькі аўсянку, — кажа Хрысьціна. — Яна такая жудасная, што проста словамі не перадаць. А ў турме (турма № 8 у горадзе Жодзіна. — РС) большасьць таго, што гатавалі, было зь мясам. І жудаснае ня толькі на выгляд і на смак, а на пах нават жудаснае».
Супы, кажа дзяўчына, варацца «на костках», таму есьці іх вэгетарыянцу немагчыма. «Фірмовая страва ў іх — ячная каша з аўсянкай, ячная каша з гарохам альбо ячная каша сама па сабе, — кажа дзяўчына. — Але яна такога выгляду, што ў лепшым выпадку ты можаш зьесьці тры лыжкі. Ратаваліся толькі тым, што бацькі перадавалі сухафрукты, гарэхі. Засыпаеш гэта ўсё, зьядаеш тры лыжкі, астатняе выкідаеш ва ўнітаз».
Сярод страў была і фірмовая «брацкая магіла» — смажаная з галовамі і хрыбтамі рыба. «Ад яе нават мясаеды адмаўляліся, бо на выгляд і на пах гэта невыносна», — кажа дзяўчына.
Гарачай вады ў турме не было. «Мы налівалі ваду ў бутэлькі, клалі іх на батарэі і так мыліся, — дзеліцца Хрысьціна вынесенымі з турмы лайфхакамі. — У нас не было халадзільніка. Каб даўжэй захоўваць прадукты, мы ў бутэлькі набіралі халодную ваду, абкладалі імі прадукты і так захоўвалі».
Ахоўнікі, па яе словах, у асноўным вельмі маладыя людзі. Спрабавалі зь дзяўчатамі жартаваць, а па начах, як на скейце, каталіся па турэмных калідорах на тачцы, у якой разносяць зьняволеным ежу. Ставіліся да іх збольшага нармальна.
Хрысьціна кажа, што 15 сутак былі неверагодна доўгія. «Мы пражывалі жыцьцё хамячкоў: падымаліся раніцай, нас кармілі, выводзілі гуляць, мы спалі, пасьля нас кармілі, мы зноў спалі, чыталі кніжкі», — кажа яна.
«Гэта зьдзек зь чалавечай годнасьці, — паўтарае дзяўчына бацькавы словы. — Ты там адчуваеш сябе абсалютна безабаронным, у цябе няма аніякіх правоў. Табе могуць пагражаць карцэрам за любое слова, дзеяньне. Пастаянна прымушаюць хадзіць рукі за сьпінай, як быццам ты злосны злачынца».
Пры гэтым, кажа Хрысьціна, супрацоўнікі разумеюць, што «ўсе гэтыя справы напісаныя проста „ад балды“. Кожны сябе апраўдвае: вы ж разумееце, гэта ж ня мы, мы проста выконваем загады».
Суткі ў жодзінскай турме дзяржава ацэньвае ў 11 рублёў 50 капеек.
«То бок мне за перабываньне з 26 сакавіка па 8 красавіка трэба заплаціць 149 рублёў 50 капеек», — кажа Хрысьціна.
Навіны звонку даходзілі да дзяўчат рэдка. Але пра тое, што 25-га ў Менску АМАП пазатрымліваў сотні чалавек, дзяўчаты даведаліся. «Былі ў шоку», — кажа Хрысьціна.
Ігар Чарняўскі спыняцца на рашэньні гарадзкога суду не зьбіраецца.
«Я за гэтыя 15 содняў адчуў, наколькі да Хрысьціны з павагай ставяцца і відавочна любяць яе. Чалавек за ўсё жыцьцё нічога кепскага не зрабіў, — кажа ён. — Проста трэба годнасьць чалавечую адстойваць да канца, прайсьці ўвесь шлях. Як яно будзе далей, паглядзім. Надзея памірае апошняй. Гэты шлях трэба прайсьці».
Затрыманьні апошняга месяца, кажа Чарняўскі, па-чалавечы ён патлумачыць ня можа.
«Я маю 26 гадоў дзяржаўнай службы. З маёй практыкі вырашаліся многія пытаньні. Ня ўсё ўдавалася. Але шмат якія справы вырашаліся праз размову, тлумачэньне. Гэта, можа, займала трошкі часу, але ёсьць рашэньні. Проста трэба жадаць іх знаходзіць і рэалізоўваць», — кажа ён.
«Калі мы кажам, што ў Курапатах трэба паставіць знак, мэмарыял ці яшчэ што ў знак прымірэньня, то знакам прымірыць людзей нельга, — кажа Ігар Чарняўскі. — Прымірыць можна гаворачы, абмяркоўваючы... Мы некалі сваім дзецям, калі іх выхоўвалі, казалі, што язык дадзены людзям для таго, каб гаварыць, абмяркоўваць і знаходзіць рашэньні для любых пытаньняў. Так ёсьць ва ўсім сьвеце, так павінна быць і ў нас».