Ад 1 кастрычніка Ашмянская мытня спыніць сваё існаваньне, паведаміў журналістам старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Юры Сянько. Зона адказнасьці пяройдзе пад юрысдыкцыю Гарадзенскай рэгіянальнай мытні, перадае БЕЛТА.
Ці зьвязана гэта нейкім чынам з гучнай справай ашмянскіх мытнікаў, якая завершылася ў Менскім абласным судзе, але працягваецца ў раённых судах сталіцы, Сянько не ўдакладніў.
Па словах кіраўніка ведамства, усё падрыхтавана да «перафарматаваньня» працы. Кіроўны пэрсанал будзе пераведзены ў памежныя пункты мытнага афармленьня ды іншыя аддзелы.
«За кошт такой аптымізацыі будзе ўзмоцнена мяжа. Часткова адбудзецца скарачэньне часткі адміністрацыйнага апарату, які выконваў функцыі кіраваньня на ашмянскай напрамку», — растлумачыў Сянько.
Па выніках «аптымізацыі» Дзяржаўны мытні камітэт будзе скарочаны на 20 штатных адзінак, а мытная служба ў цэлым — на 100. Яшчэ блізу паўтысячы супрацоўнікаў перавядуць у шэраг тэхнічнага пэрсаналу.