Кіраўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын заявіла ў інтэрвію БелаПАН, што ЭЗ працягне ўздымаць пытаньне аб поўнай рэабілітацыі палітвязьняў у Беларусі.
Гаворачы пра 4-месячны мараторый на дзеяньне санкцыяў у дачыненьні да беларускіх уладаў, Віктарын адзначыла, што ЭЗ спадзяецца на паляпшэньне сытуацыі ў Беларусі ў сфэры правоў чалавека. Кіраўніцтва ЭЗ таксама чакае ад уладаў Беларусі зьняцьця ўсіх абмежаваньняў на поўную рэалізацыю вызваленымі палітзьняволенымі іхніх грамадзянскіх і палітычных правоў. «Мы ўздымалі гэтае пытаньне і працягнем гэта рабіць», — сказала яна.
Акрамя таго, Віктарын узгадала пра рэкамэндацыі місіі БДІПЧ АБСЭ аб неабходнасьці зьмяненьняў у выбарчым заканадаўстве.
«Мы былі б вельмі рады, калі б у адпаведнасьці са стандартамі АБСЭ і іншымі сваімі міжнароднымі абавязаньнямі Беларусь правяла неабходныя рэформы выбарчага заканадаўства перад парлямэнцкімі выбарамі, якія набліжаюцца. І мы гатовыя аказаць падтрымку ў гэтым», — заявіла яна.
Выкананьне ролі пасярэдніка паміж уладамі Беларусі і тымі, хто ў апазыцыі, не зьяўляецца задачай Эўрапейскага Зьвязу
Віктарын патлумачыла, што рашэньне па санкцыях, якое павінна быць прынята ў лютым 2016 году, будзе залежаць ад мноства фактараў. І якім будзе рашэньне — сёньня сказаць немагчыма.
«28 краін ЭЗ і інстытуты ЭЗ прымуць да ўвагі мноства фактараў і прыйдуць да сумеснага вырашэньня. Рашэньне будзе прымацца не на аснове якога-небудзь аднаго элемэнта. Мы працягнем казаць пра неабходнасьць сур’ёзных паляпшэньняў і будзем ацэньваць сытуацыю ў цэлым. Пажывем — пабачым. Я бачу пазытыўныя крокі. Напрыклад, у ліпені мы аднавілі дыялёг па правах чалавека зь Беларусьсю. Гэта вельмі пазытыўны крок. Так што мы павінны будзем разглядаць сытуацыю ў цэлым», — падкрэсьліла яна.
Віктарын запэўніла, што ЭЗ і надалей будзе аддаваць пільную ўвагу пытаньням разьвіцьця дэмакратыі, вяршэнства права і правоў чалавека ў Беларусі. «Мы сапраўды хочам — і, мне здаецца, з абодвух бакоў — палепшыць адносіны, пашырыць супрацоўніцтва, што паслужыць на карысьць народу Беларусі», — адзначыла яна.
Камэнтуючы зварот лідэраў беларускай апазыцыі да кіраўніцтва ЭЗ з прапановай стаць пасярэднікам у перамоўным працэсе паміж уладамі і апазыцыяй, Віктарын заявіла:
«Выкананьне ролі пасярэдніка паміж уладамі Беларусі і тымі, хто ў апазыцыі, не зьяўляецца задачай Эўрапейскага Зьвязу. ЭЗ не зьяўляецца ўдзельнікам унутрыпалітычнага працэсу. У той жа час ЭЗ узаемадзейнічае з усімі бакамі, зацікаўленымі ў разьвіцьці адносін паміж ЭЗ і Беларусьсю».