Эўрапейскі Зьвяз прыпыніў на чатыры месяцы санкцыі адносна беларускіх чыноўнікаў. Якія чыньнікі паўплывалі на гэтае рашэньне? Навошта спатрэбіўся выпрабавальны тэрмін? Якія рашэньні могуць быць прынятыя Эўразьвязам праз чатыры месяцы?
Удзельнікі: палітолягі Павал Вусаў з Варшавы і Андрэй Фёдараў зь Менску.
Чаму адменены санкцыі?
Валер Карбалевіч: «Пра тое, што санкцыі ЭЗ адносна беларускіх чыноўнікаў, вінаватых у палітычных рэпрэсіях, будуць адменены, гаварылі ўсе беларускія і замежныя экспэрты, палітыкі. То бок справа была відавочная. Чаму? У чым прычына такой экспэртнай аднадушнасьці?»
Павал Вусаў: «Асноўнай прычынай зьмены палітыкі Захаду датычна Беларусі стала вайна ва Ўкраіне. У Эўропе вырашылі, што ізаляцыя Беларусі будзе спрыяць збліжэньню Беларусі з Расеяй. Там існуе міт, што Лукашэнка — гарант незалежнасьці Беларусі, таму яго трэба неяк падтрымліваць.
А яшчэ ў ЭЗ адмовіліся ад ідэі зьмены ўлады на постсавецкай прасторы, і ў Беларусі ў прыватнасьці, з дапамогай рэвалюцыі. На гэта паўплываў крывавы кіеўскі Майдан. Узяты курс на эвалюцыю аўтарытарных рэжымаў. Рэжым Лукашэнкі цяпер успрымаецца як „аўтарытарызм з чалавечым тварам“. Існуе надзея прыцягнуць Беларусь на чале з Лукашэнкам у сфэру эўрапейскага ўплыву, дэмакратызаваць такім чынам краіну. Але адзінае, што можа зрабіць ЭЗ для Беларусі, — гэта адмяніць санкцыі. Гэта адзіны палітычны рэсурс, з дапамогай якога Эўропа можа ўзьдзейнічаць на Беларусь».
Андрэй Фёдараў: «Па-першае, існуе фармальны чыньнік. Санкцыі былі ўведзены ў адказ на рэпрэсіі пасьля 19 сьнежня 2010 году, зьяўленьне палітвязьняў. Вязьні вызвалены, новых па выніках прэзыдэнцкіх выбараў не зьявілася. Таму крок ЭЗ па адмене санкцыяў лягічны. Інакш выглядала б так, што пакараньне большае за парушэньне.
Па-другое, ёсьць меркаваньне, што такім крокам ЭЗ можа прадухіліць збліжэньне Беларусі з Расеяй. Ня думаю, што ў Брусэлі разьлічваюць на дэмакратызацыю Беларусі з дапамогай адмены санкцыяў.
Па-трэцяе, адмена санкцыяў яшчэ не азначае, што Лукашэнку тут жа будуць запрашаць у эўрапейскія сталіцы».
Навошта спатрэбіўся выпрабавальны тэрмін?
Карбалевіч: «Чаму ўзяты тэрмін чатыры месяцы ў якасьці выпрабавальнага тэрміну? Чаму ўвогуле не адбылася адмена санкцыяў? Чаму не паўгода, ня год? Што павінна здарыцца за гэтыя чатыры месяцы, каб паўплываць на далейшыя рашэньні ЭЗ адносна санкцыяў?»
Вусаў: «Думаю, такі тэрмін быў прыняты фармальна. ЭЗ вымушаны рэагаваць на крытыку з боку дэмакратычнай грамадзкасьці за патураньне дыктатуры. Калі ўжо ЭЗ хацеў зрабіць крок насустрач Беларусі, то дастаткова было б адмяніць эканамічныя санкцыі, а візавыя — пакінуць».
Фёдараў: «Думаю, ЭЗ імкнецца падвесіць сытуацыю з санкцыямі, каб матываваць беларускія ўлады паводзіць сябе больш стрымана адносна апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці.
Зь іншага боку, санкцыі ня моцна паўплывалі на сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Тыя людзі, якія крытыкуюць Захад за зьняцьцё санкцыяў, хацелі б, каб Захад вырашыў за беларусаў іхнія праблемы ў пляне дэмакратызацыі краіны».
Новая старонка ў дачыненьнях?
Карбалевіч: «Ці можна сказаць, што адчыняецца новая старонка ва ўзаемаадносінах Беларусі і ЭЗ? У чым яе асаблівасьці?»
Беларусь цяпер цалкам залежыць ад Расеі. Я ўпэўнены, што неўзабаве тут зьявіцца расейская авіябаза
Вусаў: «У 2008–2010 гадах ужо быў пэрыяд кароткай адлігі паміж Беларусьсю і Захадам. Але гэта не прывяло да дэмакратычных зьменаў. Новы этап дыялёгу таксама ні на што не паўплывае. Думаю, ЭЗ памыляецца ў сваёй палітыцы адносна Беларусі, разьлічваючы на зьмену яе геапалітычнай арыентацыі. Беларусь цяпер цалкам залежыць ад Расеі. Я ўпэўнены, што неўзабаве тут зьявіцца расейская авіябаза. Узрастаньне канфліктнасьці паміж РФ і Захадам вядзе да таго, што Беларусь будзе яшчэ больш прыціснута расейскім ботам. Магчыма, ЭЗ сапраўды лічыць гэта новым этапам у адносінах зь Беларусьсю. А для Беларусі — гэта працяг ранейшай палітыкі».
Карбалевіч: «Сп. Фёдараў, вы лічыце, што ЭЗ сапраўды памыляецца ў сваёй палітыцы адносна Беларусі?»
Фёдараў: «Але ж і санкцыі не даюць таго эфэкту, які хацеў бы атрымаць Захад. Ён спрабуе розныя падыходы. Ня думаю, што лепш было б пакінуць Беларусь на волю лёсу».
Якія рашэньні могуць быць прынятыя Эўразьвязам праз чатыры месяцы?
Карбалевіч: «І які прагноз можна даць на будучыню? Здаецца, за чатыры месяцы палітычная атмасфэра ў Беларусі ня можа зьмяніцца ні ў горшы, ні ў лепшы бок. Чаго варта чакаць? Працягу мараторыю яшчэ на чатыры месяцы? Большасьць апазыцыі заклікала ЭЗ не адмяняць санкцыі, пакуль у Беларусі ня пройдуць дэмакратычныя выбары. Наколькі рэальнае такое патрабаваньне?»
Вусаў: «У ЭЗ разумеюць, што беларуская апазыцыя не адносіцца да ключавых гульцоў у краіне. Таму перамовы пра лёс Беларусі трэба весьці з Лукашэнкам.
Цяпер для Захаду зьявілася вельмі камфортная фігура для кантактаў. Гэта Караткевіч і „Гавары праўду“. Бо яна таксама выступае за адмену санкцыяў».
Фёдараў: «Думаю, у горшы бок сытуацыя ў Беларусі зьмяніцца можа. Апазыцыя прэзэнтуе маральны падыход. Аднак наўрад ці Захад пагодзіцца з патрабаваньнямі беларускай апазыцыі».