Эканаміст, знаўца эканомікі Ўсходняй Эўропы, экспэрт Атлянтычнай рады Андэрс Ослунд заявіў, што «крамлёўскі даклад» падмянілі ў апошні момант.
Паводле Ослунда, у пачатковым варыянце «крамлёўскага дакладу» пералічаліся прадпрымальнікі і алігархі, якія зарабілі свае багацьці незаконным чынам — праз сувязі ў Крамлі. Аднак у апошнюю хвілю нехта высокапастаўлены адкінуў усю працу экспэртаў і ўнёс у даклад імёны вышэйшых чыноўнікаў з адміністрацыі прэзыдэнта і ўраду Расеі і 96 расейскіх мільярдэраў зь сьпісу Forbes.
У аўторак Міністэрства фінансаў ЗША абнародавала «крамлёўскі даклад» — сьпіс 210 чалавек, набліжаных да Ўладзімера Пуціна. У іх ліку ўсе члены ўраду Расеі, супрацоўнікі адміністрацыі прэзыдэнта, кіраўнікі дзяржаўных карпарацый, праваахоўных ведамстваў, а таксама алігархі, супраць якіх могуць увесьці санкцыі. На думку Ослунда, цяперашні сьпіс «неэфэктыўны».
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін заявіў, што Масква разглядае публікацыю сьпісу як «непрыязны акт», але адказваць на яго ня будзе, бо ня хоча пагаршаць адносіны з ЗША.
Закон пра пашырэньне антырасейскіх санкцый у адказ на ўмяшаньне Расеі ў амэрыканскія выбары прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў 2 жніўня 2017 году.