Лябедзька запрасіў гандляроў рынку «Экспабел» у сваю ініцыятыўную групу

Your browser doesn’t support HTML5

Лябедзька агітуе на рынку «Экспабел»

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька запрасіў прадпрымальнікаў менскага рынку «Экспабел» стаць чальцамі ягонай ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за ягоны ўдзел у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі.

Разам з паплечнікамі па партыі Анатоль Лябедзька раздаваў гандлярам адпаведныя блянкі заяваў, якія адначасна былі і ўлёткамі з фрагмэнтамі будучай перадвыбарчай праграмы. Палітык таксама размаўляў зь людзьмі, адказваў на іхнія пытаньні. Адзін з прадпрымальнікаў, паціснуўшы руку апазыцыянэру, выказаў сваё меркаваньне адносна выбараў:

«Па вопыту мінулых гадоў у выбары ня веру, але новыя імёны патрэбныя. Новыя імёны — гэта новыя людзі, і новыя ідэі, і наваўводзіны ў палітыцы, эканоміцы, сацыяльнай сфэры, і іншыя зьмены. Але тое, што сам магчымы кандыдат сустракаецца зь людзьмі — гэта непазьбежна для кожнага сапраўднага кандыдата, каб людзі маглі сапраўды ведаць, хто і што гатовы прапанаваць».

Некаторыя з гандляроў адмаўляліся прымаць улёткі, наўпрост адказваючы, што баяцца нават гэткім чынам прымаць удзел у палітыцы. Некаторыя асьцерагаліся размаўляць у прысутнасьці журналістаў, Але значная колькасьць гандляроў ахвотна бралі ўлёткі, размаўлялі з палітыкам, задавалі пытаньні і адказвалі на іх:

Карэспандэнтка: «Як вы ставіцеся да выбарчай кампаніі?»

Прадпрымальнік: «Байкот, поўны байкот. Пакуль ёсьць Лукашэнка, ніякіх выбараў быць ня можа, бо ён дыктатар».

Карэспандэнтка: «Як можна зьмяніць сытуацыю, ці варта зьмяняць?»

Прадпрымальнік: «Рэвалюцыйным мэтадам. Эвалюцыя тут не дапаможа. Гэта маё меркаваньне».

«Паход у народ» на рынку «Экспабел» прайшоў без затрыманьняў і іншых напружаных сытуацыяў. Аднак памочнікі Анатоля Лябедзькі ўсё ж скардзіліся на пільную ўвагу з боку аховы рынку.

Падсумоўваючы акцыю, Анатоль Лябедзька сказаў:

«Гэта ня першы і не апошні паход па рынках, і наша задача — не дапусьціць легітымізацыі выбараў, а таксама далучыць да палітычнага працэсу як найбольшую колькасьць людзей. Гэта можа быць праз папулярызацыю праграмы „Мільён новых працоўных месцаў для Беларусі“ — гэта дзьве галоўныя задачы.

На рынку сытуацыя вельмі розная. Некаторыя кажуць, што пакуль ёсьць Лукашэнка, выбараў ня можа быць. Але бальшыня — далёкія ад беларускай рэчаіснасьці: альбо яны абыякавыя, альбо ня здольныя быць палітычна актыўнымі. Я пачуваюся досыць камфортна — толькі 3–4 чалавекі адмовіліся браць улёткі. Гэта невялікі адсотак, таму па подпісы мы прыйдзем да заводзкіх прахадных і на рынкі».

Улёткі з заклікам далучацца да ягонай ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў Анатоль Лябедзька ў гэты ж дзень раздаваў каля прахадной аднаго з прадпрыемстваў Менску.