Падрыхтаваны праект указу аб адказнасьці ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў за інфармацыю, якая на іх разьмяшчаецца. Асобныя інтэрнэт-рэсурсы выклікаюць сур’ёзныя пытаньні ў Міністэрства інфармацыі.
Пра гэта паведаміла на прэс-канфэрэнцыі міністар інфармацыі Лілія Ананіч.
Паводле міністра, пакуль ня ўсе ўладальнікі інтэрнэт-рэсурсаў прынялі меры, каб прадукцыя, якая разьмяшчаецца на іхніх сайтах, у поўнай меры адпавядала нацыянальнаму заканадаўству. Інфармацыя павінна быць дакладнай, спрыяць разьвіцьцю грамадзтва і не наносіць шкоды нацыянальным інтарэсам, што абумоўлена канцэпцыяй нацыянальнай бясьпекі. Асобныя інтэрнэт-рэсурсы выклікаюць пытаньні з боку Міністэрства інфармацыі, адзначыла Лілія Ананіч.
Закон аб СМІ прадугледжвае адказнасьць уладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў. Вядзецца праца па ўстанаўленьні ўладальнікаў тых рэсурсаў, якія працуюць па-за зонай by. Усе, хто працуе ў нацыянальнай прасторы, роўныя перад законам. Таму кантроль за выкананьнем заканадаўства будзе распаўсюджвацца на ўсе даступныя інтэрнэт-рэсурсы на тэрыторыі краіны, паведамляе БелТА.
Паводле закону аб СМІ, уладальнікі інтэрнэт-рэсурсаў нясуць адказнасьць і за камэнтары на рэсурсе. Пры гэтым, калі грамадзянін палічыць, што яго абразіў канкрэтны аўтар камэнтара, і гэта будзе ўстаноўлена, то ён мае права зьвяртацца па абарону сваіх законных правоў.
Яна адзначыла, што ўжо закрыты доступ да прадукцыі 18 сайтаў, якія выкарыстоўваліся для прапаганды наркотыкаў, ужывалі ненарматыўную лексыку. І гэтая праца будзе працягнутая, цытуе БелаПАН Ананіч.