Амбудсмэны Расеі і Ўкраіны правялі перамовы ў Менску

Your browser doesn’t support HTML5

21 чэрвеня ў Менску ў Нацыянальнай бібліятэцы прайшлі перамовы расейскага і ўкраінскага амбудсмэнаў Таццяны Маскальковай і Валерыі Луткоўскай. Яны абмеркавалі мэханізм вяртаньня ўкраінскіх грамадзян, якія адбываюць пакараньне ў Крыме, на тэрыторыю Ўкраіны.

Упаўнаважаныя па правах чалавека Расеі і Ўкраіны Тацяна Маскалькова і Валерыя Луткоўская сустрэліся ў Менску, каб «абмеркаваць, як дабіцца лепшага выконваньня правоў і інтарэсаў асобы ў абедзьвюх краінах». «Наша асноўная канцэпцыя — абарона правоў чалавека па-за палітыкай і межамі», — падкрэсьліла спадарыня Маскалькова.

Амбудсмэны дзьвюх краінаў зьверылі сьпісы асуджаных, якія знаходзяцца на тэрыторыі СІЗА Сімфэропаля і ў іншых папраўчых установах Крыму, якія просяць перавесьці іх для адбываньня пакараньня бліжэй да семʼяў, на тэрыторыю Ўкраіны. Яны абмеркавалі мэханізм вяртаньня, іншыя прынцыповыя моманты.

Сёньня размова ішла пра 18 чалавек, якія зьвярнуліся да ўладаў, але, на думку ўкраінскага амбудсмэна Валерыі Луткоўскай, іх больш. Сьпісы яшчэ ўдакладняюцца.

Журналістам амбудсмэн Луткоўская сказала, што ўсе праблемы правоў чалавека ў розных сфэрах дзейнасьці трэба вырашаць паступова.

«Мы абмеркавалі многія тэмы, а рашэньні па іх знойдзем пры будучых сустрэчах. Спадзяюся, яны яшчэ адбудуцца», — сказала на заканчэньне ўпаўнаважаная па правах чалавека ва Украіне спадарыня Луткоўская.

Дата наступнай сустрэчы ўпаўнаважаных па правах чалавека Расеі і Ўкраіны яшчэ не вядомая, аднак яны запэўнілі, што перамовы адбудуцца, а абмяркоўвацца будуць як сытуацыя на паўднёвым усходзе Ўкраіны, так і праблемы з нацыянальнымі меншасьцямі ды зь вязьнямі ў Крыме.