Стваральнік ініцыятывы «Гуманітарны маршрут Беларусь — АТА» гамяльчук Андрэй Стрыжак узнагароджаны ганаровай граматай амбасады Ўкраіны ў Беларусі за сваю працу ў зоне АТА.
Таксама ўкраінская амбасада ўшанавала і іншых валянтэраў ініцыятывы «Гуманітарны маршрут Беларусь — АТА».
У выступе ва ўкраінскай амбасадзе ў Менску Андрэй Стрыжак адзначыў, што яго дапамога ўкраінцам пачалася яшчэ ў часы Эўрамайдану, калі ён працаваў на гарачай лініі валянтэрскай ініцыятывы «Эўрамайдан-SOS».
Потым, калі ўжо пачалася вайна на Данбасе, зьявілася ідэя займацца гуманітарнай дапамогай у зоне ваеннага канфлікту.
«Наш галоўны накірунак — дапамога людзям, якія знаходзяцца ў зоне канфлікту. Акрамя таго, мы таксама дапамагаем мэдыкам, якія працуюць у зоне канфлікту», — апавёў Стрыжак.
За час сваёй працы валянтэры сабралі грошы, купілі і даставілі на фронт тры санітарныя аўтамабілі.
«Гэта такая народная дыпляматыя, якая паказвае, што звычайныя беларускія людзі дапамагаюць украінцам у цяжкі момант», — дадаў ён.
Акрамя таго, валянтэры сабралі каля 7 тон гуманітарнай дапамогі.
Часовы павераны ў справах Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Валер Джыгун падзякаваў беларускім валянтэрам:
«Цяпер Украіна перажывае няпросты час. Стаіць пытаньне пра тое, каб адстаяць сувэрэнітэт і незалежнасьць. І вельмі прыемна, што зараз разам з нашымі патрыётамі беларускія сябры, валянтэры».