«Засталіся сур'ёзныя пытаньні адносна сумленнасьці», — амбасада ЗША пра беларускія мясцовыя выбары

Падлік галасоў на выбарах, ілюстрацыйнае фота

Падлік галасоў на выбарах, ілюстрацыйнае фота

Злучаныя Штаты з занепакоенасьцю адзначаюць характар правядзеньня мясцовых выбараў у Рэспубліцы Беларусь 13–18 лютага 2018 году, гаворыцца ў заяве амбасады ЗША ў Менску, распаўсюджанай 23 лютага.

Нягледзячы на «некаторыя невялікія паляпшэньні ў элемэнтах працэсу рэгістрацыі кандыдатаў і вядзеньня агітацыі», амбасада мяркуе, што выбары ў цэлым не адпавядалі міжнародным абавязаньням Беларусі.

Мясцовыя выбары былі «максымальна бруднымі», — назіральнікі

«Мы шкадуем аб адсутнасьці істотных зьменаў у выбарчым працэсе ў адпаведнасьці з рэкамэндацыямі БДІПЧ АБСЭ і Вэнэцыянскай камісіі Рады Эўропы. На жаль, у дачыненьні да мясцовых выбараў засталіся сур'ёзныя пытаньні адносна сумленнасьці працэсу датэрміновага галасаваньня, выкарыстаных мэтадаў стымуляваньня выбарцаў да галасаваньня, непразрыстасьці падліку і зьвядзеньня галасоў, фармаваньня выбарчых камісій на неплюралістычнай аснове, абмежавальнага характару інфармацыйнага асяродзьдзя і заканадаўства.

І ў Менску, і ў Вашынгтоне мы заклікалі беларускія ўлады да сур’ёзнай рэформы выбарчага заканадаўства і выбарчых працэдураў у адпаведнасьці з рэкамэндацыямі БДІПЧ АБСЭ і Вэнэцыянскай камісіі Рады Эўропы. Мы працягваем заклікаць беларускія ўлады правесьці гэтыя рэформы як мага хутчэй, каб Беларусь змагла выканаць свае міжнародныя абавязаньні ў пэрыяд да наступных выбараў».

Паводле амбасады, Злучаныя Штаты выступаюць за пашырэньне ў Беларусі дэмакратычных свабодаў, у тым ліку ў выбарчым працэсе, за ўзмацненьне незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі. Далейшыя станоўчыя крокі з боку Беларусі ў сфэры фундамэнтальных свабодаў «застаюцца важным кампанэнтам для ўмацаваньня двухбаковых адносінаў».

Шуневіч падзякаваў міліцыянтам за парадак на мясцовых выбарах. Пабілі толькі аднаго назіральніка