Апазыцыянэра выклікалі ў ваенкамат, ён будзе прасіць, каб выдалі танк

Алесь Мех у Мілавідах, архіўнае фота

Былы кандыдат у дэпутаты з Кобрыні Алесь Мех атрымаў позву зьявіцца ў ваенкамат. Ён мяркуе, што такім чынам хочуць прадухіліць ягоны выезд у Менск на акцыю «Праспэкт нацыянальнага сьцяга».

Позву Алесю Меху ўручылі на 19 верасьня. Якраз на гэты дзень прызначана акцыя ў Менску.

У позьве напісана, што «малодшы сяржант Мех Аляксандар Васільевіч» мусіць зьявіцца а 16-й гадзіне ў ваенкамат «для ўдакладненьня ўліковых дадзеных».

У размове з працаўнікамі ваенкамату Алесь Мех прапаноўваў зьявіцца ў ваенкамат раней у іншы дзень. Але яму сказалі, што ён мусіць быць менавіта ў панядзелак, 19 верасьня.

На пытаньне Свабоды, якое рашэньне прыняў спадар Мех, ці пойдзе ён у ваенкамат, актывіст адказаў:

«Пайду ў ваенкамат ды буду прасіць, каб далі мне танк. Справа ў тым, што ў войску я быў камандзірам танка. Таму я згодзен прыняць пад камандаваньне хаця б сьпісаны танк, каб бараніць сваю Радзіму».

Алесь Мех мяркуе, што ён перамог на выбарах у Кобрыні, таму яго і пільнуюць:

«Паводле дадзеных маіх назіральнікаў, я перамагаў, калі лічылі скрыні асноўнага дня галасаваньня. І перамагалі мы зь велізарным адрывам. І ў сувязі з тым, што горад сёньня ўвогуле незадаволены афіцыйнымі вынікамі і масавымі фальсыфікацыямі, улады вырашылі перавесьці міліцыю на ўзмоцнены рэжым, сюды сьцягнулі атрады АМАПу. А мяне, каб нэўтралізаваць, выклікалі 12 верасьня ў міліцыю разам з маёй даверанай асобай Рыгорам Грыкам. І цяпер гэты выклік у ваенкамат — каб увесь час мяне трымаць пад кантролем», — кажа Алесь Мех.