29 красавіка 50-гадовы юбілей адзначае Алег Рудакоў — сябра Вялікай рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», актывіст беларускага руху ў Сыбіры. Ён гаспадар «Беларускай хаты» ў Іркуцку, заснавальнік Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага, адзін з кіраўнікоў Іркуцкага моладзевага клюбу «Крывічы».
Алег Рудакоў нарадзіўся ў вёсцы Бязьдзедавічы на Полаччыне. Пасьля школы паступіў у ваенную вучэльню інжынэрных войскаў у Цюмені. Ад 1989-га цягам наступных 5 гадоў служыў афіцэрам, звольніўся па стане здароўя. Скончыў у Іркуцку эканамічны факультэт тэхнічнага ўнівэрсытэту і гістарычны факультэт дзяржаўнага ўнівэрсытэту.
У 1996-м стварыў і 17 гадоў узначальваў Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага — найбуйнейшае сярод чатырох дзясяткаў нацыянальна-культурных утварэньняў у рэгіёне і адной з самых актыўных у Расеі беларускіх суполак. У 2013-м сышоў з пасады старшыні таварыства, засяродзіўся на дзейнасьці ў моладзевым клюбе «Крывічы».
Карэспандэнт Свабоды пагутарыў зь юбілярам пра ягоны шлях да беларушчыны за 6 тысяч кілямэтраў ад радзімы.
Мог стаць спартоўцам, пайшоў у вайскоўцы
— Алег, чаму вырашыў будаваць кар’еру афіцэра? Наступныя падзеі яскрава паказалі, што ўнутранае пакліканьне зусім у іншым.
— Калі я сканчваў школу, адкрывалася шмат шляхоў. Напрыклад, наш гісторык агітаваў паступаць у Віцебскі пэдінстытут на гістарычны факультэт: добра ведаеш прадмет, разьбіраесься ў ім, толькі там табе месца. Я таксама займаўся валейболам, езьдзіў зь вёскі ў горад. І трэнэр, і фізрук і адзін голас казалі: ідзі ў Берасьце на факультэт фізвыхаваньня, там прафэсійная каманда, будзеш займацца вялікім спортам.
Кожнае лета, пачынаючы ад 7-й клясы, я працаваў памочнікам камбайнэра. Аграном саўгасу хваліў, як спрытна ўпраўляюся і з камбайнам, і з трактарам, як жартавалі, спэцыяліст «шырокага профілю вузкай каляіны». Спакушаў новым трактарам, жыльлём. Ну і быў у школе ваенрук, у вайну камандзір роты выведкі. Я хутка разьбіраў-зьбіраў аўтамат, запаўняў магазін патронамі, прызначыў мяне начальнікам штабу юнаармейцаў. Нават не сумняваўся, што маю талент да вайсковай справы і трэба рушыць далей.
— Хоць шляхоў было шмат, нешта на карысьць вайсковай службы ўсё ж пераважыла. Дык што менавіта?
— Умяшаўся юнацкі максымалізм. З аднаго боку, быў сумнеў, што наогул здолею паступіць, зь іншага, хацелася сьвет паглядзець — Цюмень далёка, аж за Уральскімі гарамі. Падумаў, як што, вярнуся назад і ўжо тады нешта вырашу. Але нечакана паступіў і скончыў вайсковую вучэльню. Праўда, кар’ера ня склалася.
Калі пачаў развальвацца Савецкі Саюз, я ўжо быў разьмеркаваны ў Іркуцк камандзірам інжынэрнага ўзводу. Падаў цэлы стос рапартаў, каб перавесьціся на радзіму і працягваць службу ў беларускім войску. Мне даводзілі, што ў Беларусі масавае скарачэньне, афіцэраў няма куды падзець, ракетныя часткі выводзяць (а я патрапіў у ракетныя войскі). А тут, кажуць, наадварот, кадраў не хапае. Напэўна, нейкія магчымасьці існавалі, але патрэбныя былі сувязі, у мяне яны адсутнічалі. Ставілася нават пытаньне, або звальняцца па дыскрэдытацыі, або застацца ў Сыбіры. Па дыскрэдытацыі неяк не пасавала, таму вырашыў даслужваць, а ўжо тады вяртацца дадому.
— А што не дало служыць далей? Бо неўзабаве давялося вярнуцца да цывільнага жыцьця.
— У 1994 годзе пачаліся праблемы са здароўем — перастала працаваць адна нырка. Спачатку лекары пераконвалі, што яе не было ад нараджэньня і на гэтай падставе я з войска быў звольнены па «абмежаваным стане здароўя без права пэнсіі». Потым, праўда, выявілася, што нырка ўсё ж была, але падчас службы чамусьці «сапсавалася». Доказаў знайсьці не ўдалося — як быццам страцілі маю мэдычную кніжку, я ўжо ня стаў штосьці аспрэчваць. Як ёсьць так ёсьць. Сапраўдны беларус: раз так трэба, то і ладна. У выніку ня маю ніякай пэнсіі — ні вайсковай, ні іншай.
Зноў узнікла думка ехаць у Беларусь, але гэтым разам перашкодзілі эканамічныя прычыны. Трымаў грошы ў банку, а ён «згарэў», усе назапашваньні ў адзін момант прапалі. Перад гэтым усё страціў падчас «паўлаўскай рэформы» 1991 году, потым тое ж паўтарылася ў 1995-м. Ехаць з пустымі рукамі не хацелася, так і застаўся. Жыву, працую, як сам сьмяюся, стварыў у Іркуцку сваю Беларусь.
Прыцягваю да сябе ўсё беларускае
— Алег, у чым выяўляецца гэтая пэрсанальная Беларусь у Сыбіры?
— Іншым разам сам сабе задумваю: вось было б добра, каб у Іркуцку зьявіўся беларускі хлеб. І што думаеш? Бац, і ён ёсьць! У адным супэрмаркеце прадаюць хлеб, зроблены па беларускай тэхналёгіі. І назвы якія: «Сучасны», «Радзівілаўскі». Прыяжджай у краму, бяры бохан смачнага, сьвежага хлебу, як у Беларусі. Таксама мне падабаюцца газаваныя напоі «Дарыда» — мары матэрыялізаваліся, «Дарыда» прадаецца ў Іркуцку.
Адчынена кавярня «Беларуская глеба», працуе беларуская суполка, размаўляем між сабой па-беларуску. За мной пацягнулася Беларусь, я прыцягваю ўсё беларускае да сябе. Безумоўна, прыроду нічым не заменіш. Байкал — выдатна, але тут не растуць дубы, няма каштанаў. Рэзка кантынэнтальны клімат — ад вялікага плюса да мінуса. Зімой моцныя маразы, шмат сьнегу. Красавік, а ўдзень +27, хоць уначы ўсяго +7. Перапады, незвычайныя для Беларусі, тут норма. Але паціху жыву, нешта раблю і пэўная настальгічнасьць па радзіме задаволеная. Скажам так, у пэўных межах адчуваю сябе даволі ўтульна.
— Можна сказаць, што заняцца беларушчынай прысьпешыў той факт, што камісавалі з расейскага войска?
— Я прыйшоў да беларускасьці сам, сваім шляхам. Гэта было маёй моцнай асновай яшчэ са школы. Вывучаючы гісторыю, ганарыўся, што палачанін, бо Полацкае княства ў свой час было магутнай дзяржавай, а князі Ўсяслаў, Брачыслаў дамагліся яе буйнага разьвіцьця. І калі зьехаў у Расею, мне Беларусі вельмі не хапала.
Калі служыў, ні пра якія беларускія суполкі не магло быць гаворкі. А як Саюз разваліўся, пачаў атрымліваць цікавыя навіны. Ад 1989 году выпісваў газэту «Літаратура і мастацтва». Там было шмат палемічных артыкулаў, па-новаму адкрываў беларускі рух. На адзін з тэкстаў, які вельмі ўзрушыў, напісаў свае разважаньні. Даслаў і забыўся. А праз тры месяцы атрымаў ліст ад галоўнага рэдактара Барыса Сачанкі: вашы думкі цікавыя, часткова надрукуем, будзеце ў Менску — завітайце ў рэдакцыю. І ўвосень 1995-га, калі паехаў у адпачынак, запрашэньнем скарыстаўся. У вялікай ступені гэты візыт стаў вызначальным.
— Зьявілася нагода выйсьці ў публічную беларускую прастору?
— Я прыйшоў у «ЛіМ», пазнаёміліся. Барыс Пятровіч быў зьдзіўлены, што вайсковец, які доўга пражыў у Расеі, так добра размаўляе па-беларуску. Разам схадзілі на сядзібу ТБМ, там якраз рыхтаваліся да зьезду. Ну і мяне запрасілі: прапанавалі выказацца, што за час адсутнасьці зьмянілася ў Беларусі і ў які бок. Я пагадзіўся і паехаў дадому на Полаччыну. А калі праз тыдзень вярнуўся, быў ашаломлены: думаў, што зьбярэцца паўсотні аматараў роднай мовы, а ў Доме літаратараў адбываўся вялізны форум!
У прэзыдыюме Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч. Завочна ўсіх ведаў, а тут яны жывыя, перада мной. Нават падумаў, можа наогул ціхенька сысьці, каб ня зганьбіцца. Пасьля палымянага выступу Зянона Пазьняка заля загудзела, загрымела «Жыве Беларусь!». І тут даюць слова мне. Да трыбуны шоў на ватных нагах. Але пачаў казаць, чую, нехта засьмяяўся, нехта запляскаў. Асьмялеў, наважыўся. І калі абвясьцілі перапынак, пачалі падыходзіць людзі. Радзім Гарэцкі запытвае: у Іркуцку працаваў знакаміты геоляг Ян Чэрскі, ці ёсьць помнік? Ды не, кажу, ня чуў. Іншы расказвае пра беларускія вёскі ў Сыбіры. Адказваю, і пра гэта ня ў курсе. Адзін размаўляе, другі становіцца ў чаргу. Я быў вельмі ўзрушаны.
Фэномэн беларускіх вёсак Сыбіры
— Алег, як стваралася беларуская суполка ў Іркуцку?
— Калі я вярнуўся ў Іркуцк, пачаў шукаць адказы на пытаньні, якія задавалі ў Менску. Хто такі Ян Чэрскі, як тут апынуўся. Адкуль узяліся беларускія вёскі, калі была хваля перасяленцаў па сталыпінскай рэформе. У газэце «Советская молодежь» надрукаваў артыкул: «Сябры-беларусы, запрашаю на сустрэчу!». Гэта адзінае, што ўдалося напісаць па-беларуску, бо ў раскладцы не было «і», «ў», знайшлі з рэдактарам выйсьце. І далей на расейскай: хто мае беларускія карані, чакаем вас!
Адгукнуліся некалькі чалавек, я падзяліўся навінамі са зьезду ТБМ, сьвежымі газэтамі, кнігамі. А ў лютым 1996-га правялі аргкамітэт. Сустрэліся ў кабінэце прафэсара-нэйрахірурга Анатоля Рэўта, ён з гэта нагоды дастаў бутэлечку беларускага каньяку. Спачатку думалі, што створым філію ТБМ у Іркуцку, але ніхто, апроч мяне, не размаўляе на роднай мове, трэба вучыць з нуля. Тады вырашылі назвацца Іркуцкім таварыствам беларускай культуры. Паколькі да таго часу я ўжо шмат ведаў пра Чэрскага, дадалі ягонае імя. А 31 траўня таго году правялі першы зьезд беларусаў Прыбайкальля. Была нават адна вёска, дзе пасьпеў пабываць — Тарнопаль Балаганскага раёну. Адна вуліца дагэтуль мае назву Гомель.
— Чым удалося зацікавіць зямлякоў, каб арганізавацца і пачаць дзейнічаць?
— Я і сам доўга шукаў, чым людзей зацікавіць, зьвязаць паміж сабой? І, як падаецца, знайшлі добрае выйсьце: вырашылі, што асновай будзе вывучэньне нашых старажытных абрадавых сьвятаў. То бок, зьбірацца не на 8 сакавіка ці 1 траўня, як дагэтуль некаторыя беларускія арганізацыі (гэта ўсё ж глябялісцкія даты, не зьвязаныя зь Беларусьсю), а на сапраўды нашае, адвечнае. І першае, што зрабілі пасьля зьезду, — зладзілі Купальле.
Ну, а калі ўзяліся вывучаць традыцыйныя сьвяты, гэта пацягнула ўсё астатняе. Найперш, трэба ведаць беларускую мову, па-расейску будзе прафанацыя. Як мінімум, гісторыю сьвята, каб было максымальна аўтэнтычна. Прыйсьці ў джынсах — нецікава, трэба пашыць строі. Ніхто ня дасьць, значыць, робім самі. Паясы плесьці, боты шыць, магеркі валяць, на кроснах ткаць, фібулы вырабляць — сёньня ўсё робім самі. Знайшліся майстры, якія мэтанакіравана асвойвалі гэтую навуку. То бок, сьледам за сьвятамі пачалі разьвівацца дадатковыя сфэры: майстэрства, рамесьніцтва, гістарычны клюб, народныя сьпевы, бытавыя танцы. Агулам — 10 накірункаў дзейнасьці.
Перадаў справы і апынуўся на раздарожжы
— Чаму больш чым праз паўтара дзясятка гадоў сышоў з таварыства імя Яна Чэрскага?
— Безумоўна, тое, што наш актыў падзяліўся на дзьве суполкі, выклікала адмоўныя эмоцыі. Прынамсі ў мяне дык дакладна. Я ўзначальваў таварыства 17 гадоў і, перадаючы справу паплечнікам, разьлічваў, што яны будуць яе працягваць так, як гэта рабіў я. Іншымі словамі, спадзяваўся, што і надалей будзем разам, проста хацеў засяродзіцца на навуковых, этнаграфічных дасьледаваньнях. А яны няхай працягваюць ладзіць сьвяты, вечарыны, я ўжо збольшага буду як госьць.
На жаль, так атрымалася, што новаму кіраўніцтву спатрэбілася ад мяне адмежавацца, каб уся ўвага была на іх. Узьнік канфікт, я вымушаны быў напісаць заяву аб выхадзе са складу ІТБК. І калі гэта рабіў, нават не чакаў, што будзе нейкая іншая суполка. Наадварот, думаў, што застануся сам-насам, сканцэнтруюся на этнаграфічных экспэдыцыях і гэтага хопіць. Аднак пасьля мяне з таварыства выйшлі і іншыя людзі — амаль цалкам актыў моладзевага клюбу «Крывічы» на чале в Воляй Галанавай. А паколькі проста так яны сядзець не маглі, паставілі перад фактам: нікому замінаць ня будзем, давай пачынаць сваю справу.
— Зь іншага боку, пасьля такога падзелу беларускай справы стала ўдвая больш?
— Спачатку думаў, што ўсё вельмі кепска. А потым пачаў праводзіць паралелі. Было калісьці моцнае Полацкае княства. Пасьля сьмерці Ўсяслава Чарадзея ягоныя сыны ў сваіх местачковых гарадах — Віцебску, Горадні, Менску, Наваградку — пачалі весьці самастойную палітыку. Для дзяржавы гэта нібыта дрэнна, яе магутнасьць слабела. Разам з тым, пачалі разьвівацца іншыя гарады, яны атрымалі шанец выйсьці з-пад ценю Полацка.
Так і ў нашым выпадку: было буйное Іркуцкае таварыства беларускай культуры, якое з унутраных супярэчнасьцяў спарадзіла два актывы. Сапраўды, мы пачалі ўдвая больш рабіць беларускіх спраў у нашым рэгіёне. І цяпер ужо думаю, што, магчыма, усё абярнулася да лепшага. Калі актыў пашыраецца, яму становіцца цесна ў адной суполцы, трэба ствараць нешта сваё. Таму няхай зьяўляюцца лідэры, здольныя весьці рэй. Мы ўсё адно рухаемся ў адным накірунку, асноўныя мэты, задачы, сфэры дзейнасьці захоўваюцца — правядзеньне гістарычных вечарын, вывучэньне беларускай мовы, старажытных абрадавых сьвятаў, аўтэнтычных сьпеваў, традыцыйных танцаў.
Надыдзе час, і я вярнуся ў Беларусь
— Алег, а чаму не вяртаесься ў Беларусь, як твой сын Аляксей?
— Ад нараджэньня Аляксея я зь ім размаўляў на беларускай мове. Нават калі ў садку з выхавацелькай гаварыў па-расейску, паварочваўся да сына і працягваў па-нашаму. Памятаю, быў ранішнік, прысьвечаны «волатам зямлі рускай». Мы зрабілі шчыт з «Пагоняй», надпісам Беларусь і бел-чырвона-белым сьцягам. Сын майго сябра, таксама беларуса, не даваў бацьку спакою, чаму ён не такі круты беларус, як Лёша. З самаідэнтыфікацыяй у яго ўсё ў парадку.
Аляксею заўсёды падабалася Беларусь, мы зь ім шмат вандравалі па краіне, па гістарычных мясьцінах. І калі заканчваў школу, захацеў паступаць у беларускую ВНУ. Пры Іркуцкім унівэрсытэце наведваў школу праграмістаў, гатовыя былі ўзяць без іспытаў. Але паехаў у Полацкі дзяржаўны ўнівэрсытэт, хацеў атрымаць больш вузкую спэцыялізацыю. Здаў тэсты, набраў добрыя балы, адзінае, прыярытэт на бюджэт аддаваўся мясцовым. Быў адным зь лепшых, на 3 курсе ўжо працаваў, зарабляў. Можна было і на бясплатнае, але не хацеў разьмеркаваньня. Знашоў працу. Пачынаў у Віцебску, цяпер у Менску. У нейкім сэнсе ён рэалізаваў мару пра Беларусь раней за мяне. Што яшчэ больш падштурхоўвае да думкі: надыдзе час, і я таксама вярнуся.