Госьць «Інтэрвію тыдня» — філёзаф Валянцін Акудовіч. Ён адказвае на пытаньне, ці адбылося Сьвята, заяўляе, што беларуская палітычная апазыцыя — гэта аксюмаран, і тлумачыць, як разумець ягоную афарыстычную фразу, што свабоду нельга заваяваць, а магчыма толькі дачакацца.
Нашыя палітычныя партыі і арганізацыі існуюць таму, што Лукашэнка дазваляе ім існаваць
— Мы з вамі сустрэліся на Дні Волі, каля Опэрнага тэатру. Чым для вас стала гэтая падзея? Ці чакалі вы такога сьвята, такой арганізаванасьці і маштабнасьці?
— Я чакаў такога сьвята! Ужо даўно чакаў. Яшчэ на пачатку новага стагодзьдзя пісаў у незалежных выданьнях, што досыць паводле аднаго і таго ж сцэнару таптаць вуліцы Менску, пакуль нас не пачнуць разганяць і хапаць амапаўцы.
Чаму б, пытаўся я тады, не папрасіць дазволу, каб зладзіць сапраўднае Сьвята недзе каля гораду, куды лёгка было б дабрацца электравіком зь дзецьмі і сябрамі. Дзе і прамоўцы выступалі б, і сьпевакі сьпявалі, і сьцягі луналі, і, галоўнае, дзе зусім не было б месца страху ды гвалту.
Нарэшце сёлета дачакаўся. Атрымалася вартае вялікага юбілею Сьвята. Арганізатарам віват! Маштаб уразіў. Народу было б і значна болей, каб у нядзелю мэдыя не напалохалі людзей інфармацыяй пра затрыманьні. Цынічна кажучы, кожны затрыманы мінусаваў сама меней з паўтысячы тых, хто зьбіраўся на дазволенае сьвяткаваньне. Бо вядома, якая ў нас улада: учора дазволіла, а сёньня вось ўжо хапае. Дык лепей адседзецца ў хаце...
— Як сказана ў адным фільме, «спачатку плянаваліся ўрачыстасьці, пасьля — арышты. Потым вырашылі сумясьціць». Навошта ўлада вырашыла ўсё ж папсаваць сьвята затрыманьнямі? Каб паказаць незалежнаму грамадзтву, каб на шмат не разьлічвалі, каб ведалі, хто ў горадзе гаспадар?
— Ну так, Лукашэнка на другі дзень акурат і сказаў тое самае для СМІ. Зрэшты, а хіба безь ягоных словаў мы пра гэта не здагадваліся?
Нашыя палітычныя партыі і арганізацыі існуюць таму, што ён дазваляе ім існаваць. Нашыя выдавецтвы, часопісы і розныя грамадзкія праекты існуюць таму, што ён дазваляе ім існаваць. І гэтак далей, і так ва ўсім. А хто ўпарціцца рабіць нешта без дазволу і пагатоў насупраціў Лукашэнку, таго чакае лёс Статкевіча ці Някляева.
Няўжо нехта яшчэ ня ведае, што ў нас, кажучы мовай паліталёгіі, жорсткі аўтарытарызм? Адпаведна і жыцьцё такое. Між іншым, яшчэ ня самае горшае з магчымых.
Лукашэнка палітык. Натуральны. Ад прыроды
— Ці будзе, на вашую думку, сёньняшні рэжым і далей дазваляць грамадзянскай супольнасьці заваёўваць новыя астраўкі свабоды? Ці бачыць ён у гэтым нейкія будучыя гарантыі для сябе, ці дзейнічае ён у сваіх інтарэсах, ці проста адступае пад напорам грамадзтва?
— Лукашэнка — палітык. Натуральны. Ад прыроды. (Раней пра такіх казалі — ад Бога.) Таму ён заўсёды дзейнічаў і будзе далей дзейнічаць выключна зыходзячы з палітычнай мэтазгоднасьці. Калі будзе мэтазгодна пашыраць «астраўкі свабоды», то ён ім дазволіць пашырацца, а не — дык не.
Я не аракул, каб прадказваць, што нас чакае далей. Але калі цяперашні палітычны трэнд затрымаецца на нейкі час, то мы зможам пасьпець шмат чаго вартага зрабіць для краіны і для нашай уласнай разьняволенасьці. Хаця ў кожным разе можна знайсьці магчымасьці для вартых справаў.
— Беларуская апазыцыя за апошнія тыдні рыхтаваньня да Дня Волі нібыта канчаткова афармляе падзел на «канцэртную» і «пратэставую». А як вы лічыце, што цяпер найважнейшае для беларускай палітычнай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці? Ці існуе гэтая дылема — пратэст альбо канцэрт, як калісьці ў канцы 80-х публіцысты ставілі дылему «свабода ці каўбаса»?
Для мяне наша палітычная апазыцыя — гэта аксюмаран
— Для мяне наша палітычная апазыцыя — гэта аксюмаран (як жывы нябожчык). Сярод апазыцыянэраў даволі людзей, вартых павагі, а некаторых я нават люблю. Але іхная ўласна палітычная вага блізкая да нуля... А вось грамадзянская супольнасьць жыве актыўным і надзвычай творчым жыццём, нягледзячы на вышэйзгаданы аўтарытарызм. Там безупынна нараджаюцца ўсё новыя і новыя праекты ў самых розных фарматах. Згадайма хаця б унікальны Лятучы ўнівэрсытэт, створаны Ўладзімерам Мацкевічам і яго неверагодна таленавітай камандай. Альбо Кангрэс дасьледнікаў Беларусі, вымудраны Андрэем Казакевічам. З другога боку, адзін Глеб Лабадзенка з сваім праектам «Мова нанова» за апошнія гады зрабіў для беларускай мовы болей, чым усе апазыцыйныя палітыкі разам узятыя.
Дарэчы, а чым яны ўвогуле там займаюцца, калі ня сварацца між сабой ці не сядзяць пад арыштам? Натуральна, я шаржую, аднак у сытуацыі той аўтарытарнай сыстэмы, якой жорстка схопленае ўсё грамадзтва, апазыцыйным палітыкам хіба толькі і застаецца патасна заклікаць да яе зьнішчэньня. Дык якое тут можа быць сьвята?
Нацыянальны ўнівэрсытэт нам вельмі патрэбны
— Акурат учора прыйшла вестка, што Менгарвыканкам зарэгістраваў прыватную ўстанову адукацыі «Ўнівэрсытэт імя Ніла Гілевіча». Якім можа і павінен быць гэты ўнівэрсытэт, на вашую думку?
— Гэта вельмі складаная праблема. Дыскусіі на тэму Нацыянальнага ўнівэрсытэту вядуцца ўжо не адзін год. Прапаноўваліся самыя розныя варыянты. І той, што цяпер узялі за аснову, наўрад ці будзе канчатковым. Але пакуль ня гэта самае важнае. Галоўнае, што ўнівэрсытэт нарэшце зарэгістраваны. Нам ён вельмі патрэбны. Вельмі.
Дваццаць гадоў таму ў сытуацыі немагчымасьці нацыянальнага ўнівэрсытэту быў створаны Беларускі калегіюм. Гэта былі гады надзвычай плённай працы, але калегіюм ня можа замяніць унівэрсытэту. Таму будзем маліцца, каб у заснавальнікаў унівэрсытэту ўсё атрымалася.
— Калісьці вы афарыстычна сказалі, што свабоду немагчыма адваяваць, яе магчыма толькі дачакацца. Ці ня ёсьць гэтая заява пэўнай апалягетыкай пасіўнасьці, адмовы ад барацьбы?
— Насамрэч я казаў наступнае: Свабоду нельга заваяваць — яе можна толькі дачакацца (ці не дачакацца). Але яе можна дачакацца адно ў тым разе, калі мы яе будзем чакаць, і чакаць менавіта як свабоду. Толькі ня трэба блытаць чаканьне з пасіўным знаходжаньнем у абыякавасьці. Калі мы моцна некага чакаем, дык рыхтуемся да сустрэчы.
Свабода ніколі не прыходзіць туды, дзе яе не чакаюць. А сродкі ў гэтай справе чаканьня могуць быць самыя розныя: ад культурніцкай працы да палітычных акцыяў. І калі мы ў сваім мностве станем чакаць свабоду, як у нядзелю ля Опэрнага тэатру, то яна Беларусь не абміне.