На Кастрычніцкай плошчы ў Менску прайшла акцыя за вызваленьне палітвязьняў і супраць вучэньняў «Захад-2017»

Акцыя за вызваленьне палітвязьняў і супраць вучэньняў «Захад-2017». Фотарэпартаж (націсьніце на фота для прагляду)

Акцыя пачалася 7 ліпеня а 18 гадзіне на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. 12 актывістаў, паводле падліку карэспандэнта Свабоды Алега Грузьдзіловіча, сталі ў ланцуг з партрэтамі і плякатамі — «Свабоду палітвязьням», «Русский солдат, иди домой».

У акцыі ўдзельнічалі актывісты Максім Вінярскі, Генадзь Кулакоў, Вольга Мікалайчык, Андрэй Шарэнда і Натальля Папкова зь Берасьця, а таксама Рыгор Грык з Баранавіч, які прыйшоў на акцыю традыцыйна для сябе ў паласатым «турэмным» адзеньні.

Вольга Мікалайчык расказала пра тых людзей, якіх, паводле яе перакананьня, трэба прызнаць палітвязьнямі ў адпаведнасьці з рэглямэнтам ПАРЭ. Гэта 10 чалавек, сярод якіх пакуль беларускія і сусьветныя праваабаронцы прызналі палітвязьнямі толькі дваіх.

Максім Вінярскі распачаў акцыю праз гукаўзмацняльнік. Вінярскі заявіў, што яны выйшлі, каб запатрабаваць вызваленьня палітычных зьняволеных. «Таксама мы выступаем супраць вучэньняў „Захад-2017“. Мы лічым, што такія вучэньні — гэта правакацыя... Беларусі яны не патрэбныя». Вінярскі сказаў, што ўлады Беларусі саступаюць толькі тады, калі на іх ажыцьцяўляецца моцны замежны ціск.

На заканчэньне акцыі прагучала песьня, напісаная Алесем Чаркашыным — беларусам, які загінуў ва Ўкраіне.

На Кастрычніцкую плошчу прыйшла і маці Ільлі Валавіка, аднаго зь фігурантаў справы футбольных фанатаў, у выніку якой шасьцёра фанатаў ФК «Партызан» атрымалі розныя тэрміны зьняволеньня: Ільля Валавік — 10 гадоў пазбаўленьня волі.

Супрацоўнікі і кіраўнікі менскай міліцыі знаходзіліся непадалёк. Яны «дакумэнтавалі» акцыю і не перашкаджалі яе праводзіць.

Максім Вінярскі абвясьціў, што наступная акцыя супраць расейскіх вайсковых вучэньняў адбудзецца 8 верасьня.