Памер зьніжкі Беларусі на расейскі газ складзе менш за 20%. Такім чынам, страты «Газпраму» будуць у межах 490 мільёнаў даляраў у год, перадае БелаПАН са спасылкай на расейскае выданьне «Коммерсант».
«Расея і Беларусь пасьля ўмяшаньня прэзыдэнтаў краінаў у самыя кароткія тэрміны зафіксавалі вырашэньне нафтагазавых спрэчак. Рашэньне, як чакалася, апынулася ў цэлым на карысьць Менска — ён атрымаў зьніжку на газ і дазвол залічаць экспартныя пошліны з 6 мільёнаў тон прадукцыі, якая пастаўляецца з РФ, у свой бюджэт, што дасьць бюджэту Беларусі каля 570 мільёнаў у год», — піша «Коммерсант».
Выданьне нагадвае, што «Менск пагасіў 726 мільёнаў пазыкі за пастаўкі расейскага газу, што назапасіліся са студзеня». Гэты плацёж Беларусь «зрабіла пасьля таго, як па выніках перамоваў прэзыдэнтаў ёй быў абяцаны новы расейскі крэдыт да 1 мільярда даляраў, а таксама чарговы транш з фонду ЭўрАзЭс на 600 мільёнаў».
У выніку кіраўнік «Газпраму» Аляксей Мілер і віцэ-прэмʼер Беларусі Ўладзімер Сямашка падпісалі пратакол аб унясеньні зьменаў ва ўмовы пастаўкі газу ў 2018-2019 гадах, гэтыя зьмены прадугледжваюць зьніжку. Пры гэтым пастаўкі газу ў 2017 годзе будуць ажыцьцяўляцца без прадстаўленьня зьніжкі. Цяпер цана газу для Беларусі складае каля 130 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў і разьлічваецца ў далярах як рэгуляваная цана РФ для Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі плюс выдаткі «Газпраму» на транспарт, захоўваньне і рэалізацыю на мясцовым рынку.
Беларускі бок у ходзе перамоваў настойваў на цане ў 100 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў. Для параўнаньня, у Смаленскай вобласьці аптовая цана газу зараз складае 83,5 даляра за 1 тысячу кубамэтраў.
«Газпром» традыцыйна пастаўляе ў Беларусь прыкладна 18,7 мільярдаў кубамэтраў газу ў год. Калі зьніжка складзе 20% ад бягучай цэны, выручка «Газпрама» на беларускім рынку можа зьнізіцца прыкладна на 490 мільёнаў у год, робіць выснову выданьне.