Чыноўнікі, сьвятары і «ціхары» адкрылі помнік Аляксандру Неўскаму

Помнік Аляксандру Неўскаму, увасобленаму разам з жонкай і сынам, урачыста адкрылі на Плошчы тысячагодзьдзя ў Віцебску. Траціну прысутных складалі праваслаўныя сьвятары, прадстаўнікі аблвыканкаму і гарвыканкаму, а таксама пільныя людзі ў цывільным з рацыямі і навушнікамі.

Наперадзе кіраўніцтва, астатнія — за «заслонай» са сьвятароў і міліцыянтаў

Шараговыя гараджане стаялі наводдаль: іх не пускалі блізка да помніка, адгарадзіўшы заслонай са сьвятароў і прадстаўнікоў спэцслужбаў, як у форме, так і ў цывільным. Доўгіх прамоваў не было. Пасьля пары песень і карагоду ў выкананьні мастацкай самадзейнасьці каля помніка зьявіўся гэтаксама «самадзейны» князь Аляксандар Неўскі на кані, трымаючы руку наперад — якраз на ўзор помніка князю Альгерду, адкрытаму ў Віцебску такой самай парой у 2014-м годзе. Тут жа зьявіліся і «жонка з сынам», прагучаў маналёг пра «багатыя і ўрадлівыя віцебскія землі». А пасьля да помніка падняліся старшыні абласнога і гарадзкога саветаў і абодвух выканкамаў, каб скінуць долу белую палатніну, якой была завешана скульптура.

Выступ самадзейнасьці на фоне царквы, дзе нібыта браў шлюб Аляксандар Неўскі

«Жывы» князь

У атачэньні прэсы

Шараговая публіка назірае здалёк

Відэаапэратар нейкага дзяржаўнага тэлеканалу разгублена ўсклікнуў: «Дык апладзіраваць трэба! Актыўней, актыўней!» І зьняў пару спадарынь, якія паслухмяна запляскалі...

Пільныя людзі ў цывільным (зьлева) не прапускаюць да помніка

Значная частка прысутных — сьвятарства

Помнік асьвяцілі праваслаўныя сьвятары, кіраўнікі Віцебска і вобласьці ўсклалі букеты да падножжа помніка. А чыноўнікі ніжэйшага рангу — чырвоныя гвазьдзікі, нібыта правадыру сусьветнага пралетарыяту. І толькі пасьля гэтага публіку пусьцілі падыйсьці бліжэй. Нехта адразу пачаў фатаграфавацца каля новага помніка, а адзін з казакоў, прысутных на адкрыцьці, дык і ўкленчыў перад Аляксандрам Неўскім.

Начальства чакае чаргі, каб ускласьці кветкі

Казакі

Самы адданы прыхільнік Аляксандра Неўскага

Пасьля дэлегацыя кіраўнікоў вобласьці і гораду прайшла далей — у тую частку плошчы, дзе атабарыліся аматары-рэканструктары. Прытым глава вобласьці Мікалай Шарсьнёў пашыбаваў проста па газоне. Тыя, хто займае ніжэйшыя пасады, усё ж абралі нядаўна забрукаваную дарожку.

Кіраўніцтву вобласьці можна ўсё — нават хадзіць па газонах. У цёмных акулярах — старшыня аблвыканкаму

Без уліку праходкі начальства паміж рэканструктараў сярэднявечнага пэрыяду і часоў Вялікай Айчыннай вайны, адкрыцьцё помніка заняло хвілін 30.

Хоць рыхтаваліся да гэтай падзеі з 2009 году, калі гарвыканкам абвясьціў конкурс на лепшыя макеты адразу трох помнікаў — княгіні Вользе, якая, паводле непацьверджаных навукоўцамі дадзеных, нібыта была заснавальніцай Віцебску, вялікаму князю Альгерду, які княжыў у Віцебску, зрабіўшы горад разьвітым сярэднявечным цэнтрам, і Аляксандру Неўскаму, наўгародзкаму князю.

Паказальныя сярэднявечныя баі

Якая сувязь паміж падзеямі мінулай вайны і князем Неўскім — загадка. Як і ягонае дачыненьне да Віцебску

Пратэсты супраць узьвядзеньня апошняга загучалі адразу ж. Гараджане аргумэнтавалі сваю нязгоду тым, што гэтая асоба мае вельмі ўскоснае дачыненьне да тутэйшай гісторыі.

У якасьці падставы для ўшанаваньня памяці Аляксандра Неўскага ў Віцебску гарадзкія ўлады раскруцілі легенду пра тое, што ў віцебскай царкве Зьвеставаньня ён нібыта браў шлюб. А таксама тое, што ён быў жанаты з полацкай і віцебскай княжной Аляксандрай.