Напярэдадні сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі зь дзяржаўнымі СМІ 10 красавіка прадстаўнікі БТ запрасілі беларусаў даслаць пытаньні Лукашэнку. Свабода апублікавала 12 пытаньняў — і Лукашэнка адказаў на палову, хай і без адсылкі да Свабоды.
Зьмены ў Канстытуцыі і ня толькі. Пра што Лукашэнка гаварыў дзяржаўным СМІ
На што адказаў амаль цалкам
На пытаньне аб тым, якія зьмены плянуецца ўнесьці ў Канстытуцыю, Лукашэнка сказаў: «Частка функцыяў павінна перайсьці ад прэзыдэнта іншым галінам улады». Чаму дагэтуль казалі толькі пра тэхнічны бок зьменаў Канстытуцыі, але не пра тое, што менавіта хочуць мяняць, ён не адказаў.
Ці стане Дзень Волі дзяржаўным сьвятам? Лукашэнка сказаў, што пакуль ён застаецца на пасадзе прэзыдэнта, ня стане, бо «Беларусам яшчэ трэба будзе зразумець ролю БНР», а там «ня ўсё відавочна»: стваральнікі БНР, з аднаго боку, «хацелі адзінства дзяржавы», але з другога, «зьвярталіся па дапамогу да нямецкага кайзэра». Што ня так з кайзэрам, Лукашэнка не растлумачыў.
Лукашэнка не адказаў наўпрост на пытаньне, калі ў Курапатах дзяржава створыць мэмарыял рэпрэсаваным, абяцаны яшчэ ў часы БССР, але загадаў «заканчваць гэтую валтузьню на касьцях»: «Курапаты апэратыўна павінны быць прыведзены ў парадак», «паставіць самы просты помнік — капліцу ці яшчэ нешта».
На што адказаў часткова
Пра зьмены ў закон «Аб сродках масавай інфармацыі», якія маюць зрабіць закон толькі больш жорсткім і забараніць ананімныя камэнтары ў інтэрнэце, Лукашэнка сказаў, што «Закон аб СМІ закліканы абараніць нашых людзей ад дэструктыўнай інфармацыі». Беларуская дзяржава тым часам сама пастаянна парушае свой жа закон аб СМІ — пра гэта Лукашэнка не згадаў.
Таксама Лукашэнка не сказаў, ці лічыць ранейшы «дармаедзкі дэкрэт» памылковым, але пра абноўлены дэкрэт сказаў: палягае ў тым, каб людзі працавалі і аплочвалі дзяржаўныя паслугі, у тым ліку ў галіне аховы здароўя, жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Па яго словах, з «праблемай дармаедаў» сутыкаюцца і ў іншых дзяржавах, але толькі ў Беларусі ўзяліся за гэта сыстэмна.
Пытаньне пра тое, ці ўжывае Лукашэнка пальмавы алей, які ўсё шырэй прысутнічае ў харчах, нягледзячы на незавершаныя экспэрымэнты, ня згадвалася. Але Лукашэнка крыху расказаў пра сваю дыету. «цьвёрдая, бялковая», «тры яйкі раніцай, мяса на абед, рыба на вячэру і дзьве гадзіны спорту», зь «невялікімі перакусамі».
Пра «справу Коржыча»
Лукашэнка запэўніў, што справа аб сьмерці Аляксандра Коржыча знаходзіцца на ягоным кантролі, маці салдата Сьвятлану Коржыч трымаюць у курсе расьсьледаваньня.
«Тое самае і па Коржычу. Сытуацыя на маім кантролі, і там жорстка разьбіраюцца. Абавязкова разьбяромся, і трымаем маці ў курсе справы, запрашаем на допыты. Абсалютна дэмакратычна ўсё гэта расьсьледуецца, таму што я не прымаю, калі ў мірны час нават у войску гінуць людзі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
На што не адказаў зусім
«ІТ-дэкрэт» дае шырокія прэфэрэнцыі чальцам Парку высокіх тэхналёгій, але туды не прымаюць усіх аўтаматычна. Ці не стварае Беларусь такім чынам патэнцыйнага карумпаванага манапаліста ў выглядзе адміністрацыі ПВТ?
Чаму, нягледзячы на звароты тысяч беларусаў, улады вырашылі ліквідаваць нерэгулярныя міжгароднія маршруткі?
Калі б перад вамі стаяў выбар — увесьці паўсюднае і абавязковае выкарыстаньне беларускай мовы дзяржаўнымі службоўцамі ці вярнуць афіцыйны статус бел-чырвона-белага сьцяга і «Пагоні» — што б вы выбралі?
Вы казалі, некаторыя міністры «абнаглелі». Якія менавіта «абнаглелі», у чым гэта выражалася і як іх пакаралі?
Чаму, нягледзячы на пратэсты людзей, якія баяцца за ўласнае здароўе, улады дазволілі будаваць экалягічна небясьпечныя прадпрыемствы ў менскіх Калодзішчах, пад Берасьцем і Сьветлагорскам?