Больш за месяц няма вестак ад палітвязьня Ігара Аліневіча, які адбывае пакараньне ў калёніі «Віцьба-3».
Пра гэта паведаміла праваабаронцам маці палітвязьня Валянціна Аліневіч.
Апошняя навіна пра палітвязьня была зьвязаная з тым, што яго чарговым разам зьмясьцілі ў ШЫЗА. Гэта было яшчэ ў траўні.
Сябра праваабарончага цэнтру «Вясна» Наста Лойка адзначае, што абмежаваньне камунікацыі вязьняў — найбольш распаўсюджаная форма ціску.
«Што тычыцца непасрэдна Ігара Аліневіча — да яго ў калёніі пільная ўвага найперш празь яго асаблівы статус. Таму адміністрацыя ня хоча, каб пра яго шмат ведалі».
Праваабаронцы зьвязваюць факты ціску на палітвязьняў з пачаткам выбарчай кампаніі. Нядаўна да палітвязьня Мікалая Дзядка беспадстаўна не пусьцілі адваката.
«Атрымліваецца, што чым больш мы кажам пра праблему палітвязьняў у нашай краіне, тым больш узмацняецца на іх ціск. Але ўсё адно гэта сытуацыя, якой варта надаваць галоснасьць», — кажа Валянціна Аліневіч.
Ігара Аліневіча асудзілі ў 2011 годзе на восем гадоў пазбаўленьня волі паводле абвінавачваньня ў «хуліганстве», якога ён ніколі не прызнаваў. З моманту пераводу ў калёнію «Віцьба-3» у ліпені 2014 году Аліневіч зазнае разнастайны ціск: шэсьць разоў яго зьмяшчалі ў адзіночную камэру, сувязь з роднымі і знаёмымі адміністрацыя калёніі трымае пад жорсткай цэнзурай, палітвязьня не аднойчы пазбаўлялі сустрэч са сваякамі, паведамляе «Вясна».