Паводле праекту аднаўленьня воднага шляху E-40, з Чорнага мора ў Балтыйскае можна будзе трапіць праз поўдзень Беларусі, а зь Пермі ў Парыж — праз Маскву, Растоў-на-Доне, Кіеў і Чарнобыль.
У межах эўразьвязаўскай праграмы памежнага супрацоўніцтва Польшчы, Беларусі і Ўкраіны заплянаваны маштабны праект аднаўленьня воднага шляху ад Гданьску на Балтыйскім моры да Хэрсона на Чорным.
На адно дасьледаваньне магчымасьці такога воднага шляху, якое вялося з канца 2013 году, выдзелена больш за 900 тысяч эўра (зь іх 90% — унёсак Эўразьвязу). І вынікі гэтага дасьледаваньня будуць прадстаўленыя неўзабаве, ужо ў канцы году, распавёў Свабодзе сакратар Камісіі па пытаньнях разьвіцьця воднатранспартнага злучэньня E-40 на ўчастку Дняпро — Вісла Андрэй Рэкеш:
«Цяпер праект падыходзіць да завяршэньня. У выніку яго будзе створана тэхніка-эканамічнае абгрунтаваньне, гэта значыць — абгрунтаваньне інвэстыцыяў у аднаўленьне воднага шляху, тэхнічнай і экалягічнай зьдзяйсьняльнасьці і мэтазгоднасьці. Рашэньне прымаецца кансорцыюмам арганізацыяў, 17 лістапада ў Берасьці адбудзецца другая сэсія камісіі, дзе будзе вызначаны прыярытэтны варыянт пастановы, а высновы будуць зробленыя 15–16 сьнежня на трэцяй сэсіі і заключнай канфэрэнцыі ў Любліне. Я думаю, праект абсалютна рэальны. Калі б ён адразу здаваўся невыканальным, праект ніхто б не пачынаў. Пэўныя чаканьні ёсьць, але яны павінны быць пацьверджаныя дакумэнтальна».
Днепра-Бускі водны шлях мае стаць асноўным складнікам Е-40. Пакуль па ім праходзяць пераважна рэспубліканскія перавозкі, як кажа Рэкеш, ёсьць і нерэгулярныя перавозкі ва Ўкраіну ці з Украіны. На Беларусі давядзецца правесьці некаторыя працы, якія канкрэтна — будзе пералічана ў выніковым дакумэнце. Мабыць, спатрэбіцца рэканструкцыя гідратэхнічных пабудоваў, пуцявыя працы, давядзецца разгледзець пытаньне, як абмінуць Берасьце. Але асноўная праца чакаецца з польскага боку між Варшавай і Берасьцем на ўчастку Заходняга Буга, які пакуль не суднаходны.
Хоць канчатковая сума, патрэбная на водны шлях, пакуль не акрэсьленая, гаворка відавочна ідзе пра сотні мільёнаў эўра. Падобна, што яны могуць акупіцца: пасьля рэканструкцыі чакаецца значная інтэнсыфікацыя перавозак. Беларусь, са свайго боку, атрымае шырокі выхад да Балтыйскага мора, зможа ладзіць маштабныя міжнародныя перавозкі буйных грузаў па вадзе. На «Днепрабугводшляху», дарэчы, ужо пачалі будаваць першы круізны цеплаход, які зможа хадзіць зь Берасьця да Кіева, а то і да Варшавы.
Тэарэтычна, праз Е-40 можна будзе трапіць ня толькі ў Балтыйскае мора, але і за Варшаву: у Быдгашч, Кёльн, Парыж... Зь іншага боку, з Чорнага мора можна трапіць у Азоўскае, адтуль праз Растоў-на-Доне ў Маскву, а там і ў Перм, Архангельск, Белае мора...
Пры будоўлях такіх маштабаў паўстае экалягічнае пытаньне. Самы праблемны ў гэтым сэнсе кавалак у Е-40 — Прыпяць, дзе шлях праходзіць за пару кілямэтраў ад чацьвёртага энэргаблёку Чарнобыльскай АЭС. Грузаперавозкі там адбываюцца і цяпер, экалягічнай небясьпекі яны не нясуць. Але, як кажа Рэкеш, нейкія дадатковыя працы на гэтым участку могуць несьці экалягічныя наступствы, калі падчас іх зачэпяць радыеактыўныя адклады на дне або на берагах. Цяжкасьць такіх наступстваў і іх мінімізацыя таксама будуць разгледжаныя ў пляне.
Але небясьпека ёсьць і тады, калі правесьці ўсе працы акуратна, папярэджвае эколяг Мікалай Дзянісаў, рэгіянальны дырэктар эўрапейскай некамэрцыйнай арганізацыі Zoï Environment Network:
«Без тэхнічных парамэтраў пра нешта казаць цяжка. Асноўная праблема, безумоўна, будзе зьвязаная з будаўнічымі працамі, бо цяпер тыя донныя адклады прыкрытыя сьвежым, чыстым глеем. А калі чысты пласт будзе прыбраны падчас будаўнічых працаў, дадатковая транспартная нагрузка прывядзе да ўздыму забруджаных пластоў. У прынцыпе, зразумела, што пашырэньне судаходзтва можа ўзьняць пытаньне забесьпячэньня каналу вадой. Мы займаліся Белаазёрскай воднай сыстэмай, якая зьвязвае верхнюю Прыпяць ва Ўкраіне зь Днепра-Бускім каналам, там ёсьць пытаньні, бо вада патрэбная і там, і там. Пакуль праблемы вырашаюцца, але вастрыня іх можа ўзрасьці. Але капаць у асноўным будуць на тэрыторыі Польшчы, таму ў любым разе асноўныя наступствы будуць там. Але пакуль, да фінальнай прэзэнтацыі плянаў, казаць нешта рана».