Аляксандар Лукашэнка прызначыў 53-гадовага Мікалая Латышонка «памочнікам у агульных пытаньнях», піша БЕЛТА.
Мікалай Латышонак родам зь вёскі Забор’е Мёрскага раёну, вучыўся ў Разанскай вышэйшай паветрана-дэсантнай вучэльні (яшчэ ў РСФСР, цяпер – у Расеі), затым навучаўся (у канцы 1990-х і пачатку 2000-х) у Акадэміі кіраваньня. Служыў у 1988–1993 гадах у Казахстане, затым да 1995 году ў беларускіх памежных войсках.
Ад 1995 году Латышонак працаваў у Службе бясьпекі прэзыдэнта, дзе пачаў служыць старшым афіцэрам, даслужыўся да начальніка ўпраўленьня асабістай бясьпекі. У жніўні 2017 году Латышонак сышоў на службу ў запасе. Мае ўзнагароды «За службу Радзіме», мэдалі «За бездакорную службу».
Гуляў у якасьці нападніка у хакейным клюбе «Шчыт», што выступае ў Другой лізе чэмпіянату Менску сярод аматарскіх камандаў.
Пасьля аптымізацыяў у Лукашэнкі заставаліся тры памочнікі: Мікалай Корбут, Аляксандар Косінец і старэйшы сын Віктар Лукашэнка. У студзені Лукашэнка зьняў з пасады «памочніка прэзыдэнта ў агульных пытаньнях» Корбута, якога паўгода таму зьняў з пасады «памочніка прэзыдэнта».