Расея працяглы час блякуе ініцыятывы краінаў Захаду ў Радзе Бясьпекі ААН адносна выкарыстаньня хімічнай зброі ў Сырыі — у краіны як пастаяннага чальца Рады ёсьць права вэта. Расея выстаўляе свае прапановы, але іх блякуюць заходнія краіны.
Як піша The Guardian, краіны Захаду хочуць спыніць «параліч» у ААН у сырыйскай тэме. Ідэя ў тым, каб выкарыстаць нячаста ўжыванае правіла, вызначанае яшчэ падчас халоднай вайны (рэзалюцыя Генасамблеі «Адзінства дзеля міру» 1950 году): перадаць адказнасьць за вырашэньне крызісу ад Рады Бясьпекі з 15 дзяржаваў да Генэральнай асамблеі 193 дзяржаваў празь «нязгоду пастаянных чальцоў» Рады.
«Расейскае права вэта не павінна быць канцом намаганьняў дзеля калектыўных дзеяньняў з боку ААН, — расказвае былы кіраўнік Amnesty International і былы дзеяч ААН Іэн Мартын. — Абавязак патрабаваць адказнасьці за выкарыстаньне хімічнай зброі і пакласьці канец жахам сырыйскага канфлікту ляжыць на сусветнай супольнасьці як адзіным цэлым».
Ідэя была ўзьнятая на сустрэчы прадстаўнікоў заходніх дзяржаваў у Радзе Бясьпекі за зачыненымі дзьвярыма на мінулых выходных — і, верагодна, будзе абмяркоўвацца цягам бягучага тыдня. Заходнія дзяржавы, піша The Guardian, баяцца, што адсутнасьць мэханізму вызначэньня адказнасьці за хімічныя атакі дае сырыйскім уладам магчымасьць працягваць ужываньне хімічнай зброі, а таксама сур’ёзна падрывае цяперашні міжнародны парадак.
***
14 красавіка пасьля чарговага правалу перамоваў наконт Сырыі ў Радзе Бясьпекі ААН сілы ЗША нанесьлі авіяўдары па сілах Асада ў адказ на чарговую атаку з ужываньнем хімічнай зброі. Пры ракетных ударах па сілах Асада, паводле ЗША, мірнае насельніцтва не пацярпела, сырыйскі ўрад не паведамляў пра чалавечыя страты, але прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп пісаў, «місія выкананая».