Замежнікі адзначаюць, што беларусы не такія памяркоўныя й талерантныя, якімі мы сябе лічым. Пра гэта Свабодзе расказвалі брытанскія, кітайскія і амэрыканскія героі рэпартажаў. Мы запыталіся ва ўласьнікаў кватэр, як бы яны паставіліся да пары геяў, цемнаскурых, украінскіх уцекачоў і беларускамоўных — як да кватэранаймальнікаў.
Праглядаючы абвесткі, мы заўважылі, што шчасьлівыя ўладальнікі лішніх кватэраў любяць здаваць сваю жылплошчу дзяўчатам. Хлопцаў і студэнтаў часта ставяць у адну катэгорыю «нядобранадзейных» наймальнікаў, пра што і папярэджваюць яшчэ ў аб’яве.
Напрыклад, уладальнік 4-пакаёвай кватэры каля станцыі мэтро «Каменная горка» расьпісаў умовы такім чынам: сям’і, дзьвюм сем’ям, 1–4 працоўным дзяўчатам (не стyдэнткі). На прапанову здаць кватэру ў арэнду «сур’ёзнай пары хлопцаў» гаспадар адмовіў:
— Ну не, мы хочам альбо звычайную сям’ю, альбо дзяўчат. Нават звычайных хлопцаў ня хочам пакуль браць. Хочам, каб кватэра захавалася ў нармальных умовах і каб суседзі нас не турбавалі.
Аднак многіх гаспадароў кватэр пытаньне арыентацыі зусім не турбуе. Вось якая выйшла размова з уласьніцай двухпакаёвай кватэры на праспэкце Дзяржынскага. У яе аб’яве пазначана: «Добры рамонт, ёсьць усё, мэбля, тэх-ка, посуд. Усё новае. Здаецца на доўгі тэрмін прыстойнай сям’і, хлопцу, дзяўчыне. Студэнтам, замежнікам, агентам — просьбе не турбаваць».
— Добры дзень, у нас прыстойная пара, але не зусім традыцыйная.
— Вы не расьпісаныя?
— Не, мы хлопцы ў стасунках.
— А, ну калі ласка.
Не была супраць і гаспадыня двухпакаёўкі па вуліцы Асіпенкі. Адзінае ейнае пажаданьне было, каб наймала сям’я. На заяву, што патэнцыйныя наймальнікі — гомасэксуальная пара, яна сказала, што для яе гэта не прынцыпова.
З Украіны? Ніякіх пытаньняў!
Ня выклікала ніякіх пытаньняў і прапанова здаць кватэру пары ўцекачоў з Данецку. А гаспадыня трохпакаёўкі на вуліцы Панчанкі нават сама прапанавала заключыць дамову, каб ва ўкраінцаў была рэгістрацыя па адрасе яе кватэры.
— Хацелі б наняць у вас кватэру. Але ў нас не беларускія пашпарты. Мы з Данецку.
— Мы — гэта колькі вас чалавек? Восем?
— Не.
— Пяць?
— Не, мы пара, сям’я.
— Ну калі ласка! У мяне й цяпер жывуць два ўкраінцы. Яны ад школы залежаць і зьяжджаюць 5-га чысла. Адзін з Луганскай вобласьці, другі — з Кіева. Ніякіх пытаньняў. Мы ж усё адно з вамі заключым дамову, у вас будзе часовая рэгістрацыя па маім адрасе. Ніякіх пытаньняў.
Падобным чынам рэагавалі і іншыя гаспадары. Некаторыя пыталіся, ці маюць украінцы часовую рэгістрацыю, бо самі ўласьнікі кватэраў ня могуць ці ня хочуць важдацца з гэтымі дакумэнтамі.
Говорите, пожалуйста, по-русски
На беларускую мову большасьць гаспадароў ніяк не рэагуюць, пагаджаючыся здаваць сваю кватэру. Толькі ў двух выпадках на мову зьвярнулі ўвагу.
Гаспадыня двухпакаёўкі за 650 даляраў на месяц на вуліцы Пуліхава нават папрасіла перайсьці на расейскую мову (прыводзім размову ў арыгінале):
— Скажыце, калі ласка, ці можна было б пад’ехаць на гэтым тыдні паглядзець кватэру?
— Ну, можно. А вы можете по-русски говорить? А то я что-то ничего не понимаю.
— Ну, я звычайна па-беларуску размаўляю.
— Ну, ясно, хорошо.
— Але вы мяне разумееце?
— Ну, так.
Гаспадыня іншай двухпакаёвай кватэры на вуліцы Някрасава, распытваючы пра наймальнікаў, зьвярнула ўвагу на беларускую мову.
— А кто вы, расскажите о себе.
— Сям’я, два чалавекі. Я й жонка.
— Вы размаўляеце на беларускай мове?
— Ну так, размаўляю на беларускай мове.
— Редкость, поэтому обратила внимание. На этой неделе вы хотите?
— Так, хацелі б пад’ехаць паглядзець.
— Ну хорошо, тогда звоните.
З Кеніі? О Божа! Я баюся
Самая дзіўная была рэакцыя на замежных наймальнікаў. Па легендзе, прадстаўнік кампаніі шукаў кватэру для кенійскай сям’і, якая на запрашэньне прыяжджае працаваць у Беларусь. Калісьці тыя кенійцы вучыліся ў Савецкім Саюзе і памятаюць расейскую мову.
Гаспадыня вялікай двухпакаёўкі на вуліцы Лібкнэхта, напрыклад, нават не захацела слухаць, што гэта за кенійцы.
— Не, ня хочацца мне браць. Мне цяжка зь імі камунікаваць.
— Але яны расейскамоўныя, яшчэ ў Беларусі вучыліся ў савецкі час.
— Як бы мне вам сказаць... Не хацелася б, і ўсё. Я чула розныя водгукі. Жылі ў знаёмых і адны, і іншыя. Увогуле, толькі грамадзянам Беларусі перавагу аддаю.
Яшчэ больш непрадказальная была рэакцыя гаспадыні «дагледжанай кватэры для сям’і на доўгі тэрмін». Менавіта прыстойную сям’ю, гатовую жыць у іхняй кватэры доўгі тэрмін, мы й хацелі прапанаваць кабеце.
— Прыяжджае пара з Кеніі.
— О Божа!
— Што, прабачце?
— Гэта я зьдзівілася.
— Яны расейскамоўныя. Калісьці вучыліся ў Савецкім Саюзе. А зараз атрымалі запрашэньне на працу ў Беларусі. Гэта сям’я, два чалавекі.
— Яны ўвогуле рускія ці нярускія?
— Яны кенійцы.
— Гэта я зразумела. А па нацыянальнасьці?
— Яны афрыканцы.
— Не, ня трэба, не-не.
— Нават не разглядаеце такі варыянт?
— Я, шчыра кажучы, баюся. Гэта не для мяне.
Гаспадар кватэры на праспэкце Ракасоўскага спачатку схіляўся да таго, каб не здаваць кватэру кенійцам.
— Гэта сям’я з Кеніі, яны па працы сюды прыяжджаюць.
— З Кеніі — дык яны цемнаскурыя?
— Так.
— Шчыра кажучы, гэта нестандартная сытуацыя. Я нават ня ведаю (сьмяецца).
Але калі гаспадар пачуў, што кенійцы прыяжджаюць на запрашэньне кампаніі і што за жыльлё плаціць фірма, гаспадар стаў пытацца, ці не маглі б яны плаціць больш, чым ён першапачаткова заяўляў. Калі так, то ён ужо быў і ня супраць кенійцаў.
Зусім катэгарычнай аказалася гаспадыня 1-пакаёвай кватэры на вуліцы Калініна. Як і многія іншыя ўласьнікі кватэр, яна хацела б здаваць менавіта сям’і.
— Гэта не зусім звычайная сямейная пара. Яны з Кеніі.
— Не-не-не, дзякуй, ня трэба.
— А чаму?
— Я не хачу! Я хачу беларускіх! Нашто мне кенійцы?
У нас шэры рынак арэнды, улады цікавіць толькі камуналка
Па словах Генадзя Калёнава, выканаўчага дырэктара Міжнароднай асацыяцыі мэнэджмэнту нерухомасьці ў Беларусі, адносіны паміж уласьнікамі камэрцыйнага жыльля і іх арандатарамі ў нас не рэгулююцца нічым, акрамя дамовы найму і вусных дамоўленасьцяў. Таму ўласьнік кватэры, як правіла, сам прымае рашэньні:
«Я памятаю тлумачэньні юрыста Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі пра тое, як будуюцца адносіны паміж уласьнікамі кватэр і наймальнікамі. Па словах юрыста, гэта наагул ня тычыцца міністэрства. Фактычна ствараюцца „шэрыя“ схемы, і на рынку жыльля камэрцыйнага найманьня ня дзейнічаюць правілы цывілізаваных паводзінаў».
Таму, калі ўласьнікі кватэр ня хочуць здаваць жылыя памяшканьні замежнікам, гэта ня лічыцца дыскрымінацыяй па нацыянальнай прыкмеце.
Арандатары — гэта, можна сказаць, досыць бедныя людзі. І вось інтарэсы гэтай катэгорыі грамадзян ніхто не абараняе
Яшчэ адна важная праблема, якую спараджае нерэгуляваны рынак, — гэта хаатычныя кошты на арэнду жыльля. Калі пару гадоў таму яны вырасьлі ў некалькі разоў, гэта не зацікавіла нікога, акрамя кватэранаймальнікаў. У той жа час улады пастаянна паўтараюць патрабаваньні не павышаць камунальныя плацяжы больш як на 5 даляраў за год.
«Гэта дзіўна, бо камунальныя паслугі тычацца ў першую чаргу ўласьнікаў кватэр — людзей, у якіх ёсьць маёмасьць, зусім ня бедных людзей. А арандатары — гэта, як правіла, маладыя сем’і, маладыя спэцыялісты, якія прыехалі па накіраваньні, — людзі, у якіх няма нерухомасьці ў горадзе. Можна сказаць, досыць бедныя людзі. І вось інтарэсы гэтай катэгорыі грамадзян ніхто не абараняе. У іх няма ні сваёй асацыяцыі, ні законаў, ні правілаў, па якіх яны могуць абараняць свае правы. Усё рэгулюецца попытам і прапановай».
Узорны прыклад вырашэньня праблемы можна пабачыць у краінах Заходняй Эўропы. Напрыклад, у Нямеччыне існуе тыпавая дамова арэнды, дзе прапісаныя правы і абавязкі як уласьніка жыльля, так і наймальніка. Тыпавая дамова адзіная для ўсіх юрыдычных асобаў і грамадзянаў.
У першую чаргу там абараняюцца правы арандатараў
Выселіць з кватэры наймальніка могуць толькі праз суд у выпадку парушэньняў. Тое ж самае тычыцца і арандатараў, якія наймаюць кватэру не ў арэндным доме, а наўпрост ва ўласьніка. Іх могуць выселіць, толькі калі ўласьнік дакажа, што зьбіраецца сам жыць у сваёй кватэры.
Кошт арэнды можна павялічыць толькі адзін раз у год на аснове кошту, сярэдняга для гэтага віду жыльля ў дадзеным раёне гораду. У сваю чаргу, кошты манітораць мясцовыя ўлады, асацыяцыі ўласьнікаў жыльля і асацыяцыі кватэранаймальнікаў. Калі ўласьнік кватэры вырашае падняць стаўку арэнды вышэй, чым сярэдняя па раёне, арандатар у судзе, з дапамогай адвакатаў Саюзу кватэранаймальнікаў, лёгка выйграе справу, і суд абавяжа захаваць ранейшую стаўку арэнды.
«Правіла „Не падабаецца — зьяжджайце“ немцы забылі паўстагодзьдзя таму», — кажа Генадзь Калёнаў.