Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры дзіцячыя пытаньні пра беларускую рэчаіснасьць


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Часьцяком мне прыходзяць у галаву наіўныя пытаньні. Гэта калі тыя ўяўленьні пра рэчаіснасьць, якім мяне вучылі зь дзяцінства, перастаюць гэтай самай рэчаіснасьці адпавядаць.

Вось, скажам, жыльлёвае будаўніцтва ў Менску. Такога размаху я ня бачыў нідзе ў сьвеце. Здаецца, усіх, каму не хапала жыльля, даўно можна было расьсяліць. Прыросту насельніцтва няма з савецкіх часоў, наадварот, жыхароў краіны стала меней за 10 мільёнаў, тым часам горад павялічыўся ў разы і працягвае расьці. Можа, гэта прыток з раёнаў у сталіцу? Але па-першае, умовы жыцьця па-за Менскам цяпер нічым не адрозьніваюцца ад сталічных нават у вёсках. Па-другое, і ў раёнах ды абласьцях будуюць на злом галавы. Куды, каму? І чаму такога няма, напрыклад, у Вільні ці ў Празе? Новыя дамы зусім не пустуюць, а адразу ж засяляюцца. Можа быць, людзі набываюць кватэры, каб здаваць іх у арэнду? Але хто тады тыя масавыя зьёмшчыкі, калі насельніцтва ўсё адно не расьце. Ужо б і ім свайго жыльля хапіла. Так што загадка застаецца.​

Пра сярэдні заробак яшчэ больш складана. Калі асноўная маса народу зарабляе ня больш за 500 даляраў, дык пры сёньняшняй дарагоўлі адкуль у людзей грошы на тыя кватэры ці хоць бы на машыны? Тое, што аўтапарк за 20 гадоў вырас у разы, а цяпер яшчэ і капітальна абнавіўся, кожны бачыць няўзброеным вокам. Пры тым, што ўсе кажуць пра малагрошай, а падаткі, штрафы і выплаты па крэдытах у Беларусі абсалютна драконаўскія. Але ніхто не галадае, усе «ўпакаваныя», што б яны ні казалі. Адкуль у людзей грошы? Загадка.​

Трэцяе пытаньне тычыцца дзяржавы. Калі наша эканоміка жыве выключна дзякуючы расейскім датацыям, адкуль сродкі на ўтрыманьне аграмаднай арміі абсалютна непатрэбных чыноўнікаў? Асабліва гэта тычыцца самай вялікай у сьвеце міліцыі на душу насельніцтва і незьлічоных кантрольных органаў. Што і навошта яны кантралююць? Можа быць, справа не ў датацыях, і ў нас проста выдатная сама эканамічная мадэль?​

Магчыма, я адстаў ад жыцьця, і рэчаіснасьць кіруецца нейкімі іншымі законамі. Але, як той казаў, трэба пытацца, бо ў пытаньні, бывае, болей сэнсу, чым ва ўсіх магчымых адказах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG