Тэма, якая часта гучыць у пошце Свабоды, — лёс беларускай вёскі. Звычайна ўлада ставіць сабе ў заслугу тое, што захавала калгасную сыстэму і працягвае яе шчодра фінансаваць. Але як гэта адбіваецца на рэаліях вясковага жыцьця?
Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму. Наш даўні слухач і аўтар Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну піша:
«У нашай мясцовасьці адбылася значная для ўсёй акругі падзея: аб’ядналі два калгасы — Ляхаўцы і Макраны. І адзін, і другі вялікімі посьпехамі не вызначаюцца. У Ляхаўцах хоць палі засеяны ды салома з палёў зьвезена. Праўда, крэдытаў гэты калгас набраў на 20 мільярдаў: няма за што нават саляркі купіць.
А вось у Макранах рулёны саломы дагэтуль на палёх. Няўбраную моркву зааралі балотным плугам. Больш як 50 гектараў проса як скасілі — так яно і ляжыць у валках. Цяпер ужо пацяплела, дык хутка прарасьце. Палі пад вясеньнюю сяўбу не араныя. А крэдытаў вісіць на калгасе — 75 мільярдаў рублёў.
З фэрмы з Асавой забралі 150 цялят, і зь Ляхаўцаў 100 галоў таксама — перагналі дойны статак. Рыхтуюць на вясну — трэба запаўняць новы комплекс. Зьядуць нарыхтаванае зерне, а што далей — невядома. У Макранах зернесклады парожнія — шаром пакаці...».
Раней такія аб’яднаньні адбываліся паводле іншай схемы: занядбаны калгас далучалі да пасьпяховага — у разьліку на тое, што перадавік падцягне аўтсайдэра да свайго ўзроўню. Праўда, і тады схема спрацоўвала далёка не заўсёды. Цяпер амбітная мэта ня ставіцца: ніхто не спадзяецца на тое, што два жабракі, аб’яднаўшыся, зажывуць багата. Разьлік на тое, што ўдасца заашчадзіць сякія-такія грошы за кошт скарачэньня адміністратыўнага апарату: меней спатрэбіцца бухгальтараў, улікоўшчыкаў ды іншага канторскага люду. Хоць, зь іншага боку, шараговым калгасьнікам такое ўзбуйненьне прынясе і шмат нязручнасьцяў. Раней калгаснае праўленьне было пад бокам, а цяпер для некаторых яно аддалілася на дзясяткі кілямэтраў.
✉ ✉ ✉Аўтар наступнага ліста Анатоль Чачотка зь Менску ўстрывожаны станам беларускай мовы. Разважаючы пра гэтую праблему, ён піша:
«Дажыліся: у сталіцы беларускай дзяржавы з двухмільённым насельніцтвам амаль не пачуеш роднага слова. Каб пагутарыць на бацькоўскай мове, трэба ехаць кудысьці на вёску. Праўда, цяпер і там мова вынішчаецца. Гадоў дваццаць таму можна было ўсьцешыцца сакавітай, смачнай гаворкай з мэханізатарамі, жывёлаводамі, будаўнікамі... А цяпер і ад іх чуеш у адказ нейкую невыразную трасянку. І міжволі задумваесься: а ці не праводзіцца ў нашай краіне адмысловая палітыка, накіраваная на поўнае зьнішчэньне мовы?
Асабіста мяне падчас нядаўняй вялікай прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнкі нішто так ня ўразіла, як ягоная заява пра тое, што ён у справе абароны мовы нічога рабіць не зьбіраецца. Маўляў, пакуль ён прэзыдэнт — гэтая праблема закрытая. Гэта вельмі балюча... І нідзе не відаць сілы, якая магла б прыпыніць гэтую антыбеларускую навалу».
Сапраўды, спадар Анатоль, беларуская мова пакрысе пакідае вёску — разам са сваімі старэнькімі носьбітамі, якія адыходзяць у лепшы сьвет. Затое ўсё больш прыхільнікаў беларускага слова зьяўляецца сярод гарадзкой моладзі — інтэлігенцыі, студэнтаў, школьнікаў... Вядома, пры цяперашняй палітыцы, калі беларуская мова, па сутнасьці, не ўжываецца ў грамадзкім і палітычным жыцьці, гэты рух ня можа быць надта масавым. І ўсё ж тое, што мова ў значнай ступені становіцца прыкметай элітарнасьці, адукаванасьці — у пэрспэктыве, пры спрыяльных умовах, можа саслужыць ёй добрую службу.
✉ ✉ ✉Наш слухач Мікола Канаховіч з Пружанаў зьвярнуў увагу на тое, што падчас нядаўняга інтэграцыйнага паседжаньня ў Маскве на стале перад Лукашэнкам паставілі таблічку, на якой назва Беларусі была пазначана па-расейску як «Республика Белоруссия». Спадар Мікола лічыць гэта абразьлівым. Ён піша:
«Няма такой краіны — Рэспубліка Беларусія. І калі хтосьці нас так называе — гэта прыніжэньне. Вось ён, сапраўдны твар нашага так званага „гаранта Канстытуцыі“ і „народнага ўлюбёнца“. Калі мы самі сябе абыдлячваем, дык і ніхто ў сьвеце нас не паважае. Пра якую незалежнасьць у такіх умовах можа ісьці гаворка? Наша краіна як была, так і застаецца расейскай калёніяй. На гэта, паважаная Свабода, пастаянна трэба зьвяртаць увагу. Асабліва перад прэзыдэнцкімі выбарамі».
Увогуле, спадар Мікола, нічога надта абразьлівага ў расейскай назьве «Белоруссия» няма. Менавіта так раіць расейскім палітыкам называць нашу краіну маскоўскі акадэмічны Інстытут расейскай мовы. Лёгіка пры гэтым наступная: нацыянальныя формы не павінны пераносіцца ў іншыя мовы. Мы ж ня кажам на Нямеччыну — Дойчлянд, на Фінляндыю — Суомі, а на Польшчу — Польска. І нічога, у гэтых краінах, здаецца, не крыўдуюць.
Іншая рэч, што Беларусь, як толькі абвясьціла пра сваю незалежнасьць у 1991 годзе, зьвярнулася да сусьветнай супольнасьці з просьбай трансьлітараваць на іншыя мовы менавіта беларускую назву. Так у свой час рабілі і іншыя краіны — напрыклад, Іран (які раней называлі Пэрсіяй), Шры-Ланка (былы Цэйлён), М’янма (былая Бірма), Кот д’Івуар (былы Бераг Слановай Косьці). Заходнія краіны да просьбы беларусаў у асноўным ахвотна прыслухаліся. Ну, а ў Маскве зрабілі па-свойму.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.