“Цімох Вострыкаў. Праўда зь першых вуснаў”, – так завецца гадзінная стужка, зробленая ў жанры відэа-мэмуараў.
Герой антысавецкага супраціву, вязень ГУЛАГу раскрывае таямніцы сваіх стасункаў з амэрыканскай выведкай, якая дэсантавала Цімоха Вострыкава ў БССР у 1952 годзе.
Цімох Вострыкаў – адзін зь нямногіх, хто сьвядома рушыў у Беларусь змагацца з савецкай уладай і рыхтаваць вызваленьне Беларусі ад улады Масквы.
Вострыкаў: “Гісторыю майго існаваньня пасьля 1952 году лепш ад усіх зразумеў той, хто быў у кіпцюрах КГБ. З 26 на 27 верасьня 1952 году выкінулі нас у Налібоцкай пушчы ля вёскі Кляцішча”.
Неўзабаве па высадцы групы з чатырох чалавек дывэрсантаў затрымалі савецкія спэцслужбы. Вызваленьне прыйшло толькі ў 1975 годзе.
Ад 1963 па 1973 побач з Вострыкавым у адным з мардоўскіх лягераў адбываў пакараньне за антысавецкую дзейнасьць Сяргей Ханжанкоў. Разам з аднадумцамі студэнт Ханжанкоў хацеў узарваць прыстасаваньні для глушэньня заходніх радыёстанцый, што стаялі ў цэнтры Меснку. Сёньня Сяргей Ханжанкоў гаворыць пра Цімоха Вострыкава, якога ведаў:
“Перакананасьць, мэтанакіраванасьць, гэта самае галоўнае. І беларуская скіраванасьць, гэта яго аснова. Яна яго рухала і на скачок сюды, і на тое, каб вытрымаць 23 гады лягеру. Ён іх бліскуча вытрымаў”.
Незадоўга перад сьмерцю Цімоха Вострыкава дзяржаўная тэлевізія выпусьціла дакумэнтальны фільм пад назвай “Рэзыдэнт дзьвюх выведак” у сэрыі “Злачынствы стагодзьдзя”. Там распавядаліся многія нюаснсы справы, у тым ліку даваліся камэнтары на падставе архіваў КГБ, немалы акцэнт рабіўся на тым, што Цімох Вострыкаў спрабаваў атрымаць грашовую кампэнсацыю ад ЗША. Сам герой фільму ляжаў ужо ў цяжкім фізычным стане, амаль ня мог гаварыць. Ацэнку фільму дае Сяргей Ханжанкоў:
Ханжанкоў: “Мэта якая? Найперш, дыскрэдытаваць усялякую думку пра рух, пра супраціў. Нібыта ўсё круціцца вакол нейкіх грошай. І што ўсе “невменяемые” людзі – нашы супраціўнікі”.
Толькі ў 1998 годзе Цімох Вострыкаў упершыню даў інтэрвію для прэсы: для газэты “Наша Ніва” герой антысавецкага супраціву распавядаў пра акалічнасьці затрыманьня, жыцьця па вызваленьні.
У інтэрвію Цімох Вострыкаў цьвердзіў, што падрабязным чынам занатаваў свае ўспаміны, якія адносяцца да стасункаў з амэрыканскай выведкай і высадкі ў Беларусі. Да апошняга ён часу лічыў, што “яшчэ не прыйшоў час публікаваць дэталі гэтае справы”. І вось днямі выйшла відэастужка, дзе Цімох Вострыкаў чытае занатаваныя ўспаміны-сьведчаньні:
Вострыкаў: “Самае галоўнае – гэта мэта амэрыканскай выведкі, дзеля чаго нас выкінулі ў Налібоцкай пушчы. Зараз магу сказаць з упэўненасьцю, што рыхтавалі нас для таго, каб мы сталіся прынадай для КГБ. Каб стварыць такім чынам бясьпеку, схованку важнейшай асобе, што ляцела ў тым жа самалёце разам з намі”.
Відэа-заява запісаная сынам Цімоха Вострыкава Ільлём яшчэ ў 1995 годзе. Разам з фотаздымкамі стужка змантажаваная цяпер, у лютым 2008 году. Паводле грамадзкага актывіста Вячаслава Сіўчыка, на падставе відэа-мэмуараў будзе створаны дакумэнтальны фільм пра Цімоха Вострыкава.