Сёньня ў Менску адбылося паседжаньне адмысловай рабочай групы ў пытаньнях прадпрымальнікаў пры міністэрстве эканомікі.
У ім узялі ўдзел шэраг чыноўнікаў разам з дырэктарам дэпартамэнту ў пытаньнях прадпрымальніцтва Аляксандрам Ліхачэўскім.
На паседжаньне былі ўпершыню запрошаныя прадпрымальнікі, якія ў адпаведнасьці з новым заканадаўствам зарэгістравалі прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы.
Па выніках паседжаньня старшыня рэспубліканскага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка заявіў, што выразных адказаў сёньня, як і заўсёды, прадпрымальнікі не атрымалі:
Умоваў для працы ні эканамічных, ні заканадаўчых сёньня ня створана. І гэта сёньня прызнаюць людзі, якія перайшлі ў ЧУПы, і тыя, хто туды не пайшоў.
“Тыя, хто перайшоў у “ЧУПы”, канстатавалі, што эканамічных і заканадаўчых умоваў для працы ў прыватных унітарных прадпрыемствах няма. Як мінімум у дзесяць разоў трэба павялічваць абаротныя сродкі, каб нармальна працаваць у “ЧУПах”. Заблытанае заканадаўства, праверкі, штрафы – гэта тое, што нас чакае наперадзе. Індывідуальныя прадпрымальнікі атрымаюць падвышэньне ставак адзінага падатку, а “ЧУПам” давядзецца працаваць у няпростых умовах. Праблема не вырашаецца.
Выснова адна: умоваў для працы ні эканамічных, ні заканадаўчых сёньня ня створана. Гэта бэспэрспэктыўна. І гэта сёньня прызнаюць людзі, якія перайшлі ў прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы, і тыя, хто туды не пайшоў. Дзяржава плянамерна і якасна ідзе да таго, каб наагул прыбраць індывідуальных прадпрымальнікаў”.
Выканаўца абавязкаў старшыні Каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Алесь Макаеў заявіў:
“Відавочна, што будуць масавыя выступы прадпрымальнікаў, бо сытуацыя напятая. Людзі проста будуць губляць працу, і гэта можа прывесьці да магутнага выбуху”.