Калегія Вышэйшага гаспадарчага суду пацьвердзіла рашэньне, паводле якога Беларускаму Хэльсынскаму камітэту адмовілі ў задавальненьні пазову да Савету міністраў і Міністэрства фінансаў.
Сёньня калегія Вышэйшага гаспадарчага суду разгледзела скаргу Беларускага Хэльсынскага камітэту на адмову ў пазове праваабаронцаў да ўраду і Мінфіну. Скаргу, як і ранейшы пазоў, адхілілі. Выканаўца абавязкаў старшыні БХК Алег Гулак гэтак пракамэнтаваў рашэньне судовай калегіі:
“Вышэйшы гаспадарчы суд зноў ня хоча стаць на бок права, на бок неабходнасьці выкананьня міжнародных законаў. На маю думку, гэта ўжо дрэнна адбіваецца ўвогуле на прававой сытуацыі ў краіне і на эканамічных стасунках з замежнымі партнэрамі”.
Гэтая судовая гісторыя цягнецца са студзеня 2004 году. Тады Беларускі Хэльсынскі камітэт абавязалі заплаціць падатак зь міжнароднай тэхнічнай дапамогі па праграме ТАСІС, які ня быў прадугледжаны міжнароднай дамовай. Калі праваабаронцы адмовіліся, у іх арыштавалі рахунак, канфіскавалі маёмасьць, нават завялі крымінальную справу на кіраўнікоў арганізацыі.
Чатыры гады праваабаронцы даводзілі, што дзеяньні ўладаў не былі законнымі. Суды некалькі разоў схіляліся на бок БХК, але потым зноў пацьвярджалі рашэньні дзяржаўных органаў.
У верасьні мінулага году ў Вышэйшым гаспадарчым судзе прынялі да разгляду чарговы пазоў БХК, гэтым разам да Савета міністраў і Мінфіну. Праваабаронцы спрабавалі спагнаць зь іх грошы за маёмасьць, адабраную за няўплату падаткаў. Маўляў, віна за тое, што закон не скарэктавалі, на вас — таму і плаціце.
Але судзьдзя Кацярына Караткевіч вырашыла, што Савет міністраў і Мінфін не вінаватыя ў сытуацыі, калі беларускае заканадаўства ў галіне міжнароднай дапамогі не прыведзенае ў адпаведнасьць з падпісанымі ўрадам дамовамі. Сёньня тое самае пацьвердзіла і калегія на чале з судзьдзёй Аксанай Міхнюк.
“Мы зноў будзем скардзіцца, бо лічым, што закон на нашым баку”, — заявіў пасьля суду вядомы праваабаронца Гары Паганяйла.
Як і на ранейшае паседжаньне, Савет міністраў свайго прадстаўніка на разгляд скаргі не накіраваў. Прадстаўнік Мінфіну Юры Тодрык выказаў задавальненьне рашэньнем калегіі Вышэйшага гаспадарчага суду.