Сёньня, у Дзень сьвятога Валянціна, актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” традыцыйна ладзяць вулічнае шэсьце.
Маладафронтаўцы заклікаюць усіх у Дзень любові далучыцца да сьвяточнай акцыі. Шэсьце пачнецца а 5-й вечара ад плошчы Свабоды. Маладыя людзі наведаюць амбасады краінаў Эўразьвязу і ЗША. Штогод акцыя ў Дзень сьвятога Валянціна не абыходзілася без затрыманьняў. Нягледзячы на гэта, штогод колькасьць удзельнікаў акцыі павялічваецца.
Некалькі дзясяткаў сяброў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” плянуюць сабрацца а 5-й вечара на плошчы Свабоды – на традыцыйным месцы збору ў Дзень сьвятога Валянціна. 11 лютага маладафронтаўцы атрымалі адказ зь Менгарвыканкаму, куды яны зьвярнуліся па дазвол на правядзеньне вулічнай акцыі. Гарадзкія чыноўнікі адмовілі, спаслаўшыся на тое, што шэсьце будзе замінаць “ажыўленаму руху машын".
Маладафронтаўцы ад 1997 году штогод адзначаюць Дзень сьвятога Валянціна. За гэты час зьмянілася тры пакаленьні сяброў арганізацыі. Амаль на кожнай акцыі не абыходзілася без затрыманьняў. У 1999 годзе за праявы любові да эўрапейскіх краінаў (калі акцыя скончылася фаервэркам) супраць актывіста арганізацыі Яўгена Скочкі завялі крымінальную справу. Яўгена пакаралі годам зьняволеньня ўмоўна.
Сёньняшняя акцыя, як і ранейшыя, адбываецца пад лёзунгам “Беларусь у Эўропу!”.
“Нягледзячы на забарону з боку ўлады, “Малады фронт” нават не вагаецца ў сваім рашэньні, бо 14 лютага ёсьць днём любові, – гаворыць актывістка арганізацыі Наста Палажанка. – Мы, маладафронтаўцы, маем магчымасьць прызнацца ў любові сваім сябрам, сваёй краіне, сваёй мове, прызнацца ў любові ды адкрыць сваё сэрца Беларусі, Госпаду, распавесьці ўсім людзям, што ёсьць цяпер у нашай краіне, што ў ёй адбываецца і якія намаганьні мы будзем прыкладаць, каб нашае далейшае жыцьцё ўсё ж палепшылася”.
На акцыі будуць прысутнічаць учорашнія палітвязьні Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч. Зьміцер, які адбыў амаль паўтара году зьняволеньня за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі, паведаміў, што не баіцца зноў трапіць за краты:
“Сёньня я выйду на плошчу Свабоды разам з маладафронтаўцамі, каб чарговы раз на ўвесь голас заявіць, што Беларусь –гэта эўрапейская краіна, што беларусы духоўна належаць да хрысьціянскай эўрапейскай цывілізацыі і наша будучыня менавіта ў гэтай супольнасьці”.
А 6-й вечара адначасова ў некалькіх гарадох у рамках сьвяткаваньня пачнецца акцыя “Палаючыя сэрцы”. Палаючыя сэрцы, або колы, на ўзор зорак эўрапейскага сьцяга ўтвораць удзельнікі акцыі са сьвечкамі, запальнічкамі, ліхтарыкамі ці бэнгальскімі агеньчыкамі.
Сёньняшняя акцыя дасьць старт трохмесячнаму маратону ў іншых гарадох Беларусі. Моладзь будзе праводзіць віктарыны, конкурсы пра тое, што эўрапейскага ёсьць у тым ці іншым горадзе ці мястэчку. Будуць вывешвацца нацыянальныя сьцягі і сьцягі Эўразьвязу.