Старшыня Савецкага раённага суду Гомеля Аляксандар Кострыкаў пакараў арыштам на сем сутак рэгіянальнага каардынатара руху “За свабоду”, сябра АГП Уладзімера Кацору.
Ён абвінавачаны ў парушэньні парадку арганізацыі й правядзеньня масавага мерапрыемства.
Раніцай Уладзімера Кацору выклікаў у Савецкі райаддзел міліцыі начальнік аддзяленьня аховы правапарадку міліцыі маёр Сяргей Яруціч. А пасьля маёр Яруціч, узяўшы з сабой Кацору, паехаў рабіць ператрус у офісе АГП на вуліцы Палескай, 52.
Зьвязана гэта з тым, што ў дамах па вуліцы Барыкіна — 94 і 98 — былі распаўсюджаны ўлёткі пра сустрэчу з Аляксандрам Мілінкевічам, якая мае адбыцца 15 лютага непасрэдна ў двары згаданых дамоў, а таксама ў скверы Янкі Купалы на Рэчыцкай шашы. Экс-кандыдат у прэзыдэнты мае выкласьці гараджанам праграму пераадоленьня сацыяльна-эканамічных праблем, выкліканых, як сказана ва ўлётках, “недальнабачнай палітыкай цяперашняга кіраўніцтва”. І адказаць на мажлівыя пытаньні гамельчукоў.
Паведамлялася таксама, што гарвыканкам не дазволіў праводзіць сустрэчу зь Мілінкевічам у ДК “Фэстывальны”. Быў пададзены тэлефон Уладзімера Кацоры.
За ўлёткі і склалі на палітыка адміністрацыйны пратакол пра парушэньне парадку арганізацыі й правядзеньня масавага мерапрыемства.
Суд цягнуўся літаральна тры хвіліны.
“Поўнае беззаконьне. У гэтым відаць уся “лібэралізацыя” рэжыму. На словах – адно, на справе – іншае”, — лічыць Уладзімер Кацора.
Адбываць пакараньне Ўладзімера Кацору адправілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня на вуліцы Барысенкі.
За два апошнія гады гэта ўжо пятае пакараньне актывіста арыштам за палітычную й грамадзкую дзейнасьць.
Агулам Уладзімер Кацора правёў ужо ў няволі 34 сутак — без уліку сёньняшняга арышту.