Намесьнік міністра замежных справаў Расеі Андрэй Дзянісаў у інтэрвію расейскай газэце “Время новостей” падкрэсьліў, што Расея і Беларусь – “розныя дзяржавы”.
Паводле Дзянісава, “замежная палітыка ў нас розная, але з прычыны блізкасьці нашых інтарэсаў і ўяўленьняў аб іх рэалізацыі мы дасягнулі высокай ступені каардынацыі нашай замежнай палітыкі”.
Расейскі дыплямат адзначыў, што “саюзная дзяржава” – гэта хутчэй гістарычнае паняцьце, чым юрыдычны тэрмін: “Гэта форма суіснаваньня дзьвюх сувэрэнных дзяржаваў, якія самастойна вызначаюць сваю палітыку”.