50 першых патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад аб’яднанай дэмакратычнай апазыцыі зацьвердзілі сёньня на пашыраным паседжаньні Палітрады аб’яднаных дэмакратычных сілаў у Менску. Такім чынам, гэтыя людзі фактычна ўжо могуць рыхтавацца да выбараў, якія згодна з дзейным заканадаўствам мусяць прайсьці сёлета ўвосень.
На выбарах у Палату прадстаўнікоў будзе 110 акругаў. Але сёньня зацьвердзілі толькі 50 прэтэндэнтаў. Справа ў тым, што працэдуру ўзгадненьня кандыдатаў пакуль цалкам правялі толькі ў трох рэгіёнах – сталіцы, Віцебскай і Гомельскай абласьцях.
Сустаршыня Палітрады Анатоль Лябедзька адзначае, што і гэта ўжо прарыў:
“Ніколі раней такога яшчэ ня было. І гэта я лічу нашай перамогай. Шкада, што не зацьвердзілі па ўсіх акругах, але і 50 – гэта прыкладна палова”.
Карэспандэнт: “А што ў іншых акругах?”
“Юрыдычнае, прававое рашэньне можа быць прынятае толькі Палітычнай радай. Гэта дэ-юрэ. А дэ-факта ў Менскай, Гарадзенскай і нават ў Магілеўскай абласьцях ёсьць узгодненыя кандыдаты”.
Цікаўлюся ў спадара Лябедзькі прозьвішчамі ўжо зацьверджаных кандыдатаў:
“Гэта Станіслаў Багданкевіч, Вінцук Вячорка, Сяргей Калякін, Аляксандар Дабравольскі і шмат тых, каго ведаюць у рэгіёнах”.
“А ці ёсьць у гэтых сьпісах прозьвішчы маладых людзей, жанчын?”
Мы патрабуем гарантаванага ўключэньня ў камісіі ўсіх роўняў, я падкрэсьліваю, усіх роўняў прадстаўнікоў аб’яднаных дэмакратычных сілаў...
Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы сёньня таксама вызначылі ўмовы, неабходныя для таго, каб правесьці выбарчую кампанію адпаведна стандартам АБСЭ. Свае патрабаваньні яны непасрэдна выкладаюць беларускім уладам, якіх заклікаюць да дыялёгу. І даюць ім тэрмін да 25 красавіка, удакладняе першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка:
“Перадусім гэта вызваленьне палітычных вязьняў, а таксама спыненьне іншых формаў палітычных рэпрэсіяў. Мы патрабуем гарантаванага ўключэньня ў камісіі ўсіх роўняў, я падкрэсьліваю, усіх роўняў прадстаўнікоў аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Мы патрабуем рэгістрацыі нашых кандыдатаў.
Мы з гэтага робім прамую выснову – ці мусіць міжнародная супольнасьць загадзя прызнаваць ці не прызнаваць тую выбарчую кампанію, якая зараз рыхтуецца. Мы ў кожным разе рыхтуемся да мабілізацыйна-інфармацыйнай кампаніі, і ў выпадку невыкананьня ўладамі гэтых падставовых крытэраў мы выкарыстоўваем ўсе тыя магчымасьці, якія дае выбарчая кампанія для падрыхтоўкі пратэстных акцыяў. І рэзэрвуем за сабою права, што нам канкрэтна рабіць, калі ўлады гэтыя варункі выконваць ня будуць”.