Як разганяць кракадзілаў

Матывы цяперашніх заляцаньняў афіцыйнага Менску да Эўропы выглядаюць загадкавымі. Тое, што яны хітраватыя: траіх выпусьцілі, 10 пасадзілі (праўда, на кароткія тэрміны), што ніякай сапраўднай лібэралізацыі ўлада не плянуе, зразумела, ды з чаго б уласна ёй такое плянаваць. Тое, што ў гандлі імкнуцца партнэра абдурыць – нармальны стыль паводзінаў на ўсходнім базары. Але навошта наагул менавіта зараз увязаліся ў гэты гандаль?

Тут варта нагадаць, што самая ідэя гандлю ўзьнікла ў разгар беларуска-расейскай зімняй 2006-2007 гадоў нафтагазавай “вайны. І прагматыка таго рашэньня была абсалютна зразумелая: Расея скарачэньнем прэфэрэнцый прабіла ў беларускай гаспадарцы велізарную дзірку, яе трэба чымсьці закрываць, і асабліва ў пэрспэктыве, a Эўропа – натуральная крыніца рэсурсаў для гэтага.

На працягу амаль году заляцаньняў, па-першае, вызначылася цана, ніжэй за якую адзін бок ну ўжо ніяк ня можа саступіць, а па-другое, выявілася, што беларускі бок не гатовы плаціць і столькі. Але мінімальная цана вызначылася – вызваленьне палітвязьняў, нават Злучаныя Штаты ня кажуць, што для заключэньня зьдзелкі трэба выканаць 12 ці 10 ці 15 умоваў, ідзецца пра адно: палітвязьняў - на волю.

Паводле больш вытанчанай вэрсіі, ніякія сур'ёзныя адносіны з Захадам Менск ня меў на ўвазе ад пачатку, а распачаты, а дакладней абазначаны, раманчык меў на мэце адно вярнуць пачуцьці галоўнага і адзінага каханка – Крамля.

Тое дала плён ці нешта іншае, але нарэшце прыехаў Пуцін з кучай падарункаў: падвышэньне цаны на газ – мізэрнае, крэдыт, пра які марылі ўвесь год – калі ласка, і яшчэ адзін, і ня прошаны – таксама калі ласка.

Ну дык, здаецца, мэта дасягнутая, прычына, якая спарадзіла заходні праект, вычарпаная, чаго ж наагул у той бок глядзець? Але высьвятляецца, што позірк у той бок робіцца яшчэ больш пільным і за лічаныя тыдні і дні пэрспэктыва вызваленьня ўсіх вязьняў (“невялікага сьпісу” паводле выразу амэрыканскага дыплямата Дэйвіда Крэймэра) робіцца ўсё больш рэальнай. І чаму?

Даволі папулярная вэрсія палягае ў тым, што ўся справа – у страшных інтэграцыйных, а наўпрост – паглынальных прапановах, зробленых расейцамі ці падчас візыту Пуціна ў Менск у сьнежні, ці ў часе сочынскай сустрэчы на лыжні тыдзень таму. Па шчырасьці ўсе аргумэнты супраць гэтай вэрсіі былі выказаныя адразу пасьля сьнежаньскага саміту Лукашэнка-Пуцін. І да яго. І пазьней. Паўтараць ня хочацца, бо адданых адэптаў веры ў тое, што Расея ня сьпіць ня есьць, толькі думае, як паглынуць Беларусь, ніякія рацыянальныя аргумэнты ня могуць прымусіць адыйсьці ад іх веры.

Прагнозы, збудаваныя на гэтай веры, забясьпечваюць інтэлектуальны і маральны камфорт. Калі сапраўды страхі спраўдзяцца, ну дык значыць была рацыя, вось яно, пачварнае аблічча імпэрыялізму. Ну а калі не, дык значыць проста гэтым разам пранесла, і нават не пранесла, а менавіта мы нашымі папярэджаньнямі пагрозу прадухілілі.
Як у старым анэкдоце: ідзе чалавек, скажам, па Менску, пляскаючы ў ладкі. Ты чаго? – яго пытаюць. Я кракадзілаў разганяю – у адказ. Дык іх жа няма. Іх менавіта таму і няма, што я іх разганяю.

Паколькі, і гэта варта прызнаць, у нашым выпадку кракадзілы тэарэтычнай магчымасьці калі-небудзь і як-небудзь прыпаўзьці ў Менск для сябе ўсё ж не выключаюць, то такое плясканьне ў ладкі выглядае заняткам асэнсаваным і да таго ж патрыятычным.

Але зусім ня выключана, што новы раўнд заляцаньняў да Эўропы сапраўды зьвязаны з Расеяй, але мае прычыны цалкам адваротныя – страх, а тое і ўпэўненасьць, што пасьля 2 сакавіка Мядзьведзеў ці Мядзьведзепуцін (што можа быць зусім іншай істотай, чым звычайны Пуцін да 2 сакавіка) скажа дарагому саюзьніку: “Сьнежаньскія падарункі на разьвітаньне ад Пуціна – гэта вашае, Расея – шчодрая душа, але цяпер – ніякіх аб’яднаньняў, ніякіх бартэраў у абмен на пацалункі, поўная, так бы мовіць, манэтызацыя двухбаковых адносінаў, бабло побеждает зло”.

Хіба гэта ня большая пагроза для беларускай улады, чым інтэграцыйныя страшылкі? Да таго ж у Менску ня могуць не выклікаць занепакоенасьці рухі цела крамлёўскага кандыдата ў накірунку паляпшэньня адносінаў Расеі з Захадам. Рухі гэтыя няпэўныя, яны суправаджаюцца словамі і справамі адваротнага накірунку. Аднак, а раптам уцарэньне Мядзьведзева будзе азначаць новы “мядовы месяц” паміж Масквой і Брусэлем, сярод радасьцяў якога можа быць і супольны праект адносна Беларусі? Малаімаверна? Можа і так, але Лукашэнка – не стваральнік блогавых “крэатіффаў”, які напіша: з аднаго боку так, з другога гэдак, можа адбыцца тое, а можа гэтае, і тым заслужыць павагу чытачоў за сваю разважлівасьць. Ён павінен ацаніць рызыкі і на падставе ацэнкі прыняць рашэньне. І заплаціць вялікую цану, калі ацэнка і рашэньне будуць няправільнымі.

Прычым у дадзеным выпадку няпэўнасьць сытуацыі палягае не ў дэфіцыце інфармацыі, а мае сутнасны характар. Як яно будзе, ня ведаюць ня толькі ў Менску ці эўрапейскіх сталіцах, гэтага ня ведаюць і Пуцін з Мядзьведзевым, гэта невядома ў прынцыпе. І гэтая няпэўнасьць – самы небясьпечны кракадзіл.

У бізнэсе ёсьць такая форма зьдзелак – фьючарсны кантракт, калі адзін удзельнік дамаўляецца прадаць іншаму праз канкрэтна вызначаны час тавар па фіксаванай, вызначанай сёньня цане. Калі рынкавая цана на момант рэалізацыі кантракту упадзе ніжэй за цану фьючарсу – гэта будзе нявыгадна пакупніку, ён на момант выкананьня кантракту мог бы набыць тавар таньней. Калі цана скокне вышэй за фьючарсную – прайграе прадавец, бо ён вымушаны будзе прадаць тавар па цане ніжэй за рынкавую. Але калі рынак нестабільны, калі цэны танчаць і ніхто ня ведае, якімі яны будуць праз пэўны час, фьючарс – выдатны сродак застрахавацца ад няпэўнасьці, ад вялікіх нечаканых скачкоў, загадзя абмежаваць магчымыя страты.

Вось палітычны бізнэсовец Лукашэнка і сьпяшаецца заключыць палітычны фьючарсны кантракт з Эўропай. Але і Эўропа цяпер, як ніколі (прычым, як ніколі раней і, магчыма, як ніколі потым) можа быць зацікаўленая ў такой зьдзелцы. Зразумела, вагу і значэньне для навакольнага сьвету нашай “сінявокай” ніколі ня трэба перабольшваць, але пэўнае значэньне яна безумоўна мае, а матыў – той самы, няпэўнасьць. І хутчэй за ўсё, калі мінімальная цана, вызначаная летась, будзе Менскам усё ж заплачаная, з боку Захаду (і ЭЗ і ЗША) будзе зроблены адпаведны дазаваны крок насустрэч.

Але ж рэжым захаваецца – скажа абураны чытач. Ну, пэўна так. Але, насуперак упэўненасьці многіх, урады заходніх краінаў не зьяўляюцца ані ўсемагутным Госпадам Богам, які можа краіць сьвет паводле сваёй волі, ані правабарончымі арганізацыямі – апроч абароны правоў чалавека ў замежных краінах у гэтых урадаў ёсьць і іншыя, больш дробязныя, але чамусьці важныя для іх мэты і задачы.